Главная » Новости » Лента новостей

Акцыя “Наш жывёлавод” працягваецца: ушанаваны працаўнікі саўгаса

153

На Астравеччыне працягваецца рэспубліканская акцыя. Падзякі і падарункі ад  райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу атрымалі работнікі КСУП «Варняны» і «Гудагай», а на гэтым тыдні – працаўнікі РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі».

У раённай выворчасці сельгаспрадукцыі гаспадарка ўпэўнена трымаецца ў залатой сярэдзіне, прапусціўшы наперад толькі КСУП «Гудагай» і «Гервяты». У саўгасе на невялікіх фермах дарошчваюць быкоў і цялушак, а малочных рагуль трымаюць на таварных комплексах у Рытані і Кямелішках. Туды і накіраваліся са старшынёй Астравецкага райкама работнікаў АПК Юрыем Адулам і прафсаюзным лідарам саўгаса “Падольскі” Людмілай Казлоўскай.

«Рытань»

Пагалоўе – 1 487 асобін, у тым ліку 800 дойных кароў. Валавы надой ад рагулі за мінулы год – 5 245 кг.

На комплексе з большага створаны ўмовы для работы і адпачынку людзей: ёсць дзе пераапрануцца, памыцца і паабедаць у перапынак. Праўда, праблематычна з санітарна-бытавымі ўмовамі на цялятніку.

Калі гадоў 5 назад пытанні працаўнікоў тычыліся ў асноўным забяспечанасці спецыяльным адзеннем і абуткам, то цяпер такой праблемы не ўзнікае. Адзінае, што хвалюе жывёлаводаў: даводзіцца працаваць без выхадных, а таксама складана знайсці на вёсцы чалавека на падмену працоўных адпачынкаў.

Сустрэча прафсаюзных лідараў з калектывам гэтага малочна-таварнага комплексу завяршылася ўзнагароджваннем лепшых работнікаў.

Жывёлавод Марына Кадушкевіч у сельскую гаспадарку прыйшла пасля заканчэння 9 класаў.

– У нас шматдзетная сям’я. Маці працавала на ферме – і я пайшла. Пра вучобу пасля школы не задумвалася, бо трэба было зарабляць свой рубель, – расказвае маладая жанчына. – Даглядаю за каровамі – у маёй групе 370 галоў. Падсунуць кармы, падчысціць гной, насыпаць соль – мае штодзённыя абавязкі. Акрамя гэтага, на комплексе праводзім санітарныя дні – тады прыбіраем усё капітальна. Зімой для работнікаў арганізаваны падвоз. Вясной перасаджваюся на веласіпед – з Літвян да Рытані некалькі кіламетраў – так я не прывязаная да графіка аўтобуса і магу затрымацца на комплексе, каб закончыць, што не паспела.

Жывёлавод Святлана Наневіч з напарніцамі клапоціцца пра самых маленькіх, а гэта каля 200 бычкоў і цялушак. Нованароджанае цяля ў першыя гадзіны жыцця яны выпойваюць малозівам, апрацоўваюць пупавіну і кладуць пад спецыяльную лямпу. Потым малышоў пераводзяць у дамкі. Толькі на ранішняе кармленне ўсяго гэтага жывёльнага садка тры жанчыны затрачваюць каля 3-4 гадзін.

– Пасля школы паступіла ў тэхнікум у Іўе. Там атрымала спецыяльнасць дыспетчара з веданнем справаводства. На размеркаванні да мяне падышоў тагачасны старшыня саўгаса “Рытанскі» Георгій Фёдаравіч Кара. Маўляў, у тамтэйшай гаспадарцы не толькі працаваць будзеш, але і жыллё дадуць. Так і апынулася на Астравеччыне: пачынала працаваць у падсобным цэху. Падумаць тады не магла, што Рытань стане для мяне другой радзімай, – узгадвае пачатак працоўнай дзейнасці жанчына. – На вяселлі сяброўкі пазнаёмілася з Сашам. Відаць, гэта быў лёс. Хутка пабраліся шлюбам. З мужам, светлая яму памяць, пражылі больш за 25 гадоў, выгадавалі траіх дзяцей.

У дзень нашага візіту ў слесара па абслугоўванні малочнага абсталявання Сяргея Сівака быў выхадны – менавіта гэтаму працаўніку перадалі пуцёўку ў санаторый.

Юрый Адула віншуе аднаго з самых лепшых “рытанскіх” жывёлаводаў

Марына Кадушкевіч і Святлана Наневіч (МТК «Рытань»)

«Падольцы»

Пагалоўе – 1 497 асобін, у тым ліку 790 дойных кароў. Валавы надой ад рагулі за мінулы год – 6 120 кг.

Начальнік МТК Гражына Рабкоўская запэўніла, што на комплексе добрыя санітарна-бытавыя ўмовы, таксама тут стараюцца падмяняць адзін аднаго, каб у працаўнікоў былі выхадныя.

Аператар машыннага даення Наталля Лакуцэвіч – перадавая даярка. Падчас прафсаюзнай акцыі «Наш жывёлавод» жанчыну неаднойчы адзначалі, калі яна працавала на МТК «Беразоўка» КСУП «Варняны».

– Былы памочнік начальніка гэтага малочна-таварнага комплекса Святлана Астроўская перайшла ў саўгас – яна мне і падказала, што тут патрабуюцца даяркі, – расказвае жанчына. – У жывёлагадоўлі я з 16 гадоў. Была цялятніцай, даіла кароў. Мой агульны стаж работы ў сельскай гаспадарцы, думаю, наблізіўся да 25-ці. Работы не баюся з маленства.

У «Падольцах» Наталля Лакуцэвіч знайшла не толькі заробак, які задавальняе, але і другую палавіну – пазнаёмілася з Чаславам Лакуцэвічам, які адказвае на комплексе за стан малочнага абсталявання.

– Наташа падабаецца ўсім: прыгожая, а галоўнае – працавітая. У яе душа ёсць, – нешматслоўна, але з пяшчотай у голасе зазначыў мужчына.

Аператара машыннага даення Вольгу Палятаеву мы не заспелі: жанчына паехала ў райцэнтр фатаграфавацца да Дошку гонару саўгаса «Падольскі». Але працаўнікі паабяцалі перадаць ёй Падзяку і падарунак.



Падарункі прымае перадавая даярка “Падольцаў” 

 

Наталля Лакуцэвіч і Часлаў Лукашэвіч (МТК«Падольцы»)

Кампетэнтна

Юрый Адула:

– Ініцыяваная некалькі гадоў назад рэспубліканскім камітэтат акцыя паказала эфектыўнасць. Штогод мы стараемся адзначыць розных работнікаў, незалежна ад вытворчых поспехаў – і кожны з іх гэтага заслугоўвае. Акрамя гэтага, такія сустрэчы паказваюць, што хвалюе людзей, якія ў іх праблемы і клопаты. Сёлета сумесна са старшынямі прафсаюзных арганізацый КСУПаў гэтае мерапрыемства дапоўнілі новаўвядзеннем – бясплатнай пуцёўкай у санаторый на 7-мі ці 10-ці дзённы адпачынак. Адарвацца ад штодзённых клопатаў, змяніць атмасферу – верыцца, што гэта пойдзе на карысць працаўнікам жывёлагадоўлі, якія старанна цяжка шчыруць на фермах і комплексах і ў нядзелю, у выхадныя і святы.

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич
 
Па матэрыялах газеты "Астравецкая праўда"

Читайте также: