Акция «Наш животновод»: профсоюз АПК отметил лучших работников совхоза «Подольский»
Па добрай завядзёнцы падчас усяго зімне-стойлавага перыяду райкам прафсаюза АПК праводзіць акцыю «Наш жывёлавод». Штогод падчас яе адзначаюць розных работнікаў гэтай галіны, незалежна ад вытворчых паказчыкаў і стажу. А яшчэ, мне падаецца, гэтая ініцыятыва дае цудоўную магчымасць бліжэй пазнаёміцца з калектывамі, паглядзець, у якіх умовах яны працуюць; даведацца, што іх радуе і засмучае, і зрабіць вынікі, што змянілася за год на тым ці іншым аб’екце.

Другой кропкай у пункце маршруту раённага лідара аграрыяў Юрыя Адулы і карэспандэнта «раёнкі» значыўся РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі». Тут да нас далучыліся старшыня прафсаюзнай пярвічнай арганізацыі Алеся Шыманэль і казначэй Ала Завельская.

Мне чамусьці запомніліся першыя візіты на фермы гэтай гаспадаркі (тады яна займала апошні радок у раённым табелі сельгасвытворчасці). Умовы працы, як надоі і прывагі, жадалі лепшага, а работнікі літаральна не бачылі ніякай перспектывы. З прыходам новага кіраўніка, дзякуючы камандзе спецыялістаў і старанням саміх працаўнікоў, сітуацыя тут змянілася кардынальна за некалькі гадоў. І ў раслінаводстве, і ў жывёлагадоўлі цяпер саўгас «Падольскі» трывала займае залатую сярэдзіну, прапусціўшы наперад толькі флагманаў малочнай і мясной раённай вытворчасці – КСУП «Гудагай» і «Гервяты».
Наша газета неаднойчы расказвала пра змяненні, якія адбыліся на МТК «Падольцы» і «Рытань», дзе створаны ўсе ўмовы для людзей і жывёл. Невялікім фермам, канешне, да іх у гэтым сэнсе далёка. Тым не менш і там, у прыватнасці на «Падольцах», праводзяць рэканструкцыю жывёлагадоўчых памяшканняў.
Да слова, як і ў большасці гаспадарак, малочная вытворчасць у саўгасе сканцэнтравана на комплексах, на фермах займаюцца дарошчваннем і адкормам буйной рагатай жывёлы.
МТК «Рытань»
Пагалоўе – 1 590, дойных кароў – 800, сярэднясутачны надой – 23,1 кг
Прызнацца, на гэтым аб’екце з усіх «саўгасных» люблю бываць найбольш. І не таму, што тут адрозная атмасфера ці іншыя людзі (хоць у пэўнай ступені гэта так). Найбольш падкупляюць чысціня і парадак у памяшканнях, а таксама дагледжанасць тэрыторыі.
Дарэчы, менавіта тут дзякуючы будаўніцтву новага памяшкання для цялушак плануюць зрабіць закрыты цыкл гадоўлі. Праўда, часу ўнікаць у планы кіраўніцтва ў радавых работнікаў няма: жывёла ж не будзе стаяць галодная і недоеная.
Больш за 10 гадоў тут працуе Аляксандр Бабіч. Спачатку ён быў слесарам у малочнай зале. Потым мужчыну перавялі ў жывёлаводы.
Аператар машыннага даення Алена Тумаш перайшла ў саўгас «Падольскі» з КСУП «Варняны». На ферме ў Карвэлях у жанчыны была свая група, а на комплексе з напарніцамі па чарзе яны дояць усіх кароў.

Марына Грыгаровіч на ферму прыйшла літаральна пасля 9 класа і засталася. У групе жанчыны звыш 380 галоў. Падчысціць гной, пакласці соль, падсунуць кармы – не засумуеш. А ў санітарныя дні з іншымі працаўнікамі яна наводзіць парадак у кароўніках.
Хоць па адукацыі Ірына Бервячонак ветэрынарны ўрач, але ў «Рытані» яна працуе начным вартаўніком. Яе задача не толькі сачыць за парадкам, але, калі трэба, дапамагчы карове ацяліцца і ў першыя хвіліны жыцця выпаіць малое малозівам. Ад гэтага залежыць здароўе і развіццё будучай каровы ці бычка.
За спраўнасць малочнага абсталявання на комплексе адказвае Сяргей Сівак. Мужчына быў на выхадным, таму падарунак яму пазней перадалі калегі.
МТК «Падольцы»
Пагалоўе – 1 557, дойных кароў – 800, сярэднясутачны надой – 23,1 кг
Умовы для работнікаў і цялят на гэтым комплексе значна палепшалі, дзякуючы ўзвядзенню новага сучаснага прафілакторыя, а пры ім – малочнай кухні. Поруч з мясцовымі жыхарамі даглядаюць за жывёлай і дояць кароў індусы. Праўда, у гэты дзень прафсаюзы адзначылі тых работнікаў, якія аддалі жывёлагадоўлі больш за 10 гадоў: аператара машыннага даення Аксану Ільюк, жывёлавода Людмілу Базіс, а таксама слесараў Юрыя Юковіча, Мікалая Занько і жывёлавода Сяргея Бернюкевіча, у якіх быў выхадны.

Ферма «Падольцы»

Пагалоўе – 343, сярэднясутачная прывага – 878 гр
Загадчык фермы Наталля Панамар у жывёлагадоўлі раёна чалавек не новы. Да гэтага жанчына ўзначальвала фермы ў КСУП “Гервяты” і “Міхалішкі”.
Жывёлавод Ларыса Пруднікоўская штодзень старанна клапоціцца пра сваіх падапечных.
Ферма «Кемелішкі»

Пагалоўе – 959, сярэднясутачная прывага – 508 гр
Гэта адзін з нямногіх жывёлагадоўчых аб’ектаў саўгаса, дзе працуюць выключна жанчыны. Згадзіцеся, даглядаць за быкамі больш мужчынская справа, але кемелішскія дзяўчаты і тут дадуць фору. У прыватнасці, Валянціна Вашкевіч і Святлана Будзько.
Апошняя атрымала пуцёўку ў санаторый ад прафсаюзнай пярвічкі саўгаса. Восьмага сакавіка жанчына будзе сустракаць, адпачываючы ў «Нарачы».

Ферма «Талюшаны»
Пагалоўе – 218, сярэднясутачная прывага – 704 гр
Ферма хоць і не можа пахваліцца сучасным абсталяваннем і ўмовамі, але тут пануе ўтульнасць, створаная рукамі работнікаў.
У саўгас Іван Малаховіч прыйшоў адразу пасля заканчэння Кемелішскай школы. Пачынаў паляводам, потым яго перавялі ў жывёлаводы. Дарэчы, яго жонка, з якой яны гадуюць і выхоўваюць пяцра дзетак, таксама працуе ў гаспадарцы, цяпер знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку.

На ферме «Талюшаны» Лявон Дземідовіч толькі другі год, але за гэты непрацяглы час вартаўнік зарэкамендаваў сябе з самага лепшага боку.

Ферма «Стрыпуны»
Пагалоўе – 189, сярэднясутачная прывага – 905 гр
Не адно дзесяцігоддзе пра жывёлу клапоцяцца Уладзіслава Гарбачова і Валянціна Цэйка. Іх галоўны памочнік, як і ў даўнейшыя часы, не сучасны кормараздатчык, а конь. Але жанчыны не скардзяцца і не наракаюць, тым больш, што мужы заўсёды дапамагаюць на ферме сваім другім палавінкам.

Слова арганізатарам
Юрый Адула, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК:
– Падчас сустрэч з калектывамі комплексаў і ферм хочацца данесці да людзей, што прафсаюз – гэта не я, і не Алеся Іванаўна, а кожны працаўнік; што мы заўсёды адкрыты да прапаноў, ідэй, пажаданняў і па меры магчымасцей стараемся дапамагчы ўвасобіць іх у жыццё.
Сёлета марознае надвор’е выпрабоўвала жывёлаводаў, якія зрабілі ўсё магчымае для беспраблемнага знаходжання жывёлы на фермах і комплексах. Менавіта работнікаў гэтай галіны сельскай гаспадаркі без перабольшвання можна назваць героямі.
Аднак клопат у гэтыя дні распаўсюджваецца і на людзей. Прадстаўнікі нашага галіновага прафсаюза аб’ехалі ўсе аб’екты, каб убачыць, як арганізаваны быт работнікаў. І гэта, у першую чаргу, была не праверка, а жаданне аказаць пасільную дапамогу. Так, старшыня прафсаюзнай пярвічнай арганізацыі саўгаса развезла чайнікі і мікрахвалёўкі на фермы – тыя, дзе яны былі неабходны.
Думаю, што дзякуючы акцыі і намаганням прафсаюзных актывістаў нашы жывёлаводы яшчэ больш усвядомяць, што іх праца важная і патрэбная і яна цэніцца.








