Главная » Новости » Лента новостей

Арганізатары акцыі “Наш жывёлавод” наведалі фермы і комплексы саўгаса “Падольскі”

784

На Астравеччыне працягваецца прафсаюзная акцыя “Наш жывёлавод”. Яна распачалася з КСУП “Міхалішкі”. На гэты раз Падзячныя пісьмы і падарункі ад райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу атрымалі работнікі РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі”.

Са старшынёй прафсаюза аграрыяў Юрыем Адулам у гаспадарку выправіліся з самай раніцы, каб заспець працаўнікоў на месцы: на фермах ранішняя дойка заканчваецца значна раней, чым на комплексах. У Рытані да нас далучылася старшыня прафсаюзнай пярвічкі саўгаса Марына Канстанцінаўна Яновіч.

Па словах Юрыя Аляксандравіча, сёлета райкам прафсаюза работнікаў АПК мае намер наведаць большасць ферм і комплексаў раёна, паглядзець, як працуюць людзі зімой і, незалежна ад вытворчых паказчыкаў, адзначыць работу аднаго работніка на кожным жывёлагадоўчым аб’екце.

Да слова, летась падчас акцыі работнікі Астравецкага саўгаса “Падольскі” падчас сустрэчы з прафсаюзным лідарам наракалі на недахоп спецаддзення, працаўнікі некаторых ферм увогуле яго не бачылі.  Старшыня прафсаюзнай пярвічкі гаспадаркі Марына Яновіч запэўніла, што гэты недахоп быў выпраўлены – усім работнікам былі выдадзены гумовыя боты, ватоўкі, халаты і іншае спецаддзенне. Забягаючы наперад адзначу, што словы Марыны Канстанцінаўны пацвердзіліся на месцах.

Ферма “Кямелішкі” На ферме ў Кямелішках – некалі цэнтральнай сядзібе аднайменнага калгаса – зараз займаюцца вырошчваннем і адкормам буйной рагатай жывёлы. Разам з загадчыцай фермы Галінай Мечыславаўнай Прыстаўкай пра 829 галоў клапоцяцца 13 чалавек, улічваючы начных вартаўнікоў. Летась падчас візіту старшыні прафсаюза райкама работнікаў АПК у межах жывёлагадоўчай акцыі, у работнікаў фермы “Кямелішкі” было  шмат пытанняў да Юрыя Аляксандравіча – сёлета многія з іх ўжо не стаяць на парадку дня. На ферме адбылася кадравая ракіроўка – і атмасфера ў калектыве значна палепшала.  Больш за 20 гадоў на ферме “Кямелішкі” працуе Тарэса Мечыславаўна Марцінкевіч. Шмат гадоў жанчына была даяркай, а з пераводам дойнага статка на комплексы ў Рытань і Падольцы асвоілася з роляй даглядчыцы. – Шмат гадоў збірала па вёсцы малако, потым пайшла на ферму. У маёй групе 180 цялят ва ўзросце ад месяца да паўгода. З раніцы чышчу кормасталы, раздаю канцэнтраты, выпойваю пастэрызаваным і падагрэтым малаком самых маленькіх цялят. Вечарам раблю тое ж самае, –  гаворыць цялятніца. – Жывёлу люблю. Трымаю вялікую гаспадарку: трох кароў, гусей, курэй, а вось са свіней “выбылася”. Сёння ў мяне выхадны, але калі патэлефанавала Мечыславаўна, хуценька ускочыла на ровар – і на ферму. Не прывыкла я да прыгожых слоў, але ўсё адно прыемна, што нашу працу бачаць і цэняць. Не горш за мяне, а можа і лепш, працуюць у нас і іншыя работнікі.  Жанчына прызналася, што збірае віншавальныя лісты, граматы, атрыманыя за гады работы ў гаспадарцы. Падзячнае пісьмо ад райкама праюсаюза работнікаў АПК зойме сярод іх пачэснае месца.

Ферма “Стрыпуны” Усяго пяцёра чалавек разам з загадчыцай працуе на гэтай невялікай ферме. Раздаваць кармы і канцэнтраты, перасцілаць – усё даводзіцца рабіць уручную. Верны памочнік жывёлаводаў у гэтай справе – не сучасны кормараздатчык, а конік, як і некалькі дзесяцігоддзяў назад. На ферме “Стрыпуны” цяпер гадуюць каля сотні быкоў. Зарплата работнікаў напрамую залежыць ад прываг жывёлы. – Па нормах, на кожныя 100 кілагармаў вагі быку палагаецца кілаграм канцэнтратаў, – гаворыць загадчыца фермы Крыціна Казіміраўна Мазура. – Сталі даваць менш канцэнтратаў – і прывагі літаральна за месяц зніліся на 300 грамаў – але гэта ўсё вытворчыя пытанні. Галоўнае – ёсць ферма, а ў нас – работа. Падзячным пісьмом і падарункам была адзначана Валянціна Бярнардаўна Цэйка, стаж працы якой на гэтай ферме пераваліў за дваццаць гадоў.

         Ферма “Талюшаны” – з тых маленькіх ферм, якія асаблівыя сваёй няўлоўнай утульнасцю, хатняй атмасферай. Хоць, канешне, ні ў якія параўнанні яна не ідзе з сучаснымі малочнатаварнымі комплексамі, дзе за дойкай сочыць разумны камп’ютар, а для працаўнікоў створаны ўсе ўмовы для работы – ёсць і душавыя кабіны, і пральная машына, тым не менш бачна, што да ўсяго тут прыкладзена працавітая жаночая рука. У бытавым памяшканні чыста і цёпла, на падваконні стаяць кветкі. Загадчыца фермы Люцыя Чаславаўна Дземідовіч  прызнаецца, што любіць, каб ва ўсім быў толк і парадак – прытрылівацца гэтага няпісана правіла яна патрабуе і ад падначаленых, і ад дамашніх. –  На ферме ў Талюшанах, калі не памыляюся, працую з 1991 года: пачынала з даяркі, была аператарам па абслугоўванні малочнага абсталявання, а апошнія гады працую загадчыцай. Калектыў наш хоць невялікі – усяго 6 чалавек, але дружны. На ферме ўтрымліваецца 211 галоў. Дома ці трымаю гаспадарку? – перапытвае жанчына. – А як жа! Дзве каровы, конь, свінні. Не разумею, як гэта: жыць на вёсцы і не мець жывёлы. 

МТК “Падольцы.” Хоць уручыць Леаніду Іосіфавічу Кімстачу падарунак не атрымалася – мужчына быў на выхадным і падарунак паабяцала яму перадаць загадчыца комплекса – затое атрымалася прадуктыўная размова працаўнікоў МТК “Падольцы” і старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Юрыя Аляксандравіча Адулы.  На комплексе працуюць 32 чалавека, утрымліваецца 1 348 галоў, з якіх 765 – дойны статак. Па словах аператараў машыннага даення, пасля пераводу дойных кароў з фермы “Кямелішкі”, дойка стала займаць больш часу.

По материалам районной газеты

Читайте также: