Главная » Новости » Лента новостей

Чым займаўся ў мінулым годзе Астравецкi райкам прафсаюза работнікаў АПК

753

 На ахове правоў працаўнікоў вёскі не першы год стаіць райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.

Якім гэты год выдаўся для прафсаюза аграрнікаў, расказаў яго старшыня Юрый Адула.

– Юрый Аляксандравіч, напярэдадні новага года звычайна падводзяць вынікі папярэдняга. Узгадайце, якія задачы ставілі на 2018-ты: што атрымалася зрабіць і што не выйшла?

– Асноўная задача прафсаюза – адстойванне правоў і інтарэсаў яго членаў. У першую чаргу гэта кантроль за своечасовай выплатай заработнай платы і выкананнем наймальнікам мінімальных гарантый, устаноўленых законам для працаўнікоў.

Рост даверу прафсаюзу з боку работнікаў расце. Напрыклад, з 2015 па 2018 год створана 4 пярвічныя арганізацыі, заключана 12 калектыўных дагавораў. Калі параўнаць вынікі леташняга і сёлетняга маніторынгаў, то сітуацыя па ўнясенні нормаў генеральнага і тарыфнага пагадненняў у калектыўныя дагаворы арганізацый аграпрамысловага комплексу значна палепшылася.

Адна з галоўных задач прафсаюза на бліжэйшы час – аператыўнае рэагаванне на факты парушэння правоў і законных інтарэсаў членаў прафсаюза.

– А як з гэтай задачай спраўляліся на працягу 2018 года?

– Дапамогу ў вырашэнні працоўных адносін і сацыяльна-эканамічнага права за бягучы год атрымалі больш за 180 работнікаў. Наймальнік не заўсёды даплачваў да ўзроўню мінімальнай заработнай платы і за работу ў небяспечных умовах, начны і звышурочны час, выхадныя і святочныя дні. Нягледзячы на патрабаванні нашага прафсаюза палепшыць улік рабочага часу, у некаторых гаспадарках па-ранейшаму маюцца парушэнні.

– А яшчэ ў якіх накірунках вядзецца работа?

– Вялікую ўвагу наша прафсаюзная арганізацыя надае рабоце з моладдзю, правядзенню спартыўна-масавых мерапрыемстваў, акцый, многія з якіх ужо сталі традыцыйнымі. Так, падчас жніва прама ў полі ўзнагароджваем яго перадавікоў: камбайнераў, іх памочнікаў і вадзіцеляў, якія намалацілі і перавезлі тысячу тон збожжа, аператараў зернесушыльных установак, якія давялі да патрэбнай кандыцыі дзве тысячы тон збожжа, галоўнага агранома, у гаспадарцы якога першай у раёне была намалочана тысяча тон збожжа. Без увагі прафсаюза не застаюцца і корманарыхтоўшчыкі і сейбіты. Для правядзення галіновых спаборніцтваў сярод членаў прафсаюза на жніве, сяўбе і нарыхтоўцы кармоў сёлета было выдзелена 3 500 рублёў.

На працягу зімне-стойлавага перыяду штогод праводзім акцыю “Наш жывёлавод”: з падарункамі стараемся завітаць не толькі на буйныя малочна-таварныя комплексы, але і на невялікія фермы.

Акрамя гэтага, наш прафсаюз сумесна з “Астравецкай праўдай” высвятлялі, чым кормяць хлебаробаў на сяўбе, ці ведаюць камбайнеры нюансы аплаты іх працы і іншыя пытанні.

У гэтым годзе Ганаровыя граматы і Падзячныя пісьмы райкама прафсаюза работнікаў АПК за дасягненні ў рабоце атрымалі звыш 200 працаўнікоў аграпрамысловага комплекса раёна.

По материалам районной газеты

Читайте также: