Главная » Новости » Лента новостей

Для каго ў КСУП “Міхалішкі” жніво – сямейная справа

172

Хлебаробы раёна трымаюць руку на пульсе жніва. Хоць гаспадаркі Астравеччыны па-рознаму аснашчаны хлебаўборачнай тэхнікай, у іх адрозныя жніўныя плошчы – тым не менш, усе КСУПы дэманструюць добрыя тэмпы ўборкі. У сярэднім за дзень у раёне абмалочваецца амаль 700 гектараў, ці 4%. 

На 15 жніўня на трэцім месцы ў жніўным табелі рангаў замацаваўся КСУП «Міхалішкі», прапусціўшы наперад толькі штогадовых лідараў жніва – КСУП «Гудагай» і «Гервяты». Карэспандэнт пабываў у гаспадарцы, каб даведацца пра здабыткі і праблемы міхалішкаўскага жніва. 

Пад збожжавыя і зернебабовыя, без уліку кукурузы, грэчкі і проса, у «Міхалішках» сёлета адвялі 2 270 гектараў. Напачатку гэтага тыдня 60% жніўных плошчаў у гаспадарцы абмалацілі, на патрэбы жывёлагадоўлі і рэалізацыю дзяржаве ўжо ёсць звыш 4 тысяч тон збожжа. 

– Гэтае жніво для мяне пятае. Пасля Навагрудскага аграрнага каледжа накіравалі на Астравеччыну ў КСУП «Міхалішкі». Не ўтойваю: напачатку было складана. Трэба было пазнаёміцца з людзьмі, добра вывучыць землі – за дапамогу і слушныя парады ўдзячны старэйшым калегам. Думалася, што затрымаюся ў «Міхалішках» ненадоўга, – з усмешкай узгадвае першыя крокі ў прафесію галоўны аграном Алег Кавалевіч. – З часам уцягнуўся і канчаткова ўпэўніўся, што агранамія – маё.

Пацікавілася ў галоўнага тэхнолага міха­лішкаўскіх і страчанскіх ніў, што сёлета на жніве яго радуе, а што, наадварот, засмучае. 

– Добра ўрадзілі збожжавыя, якія на круг даюць на 10 цэнтнераў больш, чым летась. Найлепш з культур сыплецца азімая пшаніца – яе ўраджайнасць дасягае 33 цэнтнераў з гектара. Рапс урадзіў дрэнна, – расчаравана адзначыў галоўны аграном. – Ураджай у нас убіраюць 8 камбайнаў, адзін з якіх новы КЗС-1218 вытворчасці «Гомсельмаш». У залежнасці ад дзённых задач і фронту работ «разбіваем» іх на некалькі звёнаў. На адвозе задзейнічана свая тэхніка і памагатыя з жыллёва-камунальнай гаспадаркі і ваеннай часці.

У КСУП «Міхалішкі» жніво – сямейная справа для многіх працаўнікоў. 

Не першы сезон на камбайне «Палессе» працуе Іван Юшчык, чый партрэт летась быў занесены на раённую Дошку гонару. 

– Для мяне гэта 19-ты сезон. З тыдзень стаяў на рамонце, таму няшмат намалаціў. Штогод па тысячы тон маю, толькі адзін сезон на гэтым камбайне недабраў – не хапіла плошчаў,  –  расказаў механізатар. 

Бацька малоціць, а сын збожжа возіць. Юрый Юшчык працуе ў Астравецкай ЖКГ і штолета ад сваёй арганізацыі дапамагае землякам на адвозе збожжа.
Больш таго, з 9-га класа некалькі сезонаў ён з бацькам убіраў ураджай. 

Камбайнер Валерый Дэнюш сёлета ўпраў­ляецца без памочніка. Некалькі гадоў назад яму дапамагаў сын, але цяпер Антону хапае іншых спраў – пасля заканчэння Навагрудскага аграрнага каледжа малады чалавек працуе ў КСУП «Міхалішкі» аграномам-аграхімікам. 

У гаспадарцы ўжо склалася традыцыя: убіраць  мясцовым аграрыям саспелы ўра­джай дапамагаюць працаўнікі лясніцт­ва. Ча­тырнаццаты сезон запар Аляксандр Су­бат­­кевіч летам перасаджваецца з леса­нарыхтоўчай трылёвачнай машыны ў камбайн. Сёлета з сынам Дзмітрыем яны ўжо запі­салі на свой рахунак звыш 600 тон. 

…Пакуль адны абмалочваюць нівы і возяць збожжа, другія рыхтуюць глебу пад азімыя. А зрабіць гэта трэба своечасова, каб у наступным годзе было што ўбіраць.


Галоўны аграном КСУП «Міхалішкі» Алег Кавалевіч

Іван Юшчык, камбайнер


Валерый Дэнюш шмат сезонаў убірае збожжа «Джон-Дзірам»

Юрый Юшчык, вадзіцель

Аляксандр Субаткевіч, камбайнер 
Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич
По материалам "Островецкая правда"

Читайте также: