Час чорнага золата надышоў
У КСУП “Жукоўшчына” першымі ў раёне прыступілі да ўборкі азімага рапсу – стратэгічнай для беларусаў сельскагаспадарчай культуры, узгадаваць якую сёлета было вельмі няпроста.


На палетак каля вёскі Пецюкі выйшлі адразу два камбайны. За працэсам уважліва сочаць прадстаўнікі інжынернай службы прадпрыемства, прыехаў падтрымаць свой калектыў і дырэктар Мікалай Шых. Ён расказаў, як у гаспадарцы праходзіць уборачная кампанія.

– Убралі 130 га азімага ячменю. Цяпер належыць канвеерам убраць 209 гектараў азімага рапсу, прадстаўленага двума гатункамі беларускай селекцыі: “зеніт” больш ранні, ён ужо гатовы да ўборкі, “онікс” – больш позні, ён даспее праз тры-чатыры дні. Наперадзе – уборка каля 900 га збожжавых і зернебабовых культур: азімая і яравая пшаніца, азімыя жыта, трыцікале і гарох. На трох камбайнах будуць працаваць вопытныя кадры, і вынік будзе адпаведны. Абы надвор’е часцей радавала, – адзначыў ён.

Чацвёрты сезон на айчынным камбайне КЗВ-1218 працуе запрошаны спецыяліст, супрацоўнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Памбухчан.

– На рабоце ў пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 горада Дзятлава нясу баявое дзяжурства ратаўніком-пажарным. У выхадныя – дапамагаю хлебаробам “Жукоўшчыны” ўбіраць ураджай. Сёлета ўжо зжалі азімы ячмень, ураджайнасць добрая. Малоцім рапс, таксама павінен быць някепскі. Усім, хто ўдзельнічае ў жніве, жадаю добрага надвор’я і бадзёрасці духу, – заканчвае размову Уладзімір Алегавіч і хутка вяртаецца да сваёй справы, каб да дажджу паспець зрабіць як мага больш.

Наталля АВЯРЧУК








