Главная » Новости » Лента новостей

Чым здзіўлялі гасцей на падворках гаспадарак раёна ў Дзень Незалежнасці

440


Хлебасольна, песенна і прыгожа віталі на падворках гаспадаркі раёна шаноўных гасцей на чале са старшынёй райвыканкама Сяргеем Мядзвецкасам і старшынёй раённага Савета дэпутатаў Генадзем Бычко.

Забягаючы наперад, зазначу, што ўсе КСУПы і саўгас старанна падрыхтаваліся да свята. Прыгожа аформленыя тэматычныя зоны, бульбачка новага ўраджаю і саспелыя каласы, кампазіцыі з кветак – па ўсім бачна было, што падворкі належаць дбайным і працавітым гаспадарам. А “варнянцы” і саўгасаўцы ў Астравец з сабой прывезлі сапраўдных цялят – паглядзець на гэтых малышоў падыходзіла шмат цікаўных.

Гасцей на падворках сустракалі не толькі кіраўнікі гаспадарак, але і старшыні мясцовых сельскіх Саветаў.

Пявунні з КСУП “Міхалішкі” жадалі, “каб на свяце панавалі мір і супакой”. Гаспадыні прапанавалі гасцям адказаць на пытанні па гісторыі роднай Астравеччыны і Беларусі. Напрыклад, дзе ў нашым раёне знаходзіцца адзіны развадны мост, хто напісаў словы і музыку да гімна краіны. За правільны адказ уручалі сэрцайкі, якія з’яўляліся пропускам на бясплатную вячэру ў кафэ “Вілія”.

На падворку КСУП “Гудагай” камісія паслухала вершы ў выкананні старшыні Гудагайскага сельскага Савета Уладзіміра Барысевіча і саспявала ўсенародна любімую кожным беларусам “Кацюшу”.

“Мы беларусы – мірныя людзі” – гэтым радком гімна прывітаў гасцей дырэктар РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі” Дзяніс Кірпа.  Старшыня райвыканкама і яго намеснікі пазнаёміліся з маладой і дружнай камандай гэтай гаспадаркі, а таксама паслухалі песні ў выкананні непараўнальнай “Кемяліны”. На памяць гасцям уручылі салодкія грыбы, якія, відаць, выраслі ў рытанскіх лясах.

Дзяўчаты з КСУП “Гервяты” расказалі гісторыю развіцця гаспадаркі. Мяняліся назвы, кіраўнікі, адбываліся ўзбуйненні, але па-ранейшаму самы вялікі скарб прадпрыемства – людзі. Не забываюць у КСУПе і пра сваіх ветэранаў: на свята запрасілі былога старшыню калгаса імя Калініна (Дайлідкі) Віктара Ярмака і заатэхніка калгаса “Радзіма” Алену Каркоцкую.

Прымасціўшыся на лавачцы, сядзелі хлопчык з дзяўчынкай – падрастаючая змена аграрыяў!

Што хлеб – усяму галава, не па чутках ведаюць у Гервятах. Гасцям паказалі экспазіцыі “Ад зярнятка да бохана” і чая даўгалецця Рымдзюнскага клуба-бібліятэкі, а таксама прапанавалі прадэгуставаць хлеб хатняй выпечкі. Дарэчы прыйшліся і тменны квас, і знакамітая гервяцкая тушонка.

Гаспадыні не адпусцілі гасцей з падворка без падарункаў.

 

 

Тэматычна да Дня Незалежнасці і 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў быў аформлены падворак КСУП “Варняны”. Ваенныя палатка і аўтамабіль, палявая кухня, каска і чырвоныя гваздзікі – сімвал удзячнасці за здабыты мір – экстэр’ер прадумалі да дробязяў.

 

…Усюды гасцей шчыра віталі, песні спявалі і смачна частавалі!  









Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич
По материалам газеты "Астравецкая праўда"

Читайте также: