Ці будзем сёлета з хлебам? Меркаваннем дзеляцца працаўнікі КСУП “Гервяты”
Да прыродных анамалій вяскоўцам не прывыкаць: надвор'е не першы год падкідвае сюрпрызы. Летась частку азімых давялося перасяваць вясной, потым яравыя вымаклі… Хоць прагнозы на ўраджай гэтага года пакуль рана рабіць, але пасевы нядрэнныя. Актыўна аграрыі праводзяць пасяўную кампанію.
Хутчэй за ўсіх да фінішу сяўбы ранніх збожжавых і зернебабовых набліжаюцца хлебаробы КСУП «Гервяты»: на раніцу чацвярга яны засеялі 91% ад запланаванага. Карэспандэнт пагутарыў з занятымі на вясенне-палявых работах механізатарамі.
На працягу апошніх двух-трох гадоў у гаспадарцы аддаюць перавагу азімай сяўбе збожжавых. Для параўнання: з восені пасеяна амаль 3 тысячы гектараў, вясной «гервятцы» плануюць прыкрыць у глебу насенне на плошчы 1 090 гектараў. Такая дальнабачнасць, па вялікім рахунку, у рэшце павінна апраўдаць сябе: па-першае, азімыя больш ураджайныя за яравыя, па-другое, акрамя збожжа, вясной трэба сеяць цукровыя буракі, кукурузу, садзіць бульбу – агулам «асвоіць» звыш 3 300 гектараў.
– Пазалетась упершыню ў гісторыі гаспадаркі пасеялі амаль 3 тысячы азімых збожжавых. У поўных аб’ёмах і ў патрэбныя тэрміны правялі неабходныя агратэхнічныя работы. Не хаваю, што ўскладаў вялікія спадзяванні на ўраджай. Але празмерна снежная зіма зрабіла сваю справу: загінула амаль 500 гектараў – у асноўным трыцікале польскай селекцыі. Давялося перасяваць. Сёлета набылі айчыннае насенне – каля 80% ад патрэбнага, – па дарозе на поле расказаў галоўны аграном КСУП «Гервяты» Аляксандр Кавалька. – У гэтым годзе азімыя лепш выглядаюць. З дня на дзень думалі сеяць цукровыя буракі – перачакаем, холадна яшчэ.
Па словах галоўнага тэхнолага гервяцкіх палёў, структура яравых збожжавых засталася на ўзроўні мінулага года:
155 гектараў зойме авёс,
860 – ячмень,
75 – зернебабовыя.
Іх сяўбу даверылі вопытным і адказным механізатарам. Намаганнямі 2 сучасных пасяўных комплексаў і СПУшкі ў сярэднім за дзень сяўба збожжавых ажыццяўляецца больш чым на 100 гектарах.
На энерганасычаным трактары «Беларус» у счэпцы з камбінаваным пасяўным комплексам аўстрыйскай вытворчасці «Поцінгер» трэці год у полі шчыруе Рымантас Трапшыс.
– Сею ячмень. За дзень у сярэднім, калі няма пераездаў і не чакаем, пакуль глеба «адпусціцца» пасля начных прымаразкаў, прыгортваю насенне на 40 гектарах. Сёлетняя пасяўная для мяне дванаццатая. Раней працаваў на комплексе АПП-М6, – расказаў сейбіт. – Усім забяспечаны: абед прывозяць у поле, насенне ёсць, паліва хапае – не стае толькі цеплыні і дажджу.
Меркаванне калегі падзяляе і бадай што cамы вопытны сейбіт гаспадаркі Эдуард Мілейша. Больш за 20 гадоў мужчына прыгортвае насенне ў глебу.
Не толькі прафесійнае майстэрства выдзяляе Эдуарда Мар’янавіча сярод іншых, але і працавітасць, шчырасць. Двойчы партрэт мужчыны заносілі на раённую Дошку гонару, а ў 2016 годзе ў складзе астравецкай дэлегацыі ён прадстаўляў наш край на V Усебеларускім народным сходзе.
– На «Джон-Дзіры», абсталяваным прычапным глебаапрацоўчым і пасяўным агрэгатам «Амазонія», сею авёс, – расказвае Эдуард Мілейша. – Хоць на ўзлесках глеба падмерзлая і дзе-нідзе нават снег ляжыць, вільгаці не хапае катастрафічна – самі бачылі, як пыліць.
Цікаўлюся ў сейбіта, ці будзем у гэтым годзе з хлебам.
– А калі не былі? – адказаў механізатар і паспяшаўся да свайго пасяўнога комплексу.
У апошнія гады ў гаспадарцы менавіта на крыжакветкавы робяць стаўку.
Летась пад рапс адвялі 765 гектараў, сёлета – 900.
З дня на дзень адкрыюць цэх па перапрацоўцы рапсавага насення. Алей «гервятцы» плануюць прадаваць, а вось бялковы жмых пойдзе на патрэбы грамадскага статка, што дазволіць сэканоміць на набыцці гэтага віда корму.
Пры планаванні аптымальнай структуры пасяўных плошчаў у гаспадарцы адштурхоўваюцца ў першую чаргу ад патрэб жывёлагадоўлі – у зімне-стойлавы перыяд трэба накарміць звыш 10 тысяч галоў.
– Набыць канцэнтраты, якіх не хапае, не праблема. Іншае пытанне – якасны сілас. Таму вырошчванню кукурузы мы надаём вялікую ўвагу, – працягвае галоўны аграном. – Пад каралеву палёў адвядзём чвэрць раённых «кукурузных» плошчаў – 1 520 гектараў, з якіх на трохсот яна будзе вырошчвацца не зерне. Для гэтых мэт набылі 2 агрэгаты дакладнага высеву «Кенза», ёсць 2 фірмы «Плантэр». Акрамя гэтага, давядзецца пасеяць 540 гектараў цукровых буракоў, пасадзіць 40 гектараў бульбы… Наша гаспадарка распрасціраецца ад малочна-таварнай фермы «Газа» да Солаў: ляснымі і палявымі дарогамі ў даўжыню атрымліваецца каля 60-ці кіламетраў. Радуе, што кожны лапік глебы апрацаваны нашымі людзьмі і тэхнікай… Таму не перажывайце: хлеб будзе – і да хлеба таксама! – аптымістычна сказаў на развітанне галоўны гервяцкі аграном.
…Пакуль адны сеюць, другія падсяваюць шматгадовыя травы, трэція закрываюць вільгаць у глебе, чацвёртыя падкормліваюць пасевы, пятыя збіраюць камяні… Вясенне-палявыя работы ў КСУП «Гервяты» актыўна вядуцца адразу па некалькіх франтах.
Р.S. На наступны дзень пасля наведвання КСУП «Гервяты» Астравеччыну накрыў мокры снег. Як перанясуць сюрпрызы надвор’я азімыя і нядаўна прыкрытае ў глебу насенне, пракаменціраваў загадчык сектара раслінаводства ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Міхаіл Шлыковіч:
– Выпадкі, калі снег ідзе ў красавіку, для сённяшніх рэалій – не рэдкасць, варта прыгадаць мінулы год. Галоўнае, каб не было значнага паніжэння тэмпературы, тады расліны без асаблівых праблем справяцца са стрэсам. Што тычыцца снегу, то ён дадаў вільгаці, якой не хапае ў глебе.
Не першы сезон культывацыяй глебы займаецца Валерый Герасім: за змену апрацоўвае 50-60 гектараў
Апрацаваны і падрыхтаваны да сяўбы авёс прывозіць Анатоль Койра
З ранняй вясны да позняй восені на самаходным апрысквальніку “Раптар” працуе Віталіюс Гудойціс
Дзмітрый Янковіч за дзень падсявае люцэрну на 30-35 гектарах
Шмат гадоў на поле падвозіць карбамідна-аміячную сумесь Віктар Мажэйка
Па матэрыялах"Астравецкая праўда"