Главная » Новости » Лента новостей

Абед з дастаўкай

156

Гарачае харчаванне ў полі – абавязковы клопат усіх сельскіх гаспадарак раёна.

У адказны перыяд уборачнай кампаніі, калі на хлебаробаў прыходзіцца велізарная нагрузка і людзі знаходзяцца ў полі ад світання да змяркання, асаблівую актуальнасць набывае арганізацыя гарачага харчавання працаўнікоў. Гэтае пытанне трымаецца на пастаянным кантролі.

У рамках раённага агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю харчавання механізатараў, які працягнецца да 10 верасня, прафсаюзны лідар Валерый Макарчык і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Казак пабывалі ў КСУП “Хвінявічы”, каб паглядзець, як клапоцяцца ў гаспадарцы пра здаровае харчаванне работнікаў.

Напачатку яны наведалі сталовую гаспадаркі , пагутарылі з загадчыцай, адправіліся на мехмайстэрню, куды павезлі абеды для працаўнікоў.

– Гатуюць у нас смачна, меню разнастайнае, – зазначыла  Ганна Федарэвіч, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце КСУП “Хвінявічы”. –  З ранняй вясны і да самай восені мы забяспечваем гарачым і збалансаваным харчаваннем работнікаў прадпрыемства. Для таго, каб аператыўна развезці ежу, задзейнічаны дзве машыны, якія штодзённа дастаўляюць абеды і падвячоркі, з кожнай на палеткі выязджае кухонны работнік-раздатчык.  Забяспечаны яны ўсім неабходным: перанасны камплект мэблі (столік і крэслы), посуд, маецца таксама ўстаноўка для мыцця рук, змываючыя і дэзынфікуючыя сродкі.  У гэтым годзе набылі новыя і абнавілі старыя тэрмасы, купілі посуд.

– Падчас агляду-конкурсу звяртаем увагу не толькі на забяспечанасць механізатараў гарачым харчаваннем, пітной вадой, але і сродкамі індывідуальнай аховы, – адзначае Уладзімір Казак. – Прафсаюзы заўсёды трымаюць на кантролі спектр пытанняў, якія датычацца аховы працы і рэжыму адпачынку.

Клопатаў з арганізацыяй харчавання, вядома ж, шмат, але ўсе гэта прыносіць станоўчы вынік. Ад самаадчування работнікаў, ад іх настрою залежаць паказчыкі і ў раслінаводстве, і ў жывёлагадоўлі, і ў эканоміцы прадпрыемства.

Вольга ЮШКЕВІЧ

Па матэрыялах "Перамога"

Читайте также: