Главная » Новости » Лента новостей

БЫВШИЙ ПРЕДСЕДАТЕЛЬ КОЛХОЗА "СОВЕТСКАЯ БЕЛАРУСЬ" ПАВЕЛ ЛУПСЯКОВ ВСПОМИНАЕТ ГОДЫ СТАНОВЛЕНИЯ СЕЛЬСКОГО ХОЗЯЙСТВА

154

Значны ўклад у развіццё Карэліцкага раёна ўнёс былы старшыня калгаса "Савецкая Беларусь" Павел Рыгоравіч Лупсякоў з аграгарадка Аюцавічы. Падчас сустрэчы ветэран працы падзяліўся ўспамінамі пра той час, калі працаваў у калгасе "Савецкая Беларусь" з 1980 па 2006 гады, 17 з якіх узначальваў гэтую гаспадарку.

Павел Рыгоравіч, нагадайце пра Вашу працу ў калгасе "Савецкая Беларусь".

— Гэта былі гады плённай працы і прафесійнага росту, іх успамінаю з задавальненнем. Спачатку працаваў галоўным заатэхнікам, затым намеснікам старшыні калгаса. З 28 красавіка 1989 года быў прызначаны старшынёй калгаса "Савецкая Беларусь", узначальваў гаспадарку на працягу сямнаццаці гадоў.  Дарэчы, жонка Валянціна Антонаўна працавала ў сельскай гаспадарцы і ўнесла таксама свой уклад у развіццё калгаса. Яна была загадчыцай свінагадоўчага комплексу вёскі Вялікая Мядзвядка, а з 1989 года і да выхаду на пенсію — эканамістам па жывёлагадоўлі.  

— За стараннямі працаўнікоў вёскі (яны ўмелі па-сапраўднаму шчыраваць на палях і фермах) былі дасягненні. Якіх поспехаў дабіваўся калектыў у раслінаводстве і жывёлагадоўлі?

— Калгас "Савецкая Беларусь" у жывёлагадоўлі ў сацыялістычным спаборніцтве займаў першае, другое і трэцяе месцы па вытворчасці малака і мяса, у раслінаводстве былі звычайна ў залатой сярэдзіне.  

— Якая ўвага надавалася пытанням будаўніцтва вытворчых аб'ектаў і жылых дамоў для працаўнікоў гаспадаркі?

— Вытворчымі будаўнічымі аб'ектамі былі кантора праўлення калгаса ў Аюцавічах, Дом культуры, школа. Для работнікаў калгаса штогод узводзілі па тры-чатыры жылыя дамы прысядзібнага тыпу з усімі зручнасцямі. Кожны год вялі рэканструкцыю жывёлагадоўчых памяшканняў, таксама праводзілі добраўпарадкаванне тэрыторыі на жывёлагадоўчых фермах і мехмайстэрнях. — Аграгарадок Аюцавічы быў цэнтрам калгаса "Савецкая Беларусь". Наколькі ў ім была развіта інфраструктура?

— Аграгарадок быў добраўпарадкаваны. Праведзена газіфікацыя. Заасфальтаваны пад'езды і тэрыторыі фермаў і мехдвароў. Газіфікаваны вёскі Вялікая і Малая Мядзвядка, Хлюпічы. У Аюцавічах функцыянавалі кантора калгаса, школа, клуб, фельчарска-акушэрскі пункт, Дом быту, швейная майстэрня, пошта, тры магазіны.  

— Хто плённа працаваў і ўносіў дастойны ўклад ва ўмацаванне калгаса "Савецкая Беларусь"? Назавіце ветэранаў сельскагаспадарчай вытворчасці, каго сёння прадаўжаеце ўспамінаць з асаблівай удзячнасцю.

— Сёння хачу ўспомніць механізатараў Мікалая Канстанцінавіча Нечая, Яўгена Канстанцінавіча Раманейку, Георгія Мікалаевіча Саладуху, Ціхана Мікалаевіча Вільчыцкага, Мікалая Кастанцінавіча Раманейку, Мікалая Іосіфавіча Харуту, Мікалая Іосіфавіча Манюка, Івана Канстанцінавіча Карабача, Уладзіміра Аляксеевіча Чэшка, Лявонція Іосіфавіча Бухаўца, Мікалая Валянцінавіча Лабоцкага, Аляксандра Уладзіміравіча Сэя, вадзіцеляў Віктара Іванавіча Дзеніса, Віктара Аляксандравіча Ламаносава, Аляксандра Аляксандравіча Ламаносава, Міхаіла Іванавіча Дзеніса, Генадзія Мікалаевіча Лінніка і іншых.  Гэта залаты фонд гаспадаркі: яны былі бездакорнымі ў працы і надзейнай падтрымкай у сям'і. Высокіх паказчыкаў у галіне жывёлагадоўлі дабіваліся  жывёлаводы Соф'я Іосіфаўна Нячай, Галіна Аляксандраўна Сукала, Яніна Эдвардаўна Бухавец, Леаніда Уладзіміраўна Шыманская, Алена Аляксееўна Лісоўская, Анатолій Васільевіч Зладзіенка, Фёкла Антонаўна Бухавец, Марыя Ільінічна Нарбутовіч, Таццяна Міхайлаўна Нячай, Соф'я Міхайлаўна Крупко, Ніла Вікенцьеўна Янушэўская, Яўгенія Мікалаеўна Худакова.

Хачу таксама ўспомніць спецыялістаў, на якіх можна было пакласціся ў любой сітуацыі і даверыць самую адказную справу. Гэта намеснікі старшыні калгаса Уладзімір Канстанцінавіч Баўкуновіч і Іван Уладзіміравіч Пятрушка, галоўны ветурач Уладзімір Уладзіміравіч Вітко, галоўныя аграномы Мікалай Георгіевіч Саладуха, Сяргей Іванавіч Кужалевіч, Альфрэд Антонавіч Абрамовіч, загадчыцы фермаў Ніна Сельвестраўна Грыб, Алена Аляксандраўна Крупнік, Галіна Аляксандраўна Баўкуновіч, загадчыкі вытворчых участкаў Генадзій Філарэтавіч Шыманскі і Мікалай Міхайлавіч Садоўскі, аграном-аграхімік Іван Арсеньевіч Рудзько. 

— Адной толькі працай чалавек не можа абмежавацца. Якія святы і мерапрыемствы ладзіліся на тэрыторыі населеных пунктаў гаспадаркі?

— Першымі ў раёне ў калгасе "Савецкая Беларусь" правялі агеньчык для ветэранаў вайны да Дня Перамогі. На ім прысутнічалі 103 ветэраны. Пастаянна праводзілі святы вёсак у Хлюпічах, Вялікай Мядзвядцы, Аюцавічах. Да іх старанна рыхтаваліся, на святах вяскоўцы накрывалі святочныя сталы і частавалі гасцей. Узнагароджвалі юбіляраў з нагоды знамянальных падзей  у іх жыцці. 

— Бясспрэчна, быць кіраўніком узначальваемага калектыву — вялікая  адказнасць. Якіх прынцыпаў прытрымліваліся ў паўсядзённай працы? 

— Стараўся быць у першую чаргу дысцыплінаваным і гэтага патрабаваў ад членаў калектыву. А таксама справядлівым: да ўсіх спецыялістаў і працаўнікоў гаспадаркі адносіўся аднолькава. Стараўся не згубіць прыстойнасці, быць у ладзе з сумленнем. 

— Лозунг "Кадры вырашаюць усё" быў на вуснах многіх. Ці ўзнікалі праблемы са спецыялістамі і рабочымі ва ўзначальваемай гаспадарцы?

— Спецыялістаў і рабочых было дастаткова. Будавалася жыллё, быў дастойны заробак — жадаючыя прыязджалі і ўладкоўваліся ў гаспадарку на працу.  

— З кім даводзілася падтрымліваць сувязі ў паўсядзённай дзейнасці? — З Мірскім пассаветам разам арганізоўвалі святы вёсак. Школьнікі Аюцавіцкай базавай школы ўдзельнічалі ў сельскагаспадарчых работах. Асаблівы ўклад у гэтую патрэбную справу ўносіла яе дырэктар Галіна Мікалаеўна Бухавец.

— Ці прымалі ўдзел у грамадскім жыцці раёна?

— Пастаянна выбіраўся дэпутатам раённага і сельскага Саветаў дэпутатаў. Узначальваў камісію па аграрных пытаннях. І мне, як кіраўніку калгаса, гэтыя пытанні былі блізкія, іх імкнуўся вырашаць. У гэтую камісію ўваходзілі таксама нераўнадушныя людзі: старшыня Красненскага сельскага Савета Тамара Мікалаеўна Лейка і загадчык вытворчага ўчастка калгаса імя Чарняхоўскага Анатолій Сямёнавіч Палуян.

 — Карэліччына дала пуцёўку ў вялікае жыццё яе ўраджэнцам, а Вас яна прытуліла па-бацькоўску. Што дала асабіста Вам у жыцці?

— Люблю Карэліччыну ўсім сэрцам. Яна дала мне магчымасць раскрыцца, умацаваць сваю сям'ю, сустрэць шмат добразычлівых людзей, пазнаць, што такое шчасце. 

— У Вас за плячыма — годна пражытае і змястоўнае жыццё. Што ў ім было важнае, за што ўдзячны лёсу?

— Удзячны за тое, што лёс склаўся менавіта так, і на жыццёвым шляху былі паважлівыя, прыстойныя, працавітыя людзі.  

— У гады залатога ўзросту Вы прадаўжаеце працаваць. Чым гэта выклікана: звычкай быць карысным грамадству ці іншай прычынай?

— Працую для таго, каб рабіць дабро людзям, пакуль ёсць магчымасць.

 — З нагоды 85-годдзя Карэліцкага раёна што пажадаеце карэліччанам? — Моцнага здароўя, дабрабыту, міру. Любіце сваю малую радзіму, шануйце яе і кожны дзень рабіце хоць маленькі крок для таго, каб яна квітнела.

 

Читайте также: