Каб павіншаваць юбіляра, да яго на поле прыехалі кіраўніцтва і прафсаюзны камітэт прадпрыемства, а таксама старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Дубовік і старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак.
За шматгадовую сумленную працу Анатоль Уладзіміравіч быў адзначаны Граматай раённай арганізацыі прафсаюза АПК, прафсаюзныя лідары падзякавалі механізатару за вялікі ўклад у сельскую гаспадарку раёна.
Дырэктар ААТ “Дварэц-Агра” Аляксандр Лесюкоў павіншаваў імянінніка, пажадаў яму моцнага здароўя, каб тэхніка не падводзіла і надвор’е спрыяла эфектыўнай працы.
У наступным годзе Анатоль Апанасік адзначыць яшчэ адну юбілейную дату – 30-годдзе працоўнай дзейнасці ў сельскай гаспадарцы раёна. Анатоль Уладзіміравіч нарадзіўся і жыве ў Раготна, прыйшоў у калгас пасля службы ў арміі і з таго часу застаецца верным роднаму прадпрыемству, атрымліваючы задавальненне ад працэсу і добры вынік. На камбайне ўдзельнічае ў кормаўборцы, нарыхтоўцы траваў, затым перасаджваецца з камбайна за руль трактара МТЗ-82, працуе на пасяўной і прасаванні.
– Прывык ужо за столькі гадоў. Работа мне падабаецца, нават і не думаў куды-небудзь пераязджаць, тут абжыўся, стварыў сям’ю, купіў дом, у гэтым дапамагло кіраўніцтва гаспадаркі, – расказвае мужчына. – Вельмі прыемна, што сёння мяне прыехалі павіншаваць з адметнай датай, што цэняць і не забываюць.
Наталля АВЯРЧУК
http://www.dyatlovo-rk-apk.lepshy.by/e/95682-anatol-apanasik-pryiemna-shto-tsenyats-i-ne-zabyivayuts