Главная » Новости » Лента новостей

ЧЫМ ПРЫВАБІЛІ КСУП “МІХАЛІШКІ” АРЫНУ ЯНОВІЧ

257

Першыя крокі ў прафесію – хвалюючыя і адказныя. Шчасціць, калі ў гэты час побач знаходзяцца прафе­сіяналы, якія дамагаюць справай, парадай, словам.  Другі год у КСУП «Міхалішкі» спасцігае прамудрасці прафесіі эканаміста Арына Яновіч. 
Дзяўчына родам з Астравеччыны, яе дзяцінства прайшло ў Альхоўцы. 

– Я адзінае дзіце ў сям’і. Бацькі, як і большасць жыхароў нашага пасёлка, працуюць на кардоннай фабрыцы, – расказвае дзяўчына. – Вучылася ў мясцовай сярэдняй школе, дзе ўсе прадметы выкладалі на роднай мове. Спачатку хацела стаць настаўнікам пачатковых класаў, потым – выкладаць беларускую мову і літаратуру. 

Але пасля 10-га дзяўчына вырашыла паступаць у адну са сталічных навучальных устаноў. 

– Спынілася на прафесіі бухгалтара – яна больш набліжаная да жыцця і прадугледжвае работу з лічбамі – а канкрэтыка мне заўсёды падабалася, – узгадвае дзяўчына. – У Мінскі дзяржаўны тэхналагічны каледж на абраную мной спецыяльнасць бюджэтных месцаў у год майго паступлення не было, таму амаль тры гады вучылася платна. 

Арына атрымала запаветны дыплом – і перад ёй паўстала пытанне: куды ўладкавацца на працу? Не сакрэт, што ўчарашніх студэнтаў, ды яшчэ і без вопыту, неахвотна бяруць на работу. 

– Хоць Мінск за час вучобы палюбіла, хацелася вярнуцца на радзіму – быць бліжэй да бацькоў. Даведалася, што ў КСУП «Міхалішкі» ёсць вакансія эканаміста, звярнулася да кіраўніцтва – і мяне ўзялі, – успамінае Арына Яновіч. – Працаваць пачала ў красавіку мінулага года. Напачатку было страшна, шмат чаго не ведала, але дзякуй калегам, што не адмаўлялі ў дапамозе, падказвалі. За гэты год упэўнілася, што вопыт работы ў сельскагаспадарчым прадпрыемстве дарагога каштуе: за кароткі тэрмін шмат чаму навучылася. Напрыклад, макет бізнес-плана на бягучы год давялося складаць мне – у КСУП «Міхалішкі» няма галоўнага эканаміста. Нездарма кажуць: у страха вялікія вочы – не сорамна чагосьці не ведаць, варта не баяцца пытаць, цікавіцца і такім чынам развівацца. 

Эканаміст Арына Яновіч дзеліць рабочы кабінет з другім маладым спецыялістам Валерыяй Навіцкай, якая ў КСУП «Міхалішкі» вядзе кадры. 

– Мы хутка знайшлі агульную мову, – працягвае дзяўчына. – Жыву з бацькамі ў Альхоўцы, штодзень на работу і назад дамоў адвозіць машына нашай гаспадаркі. Пакуль нічога ў жыцці мяняць не збіраюся, – з усмешкай на развітанне сказала малады эканаміст. 

Алёна Ганулич

Читайте также: