Чым займаюцца ў полі механізатары КСУП “Варняны”

Яшчэ некалькі гадоў назад ворыўныя землі ў КСУП «Варняны» былі самымі вялікімі ў раёне, але па аб’ектыўных прычынах плошчы зменшыліся – гэта дазволіла гаспадарцы своечасова і ў поўных аб’ёмах праводзіць большасць агратэхнічных мерапрыемстваў. Мяркуючы па раённай зводцы, «варнянскія» механізатары дэманструюць добры тэмп на сяўбе яравых – наперад яны прапусцілі толькі штогадовых лідараў з КСУП «Гудагай» і «Гервяты».
На якіх вясенне-палявых работах занятыя аграрыі КСУП «Варняны», даведаўся карэспандэнт «раёнкі».
Галоўны аграном КСУП «Варняны» Рыгор Яромін лічыць: лепш менш пасеяць і больш дбайна даглядзець, каб атрымаць ураджай.
Яравы клін складае 2 711 гектараў. Да слова, хлебаробы гэтай гаспадаркі пасеялі звыш 1 200 ранніх збожжавых культур: 250 гектараў аўса, амаль 700 – ячменю, 200 – пшаніцы і 70 – зернебабовых. Акрамя гэтага, адвядуць 200 гектараў пад цукровыя буракі, 1 000 – пад кукурузу, 186 – пад аднагадовыя травы, 90 – пад грэчку.
– Размеркаванне структуры пасяўных плошчаў залежыць ад некалькіх фактараў: дзяржзаказу на збожжа, патрэб жывёлагадоўлі, – па дарозе на поле расказаў галоўны аграном. – У параўнанні з мінулым годам змяненні ёсць: на 80 гектараў паменшалі плошчы пад цукровымі буракамі, кукуруза засталася на ўзроўні, пасеялі менш ячменю і больш аўса.
Некалькі гадоў назад частка варнянскіх зямель была перададзена ў арэнду КСУП «Гудагай» і «Гервяты», яшчэ некалькі дзясяткаў гектараў у карыстанне ўзяло прыватнае прадпрыемства «Белагразобр».
– Сёлета землі арандаваў Слуцкі цукроварафінадны завод. Усе агратэхнічныя аперацыі, пачынаючы ад заворвання глебы і заканчваючы ўборкай цукровых буракоў, яны робяць самі і на сваёй тэхніцы, – патлумачыў галоўны тэхнолаг варнянскіх палёў.
«Варнянцы» таксама прыгортваюць у глебу насенне цукровікаў: на канец мінулага тыдня было пасеяна каля 150 гектараў.
Калі збожжа можна сеяць і камбінаванымі пасяўнымі агрэгатамі, і невялікі СПУшкамі, то для сяўбы буракоў і кукурузы лепш выкарыстоўваць спецыяльную тэхніку – сеялкі дакладнага высеву. Гэта і эканоміць насенны матэрыял, і забяспечвае амаль што ідэальную раскладку «бубак». Для гэтых мэт «варнянцы» ўзялі ў арэнду падобную сеялку ў суседзяў – КСУП «Кракоўка» Ашмянскага раёна.
– Сёлета ўпершыню набылі спецыяльнае насенне цукровых буракоў, якія вырошчваюцца па тэхналогіі «канвіза». Па рэгламеце пасевы цукровікаў варта апрацоўваць тры разы, а па гэтым метадзе – хапае двух, што эканоміць сродкі, час, паліва, – патлумачыў Рыгор Яромін.
Непадалёк ад вёскі Нідзяны насенне буракоў у глебу прыгортваў Станіслаў Янкун. Пацікавілася ў механізатара, як сябе зарэкамендавала ў рабоце сеялка.
– Нармальна, буракі высяваюцца, як таго і патрабуе тэхналогія, у 11 радкоў. Праўда, пад узлескам не ўлезці – мокрая глеба. Варта яшчэ раз пусціць культыватар, – звяртаючыся да агранома, параіў сейбіт.
Дарэчы сказаць, на другім канцы гэтага поля, якое раскінулася на 70-ці гектарах, вільгаць у глебе закрываў Казімір Масойць. Справу гэтую мужчына ведае як свае пяць пальцаў. Пацвярджэнне гэтаму – пазалеташняя перамога механізатара ў намінацыі «Культывацыя» ў раённым спаборніцтве, якое штогод ладзіць на вясенне-палявых работах райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.
Паралельна з сяўбой буракоў у гаспадарцы працягваюць рыхтаваць глебу. Непадалёк ад атамнай электрастанцыі з плугамі па полі «хадзіў» Уладзімір Мятлеўскі. Па прызнанні мужчыны, спрабаваў ён сябе ў якасці дальнабойшчыка – але не зраслося: сельскагаспадарчая тэхніка больш па душы за вялікагруз.
– Я варнянскі. У вёсцы вырас і найлепш тут пачуваюся, звыклы да працы, – сказаў араты. – Дзень на дзень не даводзіцца, заворваю пад 25 гектараў глебы.
На дзіва, механізатар нават згадзіўся сфатаграфавацца – да гэтага ніколі не згаджаўся, маўляў, навошта марнаваць час, калі работа стаіць. Што Уладзімір Мятлеўскі з кагорты працавітых і, я б сказала, заядлых механізатараў, сведчыць той факт, што падчас раённага конкурсу прафесійнага майстэрства аратых свайго жалезнага каня мужчына не спыняў да самай раніцы наступнага дня. Аратага тады адзначылі ў намінацыі «За волю да перамогі».
Зусім у іншым канцы гаспадаркі, за вёскай Мацкелы, Валерый Дзенюш сеяў сумесь траў на энерганасычаным трактары «Беларус» у счэпцы з пасяўным агрэгатам АПП-6. Пацікавілася ў механізатара, насенне якой культуры найлягчэй прыгортваць у глебу.
– Авёс лягчэйшы. Найцяжэй сеяць гарох, – патлумачыў хлебароб, пакуль у сеялку аўтаматызавана засыпалася насенне. – На сяўбе не першы год, сама больш за змену засяваў 44 гектары.
…Работы ў КСУП «Варняны» ў меру магчымасцей вядуцца па ўсіх франтах. З палівам, па словах механізатараў, праблем няма, а вось тэхніка час ад часу падводзіць…
Свае камэнтары дала нам старшыня прафсаюзу Лісоўская Тацяна:
- Праца ў полі гэта сапраўды вельмі цяжкая праца. Мы шануем нашы "палявыя" кадры.
Многія з іх працуюць ужо больш за 30 гадоў. Па магчымасці прадпрыемства абнаўляе
тэхніку. Сумесна з наймальнікам сочым за аховай працы. На пасяўной кампаніі людзі
знаходзяцца часта круглы дзень. І самае галоўнае гэта забяспечыць камфортныя ўмовы
для працы: гарачае харчаванне, месцы адпачынку, зручнае спецадзенне.
Па матэрыялах "Астравецкая праўда"