Главная » Новости » Лента новостей

Аляксандр Яцук: “Маем важкія дасягненні і амбіцыёзныя планы”

35

16 лістапада ў Беларусі будзе адзначацца Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу. Напярэдадні свята генеральны дырэктар Дзятлаўскага лікёра-гарэлачнага завода “Алгонь” Аляксандр Яцук расказаў аб тым, як сёння працуе прадпрыемства, яго дасягненнях і новых напрамках дзейнасці:

– Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь” – абласная структура, адзін з самых буйных на Гродзеншчыне вытворцаў у сваёй сферы. Гэта аб’яднанне з пяці дзеючых прадпрыемстваў у Дзятлаўскім, Гродзенскім раёнах, гарадах Навагрудку (дзве пляцоўкі), Слоніме (дзве пляцоўкі) і аднаго закансерваванага ў Бераставіцкім раёне, на якіх працуюць больш за 430 чалавек.

– На якой прадукцыі спецыялізуецеся?

– Вырабляем практычна ўвесь спектр алкагольных напояў. За апошнія гады большым попытам карыстаюцца каляровыя спіртныя напоі. Расце вытворчасць каньяку: на сёння мы выпускаем тры найменні пад сваім брэндам з малдаўскай сыравіны – “Аргус”, “Колус”, “Премьер КВ”, акрамя таго, каля 20 найменняў пастаўляем пад уласную гандлёвую марку буйным гандлёвым сеткам, такім як “Евроторг”, “БелВинГрупп”, “Аквадив” і іншым. Пачалі выпуск прэміяльнага прадукта пад гандлёвай маркай “Водка “Городень”. Добра зарэкамендавалі сябе ў спажыўцоў віскі, бурбоны, ром. У Навагрудку ў нас вінная пляцоўка, дзе выпускаецца прадукцыя ў ПЭТ-упакоўцы. Нельга адмаўляць той станоўчы факт, што ў Беларусі і ва ўсім свеце зніжаецца спажыванне алкагольных напояў, мы таксама ўлічваем гэта, карэктуючы лінейку выпускаемай прадукцыі пад запыты пакупнікоў. На навагрудскім участку прадаўжаем выпуск безалкагольнага напою “Колосок” у кегі, вырабляем слабаалкагольныя напоі – збіцень, медавуху. За 10 месяцаў прадпрыемствам выпушчана 203 тысячы дэкалітраў гарэлкі і лікёра-гарэлачных вырабаў, 335 тысяч дэкалітраў пладовых і садавінна-ягадных він, 113 дэкалітраў каньяку, 44 тысячы дэкалітраў моцных спіртных напояў, 3013 тон спіртавога воцату.

– Якасць прадукцыі прадпрыемства вы пацвярджаеце паспяховым удзелам у прафесійных конкурсах і выставах. Дзе пабывалі сёлета і якія дасягненні маеце?

– У студзені мы прымалі ўдзел у VI Міжнародным прафесійным дэгустацыйным конкурсе гарэлак, спіртоў і спіртных напояў  “Eurasia Spirits Drinks 2025” у Маскве, які праводзіцца пры ўдзеле вядучых дэгустатараў Расіі і СНД. Адтуль прывезлі адразу дзесяць высокіх узнагарод. Залаты медаль заваявалі гарэлкі “Храбрая Водица”, “Зерновой родник”, “Чистые OZЁRA. С ароматом чёрной смородины”, “Чистые OZЁRA. Васильковая”, зерневы віскі “BlackBuffalo”, салодкая настойка “Чернослив с коньяком”, напой спіртны моцны “Клюковка”, спірт “Люкс”; бронзы быў удастоены  віскі “TheLaproad”. Мы ўдзельнічалі ў міжнародным конкурсе “Залаты келіх”, які праводзіцца ў Беларусі. Сваю прадукцыю на ім, акрамя беларусаў, актыўна прадставілі кампаніі з Расіі, Азербайджана, Арменіі, Грузіі і Казахстана. Там мы вызначыліся трыма залатымі медалямі за каньяк “Colus Международный”, садавіннае віно “Софи”, пладовае  віно “Слонімскі пачастунак”, этылавы спірт “Люкс” і гарэлку “Непобедимая”. Таксама мы прадстаўлялі сваю прадукцыю ў павільёне на выставах “Белагра-2025”, раённых і абласных “Дажынках”. Літаральна на гэтым тыдні ўдзельнічаем у 31-й міжнароднай выставе-кірмашы “ProdExpo-2025” у Мінску. Сакрэт перамог у тым, што прадукцыя Дзятлаўскага лікёра-гарэлачнага завода “Алгонь” якасная: яна вырабляецца адпаведна тэхналагічным патрабаванням з сыравіны нашага краю – Гродзенскай вобласці з прымяненнем якаснай дзятлаўскай вады і пры ўдзеле высакакласных спецыялістаў. Каб заставацца канкурэнтаздольнымі і запатрабаванымі, мы пастаянна рухаемся наперад, удасканальваемся, пры гэтым захоўваючы традыцыі.

– Раскажыце пра грамадскую і прафсаюзную дзейнасць калектыву.

– Па выніках работы за 2024 год прафсаюзная арганізацыя Дзятлаўскага лікёра-гарэлачнага завода “Алгонь” занесена на абласную Дошку гонару, яе ўзначальвае начальнік вытворчай лабараторыі Наталля Гародка. Сёлета пасля шматгадовай паўзы калектыў нашага прадпрыемства выстаўляў каманду для ўдзелу ў раённым турзлёце працуючай моладзі, аглядзе-конкурсе пажарных дружын. Плануем і далей прадаўжаць работу ў гэтым напрамку – далучацца да заняткаў спортам і турызмам. Нашы работнікі – актыўныя ўдзельнікі грамадскіх арганізацый і фарміраванняў. У гэтым годзе на прадпрыемстве з’явілася пярвічная арганізацыя грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, акрамя таго, напярэдадні прафесійнага свята ў нас урачыста прайшло ўручэнне партыйных білетаў новым членам “Беларускай партыі “Белая Русь”.

– Што пажадаеце калегам з нагоды свята?

– Напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці жадаю ўсім працаўнікам галіны і іх сем’ям моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту, невычэрпнай бадзёрасці і энергіі, новых поспехаў ва ўсіх справах і пачынаннях. Няхай іх праца заўсёды акупляецца багатым ураджаем і дастойнымі вынікамі, а кожны новы дзень дорыць толькі радасць.

Наталля АВЯРЧУК

Читайте также: