Главная » Новости » Лента новостей

“Алею памяці” высадзілі ў Астраўцы члены грамадскіх арганізацый

49

У мінулую пятніцу члены раённых грамадскіх арганізацый і работнікі інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя пасадзілі паблізу раённай бальніцы кляновую алею. Гэтая кансалідаваная акцыя была прысвечана Году гістарычнай памяці.

Вясёлыя і задзірыстыя “камсамольцы”, сур’ёзныя прафсаюзныя работнікі, элегантныя нават на пасадцы дрэў жанчыны з Беларускага саюза жанчын, здалёк бачная белая “Белая Русь”, адказныя ахоўнікі прыроды – некалькі дзясяткаў мужчын і жанчын выйшлі з лапатамі і саджанцамі на пустку каля ЦРКБ, каб пераўтварыць яе ў прыгожы сквер. “Алея памяці” – назва хутчэй сімвалічная, бо сто клёнаў у адну алею ніяк не ўмяшчаліся.

– Для мяне вясна асацыіруецца з суботнікам, а ён – з пасадкай дрэў, – не адрываючыся ад работы, дзеліцца асабістым старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Расціслаў Бразінскі. – Памятаю, дзецьмі мы кожную вясну садзілі дрэўцы. А якой падзеяй для ўсіх была закладка гарадскога сквера, пасадка дрэў у лесапарку! Нашы бацькі пакінулі добрую памяць – і мы таксама павінны зрабіць гэта для сваіх дзяцей, свайго горада.

– Ганаруся землякамі – працалюбівымі, шчырымі, якія сваімі рукамі абуладкоўваюць наш агульны дом, – дадае старшыня раённай арганізацыі “Белая Русь” Ірына Раткевіч. –Упэўнена: той, хто пасадзіў хоць адно дрэўца, ніколі не зломіць саджанец, не пакрыўдзіць прыроду. Сімвалічна, што кансалідаваная акцыя раённых грамадскіх арганізацый і інспекцыі аховы прыроды праходзіць напярэдадні Вялікадня: закончыўшы яе, з ачышчанай душой і пачуццём выкананага абвязку можна сустракаць свята.

У членаў БРСМ свае прычыны прыняць удзел у высакароднай акцыі.

– Закладка алеі памяці – гэта даніна павагі нашым ветэранам, якія адстаялі мір, – гаворыць Віялета Алексеявец.

–…І цудоўны падарунак нашаму старажытнаму і юнаму гораду, які хутка адзначыць 10-гадовы юбілей з часу надання яму статусу горада, – дадае прадстаўніца Беларускага саюза жанчын Таццяна Букель.

…Спорыцца работа. Тонкія дубчыкі клёнаў адзін за адным апускаюць у лункі і прысыпаюць зямлёй. Цяпер падвязаць іх, паліць: кволаму дрэўцу, як і малому дзіцяці, патрэбен клопат і догляд, пакуль убярэцца ў сілу.

…А потым, гадоў праз 10-20 – ах, які цудоўны кляновы сквер зашуміць тут! І, гуляючы па яго дарожках з дзецьмі, унукамі і праўнукамі, сённяшнія ўдзельнікі акцыі змогуць з гонарам сказаць: гэтыя дрэўцы мы садзілі!

Текст: Нина Рыбик

По материалам газеты «Островецкая правда»

Наши контакты

Наш адрес

230029, г. Гродно, ул. Коммунальная, 32

8 (0152) 62-50-11

obkom.apk.grodno@mail.ru

Время работы

Пн-Чт: 8.00 - 17.00

Пт: 8.00 - 15.45

Сб-Вс: выходной

Нажимая кнопку "Отправить" вы принимаете условия Политики обработки персональных данных.