Главная » Новости » Лента новостей

Чалавек працы варты падзякі

267

У запамінальнае, яркае свята выліўся раённы злёт перадавікоў вытворчасці і лепшых па прафесіі. Раённы цэнтр культуры і народнай творчасці вітаў удзельнікаў мерапрыемства натхнёнымі акордамі "жывой" музыкі, цёплымі ўсмешкамі, сяброўскімі поціскамі рук.

На традыцыйнай выставе ў фае РЦКіНТ можна было бачыць экспанаты ўстаноў адукацыі раёна, работы, выкананыя рукамі народных майстроў, прадукцыю шчучынскіх прадпрыемстваў і арганізацый. Госці з задавальненнем знаёміліся з экспанатамі выставы, абменьваліся ўражаннямі.

Дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах прапануюць гасцям прайсці далей у залу і ўручаюць свежы спецвыпуск "Дзянніцы", на старонках якога героі дня.  На ўрачыстасць у зале сабраліся кіраўнікі раёна, ветэраны працы, прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый.

Якім быў 2021 год для раёна, што ўдалося зрабіць рукамі працавітых шчучынцаў – прысутныя змаглі паглядзець у спецыяльна створаным да гэтага мерапрыемства фільме.

Горача і сардэчна зала вітала пераможцаў раённага спаборніцтва сярод вытворчых падраздзяленняў працоўных калектываў прадпрыемстваў і арганізацый, чый поспех - яркі прыклад працавітасці і адказных адносін да справы. 26 жыхароў Шчучыншчыны на злёце перадавікоў атрымалі званне «Лепшы па прафесіі», дыпломы і грашовыя прэміі.

Заслужаныя ўзнагароды атрымалі таксама пераможцы штогадовага агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю работы па ахове працы -- працоўныя калектывы Шчучынскага лясгаса, Шчучынскага рэмзавода і Шчучынскага завода "Аўтаправод". Магчымасцю ў чарговы раз адзначыць працу лепшых работнікаў раёна скарысталіся старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Генрых Юрэвіч і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Юрый Пашук.

Свята атрымалася гасцінным, шчодрым і прыгожым. Яркую вясёлку эмоцый унеслі ў святочную канву выхаванцы ўстаноў адукацыі раёна, якія падрыхтавалі сваё арыгінальнае віншаванне. Зала цёпла вітала людзей самых розных прафесій, якія, праявіўшы арганізаванасць і зладжанасць, з гонарам і годнасцю выканалі намечаныя паказчыкі і гатовы ўзяць новыя дастойныя рубяжы. На злёце перадавікоў адданым сваёй справе прафесіяналам, лепшым калектывам і працаўнікам уручылі мноства ўзнагарод. Гэта радуе і натхняе: чалавек працы варты падзякі.

Па матэрыялах газеты "Дзянніца"

Читайте также: