Главная » Новости » Лента новостей

Чаго на сяўбе не хапае варнянскім механізатарам

896

Сяўба ранніх збожжавых і зернебабовых культур сёлета пачалася, лічы, на дзве дэкады раней. За лідарамі пасяўной кампаніі – хлебаробамі КСУП «Гудагай» і «Гервяты», якія першымі ў раёне пасеялі збожжа, – падцягваюцца і іншыя гаспадаркі. 

Напачатку тыдня найбольшы спрыт дэманстравалі варнянскія сейбіты, якія за дзень засявалі ажно 124 гектары. Няма чаго дзівіцца: у КСУП «Варняны» найбольшая ў раёне плошча ворыўных зямель – ажно 4 680 гектараў.

Структура пасяўных плошчаў у КСУП «Варняны» сёлета, у параўнанні з міну­лым годам, значна не змянілася: пад авёс адведзена 200 гектараў, ячмень – 1 400 гектараў, пшаніцу – 370 гектараў, зернебабовыя – 150 гектараў, кукуруза зойме 1 350 гектараў.  

– Па тэмпах пасяўной кампаніі мы займаем трэцюю пазіцыю ў раёне. Прыемна, канешне, але не гэта галоўнае, – расказаў па дарозе ў Трокенікі, дзе сеялі пшаніцу, галоўны аграном КСУП «Варняны» Іван Дзенюш. – Збожжа і зернебабовыя сеюць тры камбінаваныя агрэгаты, КСУП «Гудагай» і «Гервяты» па сеялцы нам на падмогу прыслалі. Пачалі ўжо сеяць цукровыя буракі… 

Цікаўлюся ў галоўнага тэхнолага вар­нянскіх палёў, што ўсё ж такі галоўнае падчас сяўбы. 

– Зразумела, што трэба адсеяцца ў аптымальныя тэрміны, і першачарговая задача – атрымаць доб­ры ўраджай, – працягвае Іван Станіслававіч. – Спецыфіка земляробства нашай гаспадаркі ў тым, што яна займаецца вырошчваннем збожжа, якім трэба забяспечыць жывёлагадоўлю. А КСУП «Варняны» – адзінае на Астравеччыне сельгас­прадпрыемства, якое займаецца свінагадоўляй. Каб накарміць свіней і буйную рагатую жывёлу, нам трэба намалаціць у амбарнай вазе 25 тысяч тон збожжа – не менш. Гэта значыць, што кожны гектар збожжавых з улікам азімых на круг павінен даць не менш, чым па 40 цэнтнераў.

Азімыя збожжавыя і рапс сёлета нядрэнна перазімавалі: на адным полі, праўда, варнянцаў падвёў трыцікале. Але гэта, па словах агранома, праблема вырашальная: з дапамогай СПУшкі ўшчыльняць пасевы – і павінен атрымацца нядрэнны фураж.
– З аграномам-аграхімікам Дзянісам Хвясечкам перад сяўбой нядрэнна папрацавалі: у поўным аб’ёме набылі пратручвальнікі для насення. Праўда, з яго ачысткай узнікалі праблемы – бо састарэлае абсталяванне ачышчальных ліній. Але нічога, справіліся: пад яравую сяўбу падрыхтавана 670 тон свайго насення, – расказаў галоўны аграном.

Непадалёк ад вёскі Трокенікі на магутным энерганасычаным трактары, які працуе ў счэпцы з камбінаваным пасяўным агрэгатам, яравую пшаніцу сеяў Валерый Юркойць – адзін з лепшых механізатараў гаспадаркі. Па выніках спаборніцтва райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Валерый неаднойчы ўваходзіў у лік перадавікоў вясенне-палявых і жніўных работ. А ў 2015 годзе па выніках пасяўной кампаніі ён быў прызнаны лепшым механізатарам Гродзеншчыны. Цікаўлюся ў сейбіта, як сёлета працуецца.

– Самі бачыце, як пыліць. У глебе вільгаці не хапае, – з горыччу ў голасе гаворыць Валерый Юркойць. – Нам бы дожджыку – зусім іншая справа была б!

Меркаванне механізатара падзяляе і вадзіцель Віктар Садоўскі, які са збож­жасховішча на поле падвозіць насенне.

– Летась столькі збожжа недабралі! Таму рабіць прагнозы на ўраджай – няўдзячная справа, – упэўнены вадзіцель. – Ды і ночы халодныя, а збажына цяпло любіць.
З ліку лепшых сейбітаў гаспадаркі – і Генадзь Валанцэвіч. За сваё жыццё мужчына засеяў збожжам не адну сотню гектараў. Сёлета механізатар працуе на ворыве.

– Першы раз сёлета плуг цягаю. За дзень каля 25 гектараў глебы заворваю, а калі поле вялікае, шырокае – то і ўсе 35 гектараў, – расказвае араты. 

У сувязі з няпростым матэрыяльным становішчам у КСУП «Варняны» некалькі гадоў не набывалі новай тэхнікі.

– Напачатку сяўбы было складана: то матор у трактары паляціць, то яшчэ якая паломка, – гаворыць галоўны аграном Іван Дзенюш. – І цяпер, канешне, тэхніка ламаецца – але ў кароткія тэрміны стараемся адрамантаваць нашых жалезных коней. З надвор’ем толькі не шанцуе: днём, здаецца, і цёпла, а ноччу марозік бярэцца, які крадзе з глебы апошнюю вільгаць. 

На развітанне пытаю ў галоўнага тэхнолага варнянскіх палёў, ці марыць ён сабраць сёлета багаты ўраджай.
– Канешне, – прызнаецца Іван Стані­слававіч. – Любы аграном гэтага хоча... Колькі ж можам быць без збожжа? 

…З першымі сонечнымі пром­нямі варнянцы выводзяць у поле тэхніку: аруць, культывуюць, падкормліваюць азімыя, сеюць. Яшчэ б у нябеснай канцылярыі пачулі просьбы хлебаробаў і паслалі б цяпло на пару з дажджом – тады, глядзіш, і збажына дала б 40 цэнтнераў на круг.

Па матэрыялу раеннай газеты

Читайте также: