Пра малочныя сакрэты
Не трэба быць дасведчаным у аграпрамысловасці, каб разумець, што будучыня вытворчасці сельгаспрадукцыі, асабліва жывёлагадоўлі, – за сучаснымі комплексамі і аграхолдынгамі. Усе ўмовы для атрымання якаснага малака там створаны – ад абсталявання да камп’ютарных праграм кіравання працэсам дойкі і адсочвання асноўных этапаў і маніпуляцый з каровай. У гэту парадыгму ніяк не ўпісваецца МТФ «Індрубка» – адзіная на Астравеччыне ферма, дзе амаль 100% атрыманага малака мае гатунак экстра.
З ходу пацікавілася ў Святланы Паршутовіч, у чым сакрэт.
– Давайце па парадку, – прапанавала суразмоўца. – Сакрэтаў няма. Якасць малака залежыць ад многіх складнікаў: селекцыйных характарыстык малочных рагуль, кармавой базы, умоў утрымання жывёлы, яе своечасовага лячэння, стану малочнага абсталявання, тэхналогіі даення, у тым ліку і апрацоўкі вымені… Можна доўга пералічваць. Але асноўнае – так званы чалавечы фактар. Неістотна ферма гэта ці комплекс, калі людзі разумеюць, што працуюць на агульны вынік, што ад сумленнага выканання абавязкаў кожнага залежыць праца ўсіх – тады будзе толк. У гэтым сэнсе мне пашанцавала: мы калектыў, каманда, нават больш – сям’я. Здараецца, што зрэдзьчасу некаторыя з мужчын «сваволяць» – але гэта ўсё рабочыя моманты.
Па словах загадчыка, шлях да якаснага малака распачаўся некалькі гадоў назад пасля аднаго з семінараў-вучобы, якія праводзіліся ў нашым раёне па ініцыятыве ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання. Тады спецыялісты ЗАТ «Консул» на базе МТК «Дайлідкі» КСУП «Гервяты» расказвалі пра тэхналогію атрымання малака гатунку экстра.
– Вырашылі тэорыю замацаваць на практыцы, у тым ліку і на нашай ферме. Галоўныя заатэхнік і ветэрынарны ўрач гаспадаркі Віктар Алёкса і Галіна Бабіч запрасілі ў «Індрубку» спецыялістаў, – працягвае Святлана Раманаўна. – Першае, што нам параілі, – палепшыць асвятленне ў кароўніках. Другое – замяніць вакуумны рэгулятар у малочным абсталяванні, таму што «скакаў» ціск. Падабралі сродкі для першаснай апрацоўкі вымені і пасля дойкі – і справа пайшла! У гэтым вялікая заслуга маіх дзяўчат. Калі малако «пераскочыла» з вышэйшага гатунку на экстра, зарплаты ў аператараў машыннага даення выраслі ўдвая. Таму даяркі стараюцца выконваць тэхналогію і своечасова выяўляць кароў з мастытам. Малайцы і іншыя работнікі.
Маё першае ўражанне пра лагоднасць і спагадлівасць загадчык аспрэчыла, тлумачачы: «хоць людзям трэба давяраць, але кантроль павінен быць».
– Сесці на шыю і ножкі звесіць – гэта не пра мяне. Пастаўленую задачу сама выканаю і з падначаленых не злезу, – Святлана Раманаўна ўсміхаецца.
Яшчэ, мяркуючы з вопыту гаспадыні індрубскай фермы, адна з галоўных умоў атрымання якаснага малака – допуск да агульнай дойкі выключна здаровых кароў. Гэта залатое правіла – закон для даярак мясцовай фермы.
– На працягу 10 дзён пасля ацёлу кароў у «агульны кацёл» не доім. Больш таго, кожную такую рагулю правяраем на мастыт: у планшэтку здойваем па струменьчыку малака з кожнага саска. Хворых адразу аддзяляем, – патлумачыла загадчык фермы. – На першы погляд усё проста, як кажуць, спрытнасць рук – і ніякага ашуканства. Але кожны кілаграм малака гатунку экстра – гэта старанная работа ўсяго калектыву.
Пра ферму
МТФ «Індрубка» – тыповая невялікая ферма, якая няшмат чым адрозніваецца ад астатніх. Цяпер тут утрымліваецца крыху больш за 190 дойных кароў, 9 нецеляў, каля 100 цялушак дарошчвання і 40 цялятак.
Кароў дояць 6 даярак, з якіх 4 – падменныя. Тры падвозчыкі, з якіх 2 летам кругласутачна пасвяць кароў, прыганяючы іх на ферму толькі на дойку, развозяць і ўручную раздаюць кармы. Для рагуль у «Індрубцы», як і на астатніх невялікіх «гудагайскіх» фермах, зімой прадугледжаны двухгадзінны праменад – яго перавагі складана пераацаніць: гэта аздараўленне канечнасцей, паляпшэнне імунітэту жывёлы і многае іншае. Некалькі гадоў назад зрабілі зацэментаваныя агароджаныя пляцоўкі для выгулу.
Падрыхтоўка да зімоўкі тут у параўнанні з мінулагоднімі сезонамі нічым асаблівым не вызначалася: жывёлагадоўчыя памяшканні «падмарафецілі» і прадэзынфіцыравалі. Дзе патрэбна было, адрамантавалі вокны і дзверы.
Кармы на ферме хоць і «прывазныя», але свае. У КСУП «Гудагай» ля МТФ «Дравянікі» цэнтралізавана робяць кормасумесь з усімі патрэбнымі складнікамі, а потым развозяць па фермах.
На пачатак снежня надой ад каровы склаў 5 865 кілаграмаў малака, што на 143 больш да аналагічнага перыяду 2021-га.
Пра загадчыка
Пасля заканчэння Гудагайскай васьмігодкі Святлана Паршутовіч (на галоўным фота ўверсе) паступіла на заатэхнічнае аддзяленне Ільянскага сельскагаспадарчага тэхнікума – тагачаснай «кузні» калгасных кадраў.
– Вытворчую практыку на апошніх курсах праходзіла ў родным калгасе «Шлях Леніна». Памятаю, тагачасны старшыня Мечыслаў Аляксандравіч Валуевіч зазначыў: «Дык цябе ўжо можна ставіць загадчыцай. Усё ведаеш і ўмееш». Нібыта ў ваду глядзеў. Пасля тэхнікума ў 1991 годзе мяне прызначылі начальнікам МТФ «Індрубка» – працую тут да гэтага часу.
…Бабуля дзяўчыны жыла ў Індрубцы, таму Святлана без ваганняў пераехала да яе.
– Пакуль жылі ўдваіх, карову трымалі. Перавязвалі па чарзе: завядзёнкі пасвіць гуртом, як у іншых вёсках, не было, – жанчына задумваецца. – Тады ў Індрубцы каля 30-ці рагуль было, цяпер – ніводнай. Раней трымалі гаспадарку, бо дзяцей трэба было гадаваць, карміць і вучыць – зараблялі капейчыну. Цяпер у нас добрыя зарплаты, усё можна купіць. Праўда, з мужам трымаем кабанчыка: сваё сала ні ў якое параўнанне не ідзе з магазінным.
Дарэчы, менавіта дзякуючы ферме Святлана і напаткала свой лёс. Алег сюды часта наведваўся дапамагаць бацьку, які працаваў даглядчыкам, і словам-другім перакідваўся з маладой прыгажуняй-загадчыцай.
…Паршутовічы выгадавалі траіх дзяцей; абуладкавалі дом у Гудагаі, які ім у 2015 годзе выдзеліла праўленне калгаса. І цягам трыццаці гадоў не здраджваюць клятве «жыць у горы і радасці».
– І муж, і сястра Людміла Цяшкевіч, і брат з жонкай Уладзімір і Марына Ярашэвічы – мы ўсе на ферме, – расказвае жанчына. – Дзеці выраслі талковымі, сумленнымі. Калі ў жыцці надараецца чорная паласа ці на рабоце праблемы, часам кажуць мне: «Мама, навошта табе гэтая ферма?». А куды я без яе? Тут маё жыццё, мае людзі… Па вялікім рахунку, «Індрубка» для мяне як чацвёртае дзіця.
Даяркі
Наталля Шатроўская
Першая ў раёне даярка-чатырохтысячніца, прывабная жанчына і добрая працаўніца – гэта ўсё пра маю суразмоўцу.
– Жылі па-суседстве са Святланай (загадчыкам фермы. – Заўв. аўт.). Яна мяне адразу пасля школы і «сасватала» на ферму. Казала: «Падзаробіш грошай, заадно канчаткова вызначышся з прафесіяй», – з усмешкай узгадвае пачатак сваёй працоўнай дарогі жанчына. – Месца жыхарства змяніла – жывём у калгасным дамку ў Лошы – а прафесіі і роднай ферме не здрадзіла.
Людміла Цяшкевіч
– З 17-ці гадоў, як прыйшла даіць кароў, так і працую. Нічога асаблівага пра сябе не раскажу. Рана выскачыла замуж, але па вялікім каханні: «прыгожы марак звёў на станцыі». Каля 10 гадоў жылі з мужам на яго радзіме, на Ашмяншчыне, а потым пераехалі на Астравеччыну – цяжка было з работай. Марыла пра траіх дзетак, а стала мамай пяцярых. Малодшаму ўжо 20 споўнілася…
Раней прасцей было працаваць, але цяпер ведаем, за што. Зарплаты ў нас такія, што далёка не кожны ў Астраўцы мае!
Марына Янцэвіч
Хоць на МТФ «Індрубка» жанчына толькі чацвёры год, але яна з кагорты вопытных: даіла кароў на МТК «Германішкі», МТФ «Палушы».
– Сюды выйшла замуж. Дзеткі пайшлі. Хоць па адукацыі я бухгалтар, без роздумаў пайшла на ферму – зарплата была значна большая. Нездарма кажуць, што чалавек там, дзе яму лепш, – трапна зазначыла гераіня.
Даярка ўпэўнена, што ў яе рабоце асноўнае – акуратнасць. Гэта тычыцца і дойкі, і догляду за цялятамі. Цяпер жанчына клапоціцца пра 11 малышоў.
Марына Ярашэвіч
Маладую жанчыну, ураджэнку Барысаўскага раёна, на Астравеччыну прывяло каханне. З Уладзімірам яны доўга перапісваліся ў інтэрнэце, тры разы ўбачыліся – і зразумелі, што не могуць адзін без аднаго.
– Па адукацыі я швачка. Да закрыцця фабрыкі ў нашым абласным цэнтры працавала па прафесіі, – расказвае жанчына. – А потым лёс звёў з Уладзімірам. Без роздумаў паехала за мужам на яго радзіму. Разам 8 гадоў, гадуем дваіх дзетак. Работы не баюся. Вясковая, карову даводзілася даіць, таму пасля двух дэкрэтных адпачынкаў без боязі выйшла на ферму. Дарэчы, тут у мяне ёсць любіміца. Памятаю, прывезлі да нас цялушку пухнатую. Назвала яе Мішуткай.