Главная » Новости » Лента новостей

Цёплая сустрэча сярод зімы

16

На Дзятлаўшчыне прадаўжаюцца мерапрыемствы прафсаюзнай акцыі “Наш жывёлавод”, закліканай адзначыць працу работнікаў жывёлагадоўчай галіны АПК. Чарговая сустрэча-шанаванне прайшла ў КСУП “Хвінявічы”.

З прыемнай місіяй калектыў сельгаспрадпрыемства наведалі старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак і спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Таццяна Ярмаш.

Уладзімір Фёдаравіч падзякаваў работнікам галіны за штодзённую карпатлівую працу, адказнае стаўленне да сваіх абавязкаў, якое прыводзіць да высокіх вынікаў:

– Жывёлагадоўля – важны ўчастак работы, ад якога залежыць фінансавая стабільнасць усёй сельскагаспадарчай сферы. Дзякуй за вашу няпростую працу ва ўскладненых зімовых умовах. Жадаю дабрабыту, выніковай работы, павышэння вытворчых паказчыкаў і, адпаведна, заработнай платы. Моцнага здароўя і шчасця вам і вашым родным.

Прафсаюзны лідар уручыў грашовыя сертыфікаты работнікам сельгаспрадпрыемства, якія вызначыліся высокімі вынікамі работы, – брыгадзіру вытворчай брыгады ў жывёлагадоўлі Наталлі Калугінай, жывёлаводу Галіне Быстровай, аператарам машыннага даення Іне Сіманенка, Наталлі Клюкач, ветэрынарнаму фельчару Аляксандру Бельскаму.

Да словаў віншавання далучыўся намеснік дырэктара КСУП “Хвінявічы” Іван Ступчык:

– Дзякуй вам за сумленнасць і адказнасць, за тое, што не зважаючы на надвор’е, дзень тыдня, уласныя клопаты і праблемы, вы круглы год паднімаецеся раней за ўсіх, каб прыйсці на работу і працуеце тут дапазна. Жывёлагадоўля – аснова дабрабыту нашага прадпрыемства і раёна ў цэлым, і развіваецца яна пры вашым непасрэдным удзеле. Жадаю, каб вашы поспехі памнажаліся, праца аплачвалася дастойна, у сем’ях панавалі мір і дастатак.

Кіраўнік прафсаюзнага камітэта КСУП “Хвінявічы” Вольга Максімава запрасіла жывёлаводаў сельгаспрадпрыемства прыняць удзел у чаяванні, падрыхтаваным адміністрацыяй прадпрыемства.

Уладзімір Казак адзначыў, што мэта такіх мерапрыемстваў – не толькі ўзнагародзіць па заслугах работнікаў жывёлагадоўлі, але і пагутарыць, выслухаць праблемы і пажаданні. Ужо пасля выхадных ў межах акцыі “Наш жывёлавод” адбудзецца сустрэча ў КСУП “Жукоўшчына”.

Наталля АВЯРЧУК

Читайте также: