Главная » Новости » Лента новостей

Девиз бухгалтера КСУП «Луки-Агро» Юлии Граб — сохранять оптимизм и идти вперед

104

Бухгалтар КСУП “Лукі-Агра” Юлія Граб лічыць сябе па-сапраўднаму шчаслівай. На працы яе ведаюць і паважаюць як адказнага і няўрымслівага спецыяліста, дома любяць як добрую жонку і клапатлівую матулю. Сама жанчына займае актыўную жыццёвую пазіцыю — прымае ўдзел у многіх мерапрыемствах і святах, якія праводзяцца ў раёне, і сама арганізуе іх для супрацоўнікаў прадпрыемства.

Юлія нарадзілася ў Мінску. Калі дзяўчынцы было 5 гадоў, бацькі пераехалі на Карэліччыну. Дзяўчына скончыла Лукскую сярэднюю школу і, адвучыўшыся, стала працаваць у роднай гаспадарцы бухгалтарам па налічэнні заработнай платы.

— Сваю прафесію не лічу сумнай, — прызнаецца Юлія Генадзьеўна. — Яна мне падабаецца, бо не дазваляе сядзець на адным месцы, неабходна скрупулёзна разбірацца ў дэталях. У дадатак, я з’яўляюся старшынёй прафсаюзнага камітэта нашай гаспадаркі, таму сумаваць няма калі.

Дома жанчына не сядзіць склаўшы рукі. Летам катаецца са сваімі дзецьмі на роварах, зімой наведваюць каток. Вечарамі Юлія гуляе ў валейбол:

— Мне самой заўжды цікава не сядзець на месцы, нечым займацца. Я стараюся прыдумаць для сям’і што-небудзь захапляльнае, мы ездзім у аквапаркі, наведваем тэатры, ходзім у кіно. Гэтую ж актыўнасць стараюся перанесці і ў калектыў. Да таго ж, побач знаходзяцца неабыякавыя людзі, і мы разам прыдумваем нешта цікавае.

Нядаўна Юлія арганізавала разам з былым намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце Міхаілам Алексіевічам паездку па Залатым кальцы Расіі, якая вельмі спадабалася работнікам гаспадаркі:

— Для мяне галоўнае, што людзі засталіся задаволенымі. Яны падыходзілі да мяне са словамі падзякі, пыталіся, што плануецца ў далейшым. Значыць, нашы намаганні прыносяць карысць.

Галоўным дасягненнем жанчына лічыць тое, што змагла атрымаць адукацыю і стварыць сям’ю.

— Я маю тое, аб чым многія людзі ў маім узросце толькі мараць. У мяне добрая праца, сям’я, якую я вельмі люблю, дзве цудоўныя дачушкі. Старэйшай ужо 16, і я стараюся быць для яе не проста добрай матуляй, але і сяброўкай, якой яна давярае. На працы таксама ўсё складваецца. Мне прыемна, што калегі добра да мяне адносяцца, цэняць маю работу. Увогуле, тут працуюць людзі, якіх прыемна бачыць. Калі я іду ў водпуск, не магу доўга сядзець дома. Праз тыдзень адпачынку зноў цягне сюды, да гэтых людзей.

Любоў і павагу да людзей жанчына імкнецца выхаваць у сваіх дочках:

— Я хачу, каб дзяўчаткі выраслі годнымі людзьмі, паважалі іншых і былі мэтанакіраванымі, каб не спыняліся перад перашкодамі, ішлі да сваёй мэты, не зважаючы ні на што.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара

По материалам газеты "Полымя"

Читайте также: