Адна ў нас калыска — воранаўскі край

Святочны карагод ХІІ адкрытага раённага фестывалю народных традыцый і мастацтва “Кола сяброўства” з’яднаў землякоў у Радуні.
Традыцыйны вераснёўскі фэст стаў візітоўкай радунскай зямлі. Як ніякое свята, ён пакрэслівае, што спакон вякоў людзі розных нацыянальнасцей і веравызнання жывуць на нашай любай Бацькаўшчыне ў згодзе і сяброўстве, адной сям’ёй.
Дружна, з дзяржаўнай сімволікай у руках, пад гукі аркестра, са шчырымі ўсмешкамі на тварах па цэнтральнай вуліцы пасёлка да галоўнай сцэны на плошчы крочылі прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў, нацыянальнасцей. Беларусы, рускія, літоўцы, палякі, яўрэі, цыгане, украінцы… На ўсіх — адна зямля, адна Радзіма.

— Сённяшняе мерапрыемства аб’яднала два святы — Дзень народнага адзінства, 80-годдзе Гродзенскай вобласці. Яны ярка дэманструюць, якіх поспехаў дасягнуў наш раён за дзесяцігоддзі мірнага жыцця разам з усёй краінай. Мы адбыліся як народ, як нацыя, як дзяржава, перамаглі ў Вялікай Айчыннай вайне, адрадзілі краіну з попелу дзякуючы людзям працы. Нам ёсць чым ганарыцца, — адкрыў урачыстасць першы намеснік старшыні Воранаўскага райвыканкама Аляксандр Ясінскі. — Гісторыя вучыць, што беларусы моцныя менавіта еднасцю і сяброўствам. Таму наш святы абавязак — падтрымліваць тыя шматвекавыя сувязі, якія злучаюць нашых грамадзян у адзіны народ, дапамагаць прадстаўнікам розных нацый зберагаць сваю духоўную адметнасць дзеля ўзбагачэння агульнай беларускай культуры. Менавіта таму на гасціннай радунскай зямлі ў дванадцаты раз ладзіцца адкрыты раённы фестываль народных традыцый і мастацтва. Няхай жа гэты фестываль і надалей знаёміць усіх з творчымі здабыткамі розных нацыянальных супольнасцей і адкрывае новыя таленты.

Да віншаванняў далучыўся дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Віталій Ракавец:
— У Беларусі на працягу стагоддзяў побач адзін з адным жывуць у міры і згодзе прадстаўнікі розных нацыянальнасцей, рэлігій, культур. Гэтая разнастайнасць і талерантнасць сталі візітнай карткай нашай краіны. Менавіта захоўваючы гістарычную памяць, прытрымліваючыся духоўных і маральных каштоўнасцей нашага грамадства, дэманструючы багацейшую гісторыка-культурную спадчыну нашай краіны, важна разам зберагаць і памнажать здабытак любімай Беларусі дзеля дабрабату будучых пакаленняў.
Фестываль у Радуні — гэта далучэнне да культуры розных народаў, дэманстрацыя іх талентаў і майсэрста, гэта крыніца пазітыву і радасці, эмоцый і задавальнення, гэта яркае відовішча, якое аб’ядноўвае ўсе нацыянальнасці, якія жывуць на Воранаўшчыне, падкрэсліў парламентарый.




На свяце ў цэнтры ўвагі былі нашы землякі, якія сваёю плённаю працай зрабілі важкі ўнёсак у развіццё роднага краю. Асобныя словы ўдзячнасці гучалі вяскоўцам, што многія працоўныя гады аддалі сельгаспрадпрыемству “Доцішкі”. Гаспадарка сёлета адзначыла 75-годдзе з дня ўтварэння. Граматай райвыканкама былі адзначаны майстар участка добраўпарадкавання і саначысткі РУП ЖКГ Алена Бутрым, механізатар Ян Адамоніс і вадзіцель Францішак Здановіч з КСУП “Доцішкі”, ветэран працы Даніеля Іосіфаўна Свечка. Узнагароды ад райкама прафсаюза работнікаў АПК атрымалі галоўны энергецік Збігнеў Лінга, вадзіцель Генадзь Лявон, ветэрынарны ўрач Уладзіслаў Лемантовіч, слесар Генрык Блажук і дыспетчар Станіслава Рус з КСУП “Доцішкі”.
Святочны настрой радунцам і іх гасцям стварылі нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.І. Цітовіча, а таксама артысты Воранаўшчыны, са Шчучынскага раёна і кавер-група “Азарт”.
























Марына КАНДРАТОВІЧ.
Фота Алега БЕЛЬСКАГА.
По материалам газеты "Воранаўская газета"








