Акцыя “Ад усёй душы”. Навагоднія падарункі для пажылых людзей
Актыўна праходзіць на Дзятлаўшчыне дабрачынная рэспубліканская акцыя “Ад усёй душы”, якая заклікана падарыць увагу, падтрымку і добры настрой пажылым людзям у святочныя навагоднія і калядныя дні.

У аграгарадок Вензавец павіншаваць са святамі паважаных работнікаў сельскай гаспадаркі прыехалі з падарункамі першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Віталій Шулейка і старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак. Яны завіталі ў госці да Веры і Уладзіміра Калач. Вера Віктараўна ў свой час была старшынёй калгаса “Чырвоны Кастрычнік”, а Уладзімір Іванавіч працаваў там дыспетчарам.


Наведалі яшчэ аднаго былога старшыню гэтай гаспадаркі Віталія Канапліцкага. Віталій Яўгенавіч у свае 88 гадоў не сумуе, знаходзіць заняткі не толькі для цікавага, але і карыснага баўлення часу – так, напрыклад, добра сябруе з камп’ютарам, адкуль чэрпае шмат інфармацыі. Любіць успамінаць і гады сваёй працы, адзін з самых запамінальных момантаў якой – сустрэча з Пятром Машэравым.

– Жадаем вам здароўя, дабрабыту, удачы. У свой час вы добра папрацавалі, вялікі дзякуй за вашу працу, памятаем пра вас і цэнім. Каб яшчэ шмат гадоў сустракалі кожную раніцу з усмешкай, – пажадалі госці гаспадарам.

Святлана ГРЫШЫНА








