Главная » Новости » Лента новостей

Акцыя “Наш жывёлавод” распачалася з КСУП “Варняны”

164

Ушанаваннем працаўнікоў КСУП “Варняны” на Астравеччыне распачалася традыцыйная рэспубліканская акцыя “Наш жывёлавод”.

Падчас зімне-стойлавага перыяду райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу адзначае працаўнікоў жывёлагадоўлі ўсіх гаспадарак раёна, незалежна ад вытворчых паказчыкаў. Сёлета да гэтай добрай традыцыі далучацца і прафсаюзныя пярвічныя арганізацыі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. У мінулыя гады на “Варнянах” акцыя звычайна завяршалася, сёлета яе тут распачалі.

Нагадаю, пасля таго, яе два малочна-таварныя варнянскія комплексы перайшлі ў арэнду КСУП “Гудагай” і “Гервяты”, у гаспадарцы засталіся дзейнічаць МТК “Беразоўка” і МТФ “Варняны”, “Варона”, “Карвэлі” – туды і накіраваліся са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК Юрыем Адулам і прафсаюзным лідарам КСУП “Варняны” Таццянай Лісоўскай.

“Карвэлі”

Своеасаблівасць малочна-таварнай фермы “Карвэлі” ў тым, што яе загадчык Таццяна Сянюць і большасць работнікаў працуюць тут усё свядомая жыццё. Да прыкладу, аператар машыннага даення Валянціна Калпак – стаж 35 гадоў – адзіная ў “Варнянах” даярка, якая атрымлівае даплаты за класнасць.

Новы 2023 год для “Карвэль” пачаўся з плюсаў: у сярэднім за месяц ад каровы тут надаілі 11,7 кілаграмаў малака, што на 843 грамы больш за аналагічны перыяд мінулага года. Летась умоўная рагуля дала крыху больш за 4 200 кілаграмаў – гэта самы высокі паказчык па гаспадарцы.

Падзякамі і падарункамі адзначылі жывёлаводаў Вольгу Ігнатовіч і Віталя Калпака – мужчына быў на выхадным, таму ўзнагароду яму абяцалі перадаць на наступны дзень. Прыемнай нечаканасцю для жанчыны стаў сертыфікат на тыднёвае наведанне санаторыя “Нарачанка” ад прафсаюзнай пярвічнай арганізацыі гаспадаркі.

Вольга Ігнатовіч даглядае на ферме 26 цялят.

– Колькасць пагалоўя маёй групы залежыць ад многіх фактараў, у першую чаргу – ад расцёлаў. Бывае, што і 70, – расказала жанчына. – Да мяне трапляюць самыя маленькія: гадую іх ад нараджэння да двух месяцаў. Бычкі застаюцца на ферме – пераводзім іх у групу дарошчвання да Віталя Калпака, а цялушкі адпраўляюцца на ферму “Варона”.

Акрамя прыемнасцей, прафсаюзныя лідары пагутарылі з калектывам і пра праблемы, самая актуальная з іх – адсутнасць раздзявалкі: людзям пасля змены няма дзе пераапрануцца.

“Варона”

На гэтай ферме калектыў невялікі – 16 чалавек. Хоць вытворчымі паказчыкамі “варонцам” хваліцца не выпадае, тым не менш людзі стараюцца і працуюць часта без выхадных. Менавіта такі напружаны графік, а таксама аплата работы, і хвалюе жывёлаводаў. Па іх словах, не адтрымліваецца адшукаць падменную даярку і іншых. Адзін з работнікаў папрасіў прафсаюзаў дапамагчы разабрацца з налічэннем заработнай платы: за 31 дзень – па словах загадчыцы фермы, яны зафіксаваны ў табелі – мужчына атрымаў 600 рублёў. Юрый Аляксандравіч паабяцаў з гэтым пытаннем разабрацца.

Не абышлося і без прыемнасцей. На ферме адзначылі – да слова, не ўпершыню – работу аператара машыннага даення Наталлі Яновіч. Жанчына мясцовая, нарадзіла і выхоўвае чатырох дзяцей. На ферме – звыш 10 гадоў, а ў сельскай гаспадарцы раёна і таго больш.

“Варняны”

Загадчык фермы і па сумяшчальніцтву аператар машыннага даення Іна Кузміцкая працуе тут не адзін год. І, па вялікім рахунку, дзякуючы гэтай жанчыне дзейнічае гэты жывёлагадоўчы аб’ект.

– Калектыў у нас невялікі: 13 чалавек. Фуражных кароў – 187. У суткі ў сярэднім доім ад рагулі крыху больш за 10 кілаграмаў. Малако з нашай фермы, на жаль, мае толькі першы гатунак. Спадзяюся, што з цягам часу зможам выйсці на вышэйшы, – падзялілася Іна Кузміцкая, якую выдзеліў сярод астатніх прафсаюз АПК.

Сустрэча не абышлася без шчырай размовы. Работнікі наракалі, што ім не выдавалі спецыяльныя адзенне і абутак, уздымалі пытанне аплаты працы жывёлаводаў, у прыватнасці іх цікавіла, чаму не даплочваюць за ручную пагрузку кармоў. Прафсаюзныя лідары адказалі на некаторыя пытанні – напрыклад, спецвопратку ў гаспадарцы заказалі, а работнікі МТК “Карвэлі” – ужо яе атрымалі, надыдзе чарга і астатніх працаўнікоў. Іншыя праблемы таксама будуць разгледжаны пасля вывучэння патрэбнай дакументацыі.

“Беразоўка”

На адзіным варнянскім комплексе ўтрымліваецца крыху больш за 1 700 галоў, з якіх 774 – каровы. Сярэднясутачны надой – 8,9 кілаграмаў малака. Праблемы, агучаныя работнікамі, тыповыя і для астатніх ферм КСУП “Варняны”: незабяспечанасць спецадзеннем, няспраўнасць некаторага абсталявання (размова ішла пра селекцыйныя вароты), аплата працы і іншае.

– Тым не менш і ў нас ёсць нагоды для радасці. Пакрысе павышаецца гатунак малака. Напрыклад, палову мінулага месяца мы даілі вышэйшым, – патлумачыла начальнік МТК “Беразоўка” Ганна Капінская.

Добрыя словы і падзякі за працу былі адрасаваны ўсім работнікам комплекса, падарункамі і падзякамі адзначылі работу аператараў машыннага даення Аксаны Дземідовіч і Людмілы Маліцкай, хоць апошняя была на выхадным.

У тэму

Юрый Адула, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК:

– Акцыя “Наш жывёлавод” дае магчымасць не толькі адзначыць людзей, але і пагутарыць з імі, даведацца, што іх хвалюе і ў якіх умовах яны працуюць. Гэта непасрэдны і галоўны абавязак любога прафсаюза. Падчас сустрэчы з працаўнікамі КСУП “Варняны” хацелася данесці, што кожны з іх можа і павен скарыстацца магчымасцю адпачыць у санаторыі, прычым цалкам бясплатна. Зразумела, што ў вясковых людзей шмат клопатаў: хтосьці трымае гаспадарку, іншага складана замяніць на ферме – тым не менш, для гэтага ёсць цудоўная магчымасць – тур выхаднога дня. Нават некалькі дзён адпачынку ў маляўнічым месцы дапамогуць перазагрузіцца і раслабіцца – чаго так не хапае працаўнікам жывёлагадоўчай галіны.

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич
 
Па матэрыялах газеты "Астравецкая праўда"

Читайте также: