Главная » Новости » Лента новостей

Астравеччына. Узнагароды, песні, віншаванні – працаўнікам вёскі

877

Усе дарогі ў мінулую суботу вялі ў аграгарадок Рымдзюны. Прымеркаванае да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці свята сабрала тут лепшых працаўнікоў вёскі Астравецкага раёна.

У фае аддзела культуры і вольнага часу гасцей сустракалі дзяўчаты ў народных касцюмах. Пакуль заставаўся час да ўрачыстасці, можна было наведаць музейную экспазіцыю “Куток старажытнага мясцовага побыту”, а таксама пакаштаваць унікальную гарбату даўгалецця, завараную з мясцовых зёлак па рэцэпце народнага майстра Марыі Мажэйкі. Фотавыстава “Хвала рукам, якія пахнуць хлебам” расказвала пра будні і клопаты людзей, якія з дня ў дзень шчыруюць на палях і фермах раёна.

Напэўна, да радасці аграрыяў, сёлета не было традыцыйных конкурсаў-аглядаў на лепшы падворак, сноп і каравай. Пра сваю гаспадарку і дасягненні яны расказвалі з дапамогай відэаролікаў. Забягаючы наперад, скажу, што найлепш гэта атрымалася ў КСУП “Гудагай”, другое месца заняло КСУП “Варняны”, а трэцяе – КСУП “Гервяты”.

Аднак галоўнае дзейства разгарнулася ў зале, дзе сабраліся лепшыя працаўнікі вёскі ўсіх гаспадарак раёна. Свята распачалося з харэаграфічнага пралогу, падчас якога жнейкі ўручылі караваі з мукі новага ўраджаю першаму намесніку старшыні Астравецкага раённага выканаўчага камітэта, начальніку ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Івану Карнілу і кіраўнікам усіх пяці гаспадарак раёна.

– Сёлетні год прынёс Астравецкаму раёну нядрэнныя вынікі: за дзесяць месяцаў мы атрымалі 5,5 тысячы тон мяса, 50 тысяч тон малака і 43 тысячы тон збожжа, – сказаў Іван Мар’янавіч у прывітальным слове. – За гэтымі лічбамі стаіць ваша самаадданая праца. Дзякуй вялікі, працаўнікі вёскі і ветэраны сельскагаспадарчай вытворчасці, вам за гэта. І са святам!

Іван Мар’янавіч назваў прозвішчы лепшых камбайнераў, вадзіцеляў, корманарыхтоўшчыкаў, даярак, жывёлаводаў і, крыху апярэджваючы падзеі, адзначыў, што кожны працаўнік атрымае заслужаную ўзнагароду.

Не з пустымі рукамі на свята прыехаў і начальнік галоўнага ўпраўлення Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Павел Ашурык, які ўручыў Падзячны ліст старшыні аблвыканкама вадзіцелю КСУП “Міхалішкі” Станіславу Мілашэвічу і павіншаваў пераможцаў абласнога спаборніцтва.

Другое месца сярод аператараў машыннага даення малочна-таварных комплесаў вобласці занялі даяркі МТК “Малі” КСУП “Гудагай” Людміла Арлоўская і Марына Юкойць.

На нарыхтоўцы травяністых кармоў адным з лепшых у вобласці, да слова, не ў першы раз, стаў трактарыст-машыніст КСУП “Гудагай” Міхаіл Лашчонак, а яго калега з гэтай жа гаспадаркі Віталь Клінцэвіч прызнаны адным з лепшых вадзіцеляў Гродзенчшыны на адвозе зялёнай масы.

Юбілейныя медалі “110 год органам дзяржаўнага кіравання сельскай гаспадаркай і харчавання Беларусі” атрымалі людзі, якія не адзін год жыцця аддалі аграпрамысловаму комплексу раёна, –былы старшыня калгаса “Радзіма” Вячаслаў Адахоўскі, нязменны на працягу многіх гадоў загадчык раслінаводчага ўчастка №1 КСУП “Міхалішкі” Мар’ян Комар і дырэктар КСУП “Гудагай” Эдуард Садоўскі, які ў гэты дзень яшчэ неаднойчы падымаўся на сцэну.

Пераможцам раённага спаборніцтва за дасягненне высокіх вынікаў у раслінаводстве і жывёлагадоўлі трэці год запар стаў КСУП “Гудагай”. Другое месца ў абедзвюх катэгорыях забралі гаспадары свята – КСУП “Гервяты”. “Бронза” ў раслінаводстве дасталася КСУП “Міхалішкі”, у жывёлагадоўлі – РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі”.

Раздзяліць радасць з працаўнікамі вёскі прыехала на свята і старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Тальчук.

-- Багацце нашага раёна – гэта вы, людзі працы. Без выхадных і святочных дзён вы шчыруеце на фермах і палях – вялікі дзякуй вам за гэта. Асаблівую ўдзячнасць за падрыхтоўку аграгарадка да свята хачу выказаць старшыні Гервяцкага сельвыканкама Люцыі Лях і ўручыць ёй Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў, -- віншуючы вяскоўцаў, сказала Ірына Эдуардаўна.

Падзячныя пісьмы раённага Савета дэпутатаў атрымалі прараб КСУП “Гудагай” Эдуард Безляповіч, начальнік МТК “Кярняны” КСУП “Варняны” Марыя Тумінская, дыспетчар КСУП “Гервяты” Рэгіна Шафран, загадчык раслінаводчага ўчастка №1 КСУП “Міхалішкі” Мар’ян Комар, намеснік дырэктара па вытворчасці РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі” Андрэй Скурат, галоўны бухгалтар Астравецкай сельгастэхнікі Ірына Статкевіч, намеснік дырэктара селекцыйна-племяннога цэнтра жывёлагадоўлі Генадзь Малочка і намеснік начальніка аддзела арганізацыі вытворчасці райсельгасхарчу Галіна Ждановіч.

Хоць жніво заканчваецца ў ліпені-жніўні, яго вынікі, па традыцыі апошніх гадоў падводзяць падчас свята работнікаў сельскай гаспадаркі. Таму заканамерна, што першымі за ўзнагародамі на сцэну выходзілі хлебаробы.

Тут варта патлумачыць, што пры вызначэнні лепшых камбайнераў і вадзіцеляў жніўнай кампаніі ўлічваюцца не толькі колькасць намалочанага і перавезенага збожжа, але і марка камбайна ці аўтамабіля, тэрміны іх эксплуатацыі і многія іншыя паказчыкі, таму прозвішчы “восеньскіх” пераможцаў звычайна адрозніваюцца ад летніх “тысячнікаў”.

У намалоце збожжа найлепшых паказчыкаў дасягнуў сямейны камбайнерскі экіпаж у складзе Андрэя і Мікіты Вінцкусяў з КСУП “Гервяты”, якія сёлета другія ў раёне намалацілі тысячу тон збожжа. На другім месцы жніўнага п’едэстала апынуўся Антон Раткоўскі і Раман Пешкур з КСУП “Гудагай”, на трэцім – Віктар Міхалоўскі з КСУП “Варняны”.

Першыя тры прызавы месцы сярод вадзіцеляў, занятых на адвозе збожжа, занялі гервятцы: Уладзімір Трышын, Вадзім Кацяш і Валерый Кірпа. А сярод вадзіцеляў цэнтравывазу адзначыўся Раман-Зянон Бразевіч з Астравецкай сельгастэхнікі.

Сярод аператараў зернесушыльных установак лепшым у раёне прызнана звяно зернесушыльшчыкаў КСУП “Гервяты” ў складзе Аляксандра Сасноўскага, Віталя Бяседскага і Юрыя Леншына.

Сярод корманарыхтоўшчыкаў не было роўных Сяргею Урліку з КСУП “Гудагай”, Алегу Яблонскаму з КСУП “Гервяты” і Эдуарду Мураўскаму з КСУП “Варняны”.

Самую вялікую групу перадавікоў – працаўнікоў жывёлагалоўлі ўзнагароджвала першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Вольга Умрыхіна, якая курыруе гэтую галіну.

Лепшых паказчыкаў у раёне па надоях дасягнула звяно даярак МТК “Германішкі” КСУП “Гудагай” у складзе Ірыны Свілы, Ванды Ягоравай, Таццяны Жукоўскай і Ірыны Андрушкевіч – за 10 месяцаў у сярэднім ад каровы яны надаілі 9 136 кілаграмаў малака (+ 1 092 кг). Другое месца занялі аператары машыннага даення МТК “Рымдзюны” КСУП “Гервяты” Ганна Праўлуцкая, Алена Дзямідчык і Ларыса Гілевіч з вынікам 6 512 кілаграмаў (+469). А Святлана Баран, Тарэса Наневіч і Марына Мажута з МТК “Рытань” РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі” сталі трэцімі – 4 841 кілаграм.(+851).

Адметна, што на маленькіх гудагайскіх фермах дояць больш, чым на некаторых комплексах. Так, лепшай даяркай сёлета прызнана Ганна Сцефановіч з МТК “Ліпнішкі” КСУП “Гудагай”, якая летась увайшла ў тройку лепшых даярак Гродзеншчыны. Яе калега па малочным цэху Яніна Мядэйша заняла другое месца, а Святлана Вяржынская з МТФ “Міцюны” КСУП “Гервяты – трэцяе.

Лепшымі жывёлаводамі на дарошчванні буйной рагатай жывёлы сталі Гэлена Дрэма з МТК “Германішкі” КСУП “Гудагай” і Галіна Каляда з МТК “Дайлідкі” КСУП “Гервяты”. Самыя высокія прывагі на адкорме буйной рагатай жывёлы ў Віталя Заранковіча з фермы “Слабодка” КСУП “Гудагай”, Таццяны Кацяш з комплесу па адкорме КСУП “Гервяты” і Валянціны Цэйкі з фермы “Стрыпуны” РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі”.

Не першы год лепшымі ў свінагадоўлі становяцца працаўніцы варнянскага свінакомплексу: жывёлавод па адкорме свіней Маргарыта Сцяшанава і жывёлавод па гадоўлі парасят Валянціна Калпак.

Цёплыя словы гучалі і ў адрас ветэранаў, многія з якіх знаходзячыся на заслужаным адпачынку, працягваюць працаваць у аграпрамысловым комплексе раёна. Шмат гадоў аддалі сельскай гаспадарцы жывёлавод МТК “Падольцы” РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі” Часлава Ступенька, трактарысты-машыністы КСУП “Варняны”, “Гервяты” і “Гудагай” Уладзіслаў Раткевіч, Іосіф Бародка і Генрык Радзевіч, былы жывёлавод КСУП “Міхалішкі” Марыя Назарава.

Як і штогод, многіх працаўнікоў адзначыў і прафсаюз аграрыяў. Яго старшыня Юрый Адула ўручыў Ганаровыя граматы, дыпломы, Падзякі і Падзячныя пісьмы Гродзенскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу дырэктару цэнтра падрыхтоўкі павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі рабочых райсельгасхарчу Аляксандру Багдановічу; пераможцам абласнога спаборніцтва на корманарыхтоўцы Рымантасу Трапшысу і Алегу Яблонскаму з КСУП “Гервяты”; пераможцам абласнога спаборніцтва – камбайнеру КСУП “Гудагай” Яўгену Грабоўскаму і яго памочніку Аляксандру Ермаковічу; пераможцам раённага жніўнага спаборніцтва Іосіфу Жэгарысу і Івану Капусце з РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі”; старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі КСУП “Гудагай” Ганне Налівайцы; трактарысту-машыністу КСУП “Варняны” Чаславу Комару і намесніку дырэктара КСУП “Гервяты” па вытворчасці Станіславу Івашку. Шмат яшчэ працаўнікоў падымалася на сцэну за Падзякамі Астравецага райкама прафсаюза работнікаў АПК.

З пажаданнямі і падарункамі прыйшлі на свята і старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў і грамадскіх аб’яднанняў “Белая Русь”, “Беларускі саюз жанчын”, БРСМ.

У гэты дзень працаўнікі аграпрамысловага комплексу атрымалі і музычныя падарункі: цудоўныя нумары ў выканнні лепшых артыстаў і калектываў раёна і гродзенскага музычнага тэатра “Рада”.

…Для іх гучалі словы віншаванняў і падзякі, ім уручалі прэміі за добрасумленную працу, для іх спявалі лепшыя выканаўцы. У гэты дзень усё было для іх – лепшых працаўнікоў сельскай гаспадаркі.

Алена ГАНУЛІЧ

Читайте также: