Главная » Новости » Лента новостей

ААТ “Граніт-Агра” адсвяткавала “Дажынкі” (+відэа)

179

27 жніўня ўшанавалі працаўнікоў сельгаспрадпрыемства, якія былі заняты на жніве-2022.

Урачыстасць праходзіла на пляцоўцы ў цэнтры Круцілавічаў: сюды сабраліся жыхары аграгарадка і наваколля, госці свята.

Распачалося мерапрыемства святочным шэсцем удзельнікаў жніва. Гэта камбайнавыя экіпажы, вадзіцелі, якія займаліся адвозкай збожжа, працаўнікі збожжасушыльных комплексаў, спецыялісты гаспадаркі, працаўнікі іншых службаў сельгаспрадпрыемства, якія забяспечвалі зладжаную працу на жніве.

Сёлета ААТ “Граніт-Агра” адны з першых закончылі ўборачную, у час якой працавала 15 камбайнавых экіпажаў. “Хлебны каравай” гаспадаркі аказаўся важкі: атрымана 17 424 тоны зерня пры сярэдняй ураджайнасці 46 цэнтнераў з гектара. Адметна тое, што ААТ “Граніт-Агра” належыць чвэрць пасяўных плошчаў усяго раёна.

Гаспадарка ганарыцца сваімі працаўнікамі, якія маюць вялікія дасягненні на жніве-2022. Напрыклад, камбайнер Уладзімір Гукіш узяў двухтысячны рубеж па намалоце збожжа. Амаль дасягнулі гэтай планкі Андрэй Гукіш і Уладзімір Чарняўскі. Больш за паўтары тысячы тон збожжа намалаціў Аляксей Лашкоўскі. На перавозцы зерня сталі лідарамі вадзіцелі Аляксандр Бакей, Казімір Рысюк, Валерый Крысанаў, Міхаіл Нагорны, а ў рабоце на сушыльных агрэгатах – Андрэй Буча і Віктар Лазовік. Гэтыя і многія іншыя працаўнікі ААТ “Граніт-Агра” на ўрачыстасці былі адзначаны дыпломамі, граматамі, грашовымі прэміямі, каштоўнымі падарункамі.

У гэты дзень працаўнікі поля прымалі віншаванні ад настаяцеля храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы гарадскога пасёлка Наваельня протаіерэя Валерыя Мануйлы і настаяцеля парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў гарадскім пасёлку Наваельня і кіруючай парафіі Святой Тройцы ў вёсцы Стараельня ксяндза Алега Жураўскага, якія бласлаўлялі працаўнікоў на жніво, а цяпер падзякавалі Богу і людзям за тое, што маем такі важкі плён стараннай працы. Па традыцыі яны асвяцілі хлеб новага ўраджаю.

Дырэктар ААТ “Граніт-Агра” Станіслаў Мазур выказаў задавальненне жніўнай працай усіх: спрацавалі зладжана і вынікова. Намалот сёлета выдатны. Пашана і гонар людзям працы! Кіраўніку гаспадаркі галоўны аграном Алена Майсейчык уручыла каравай як сімвал завяршэння жніўнага клопату.

З заканчэннем жніва гранітаўцаў павіншаваў старшыня Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі і не толькі ад сябе асабіста, але і ад старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага, пажадаў заставацца «Граніт-Агра» такім жа выдатным, дружным калектывам.

Аляксандр Станіслававіч выканаў вельмі прыемную місію – уручыў  Ганаровыя граматы раённага Савета дэпутатаў дырэктару ААТ «Граніт-Агра» Станіславу Мазуру і галоўнаму інжынеру Андрэю Падліпскаму; Падзячныя лісты раённага Савета дэпутатаў атрымалі брыгадзір вытворчай брыгады Яўген Лазовік, трактарысты-машыністы Віктар Грос, Юрый Журавель, Аляксандр Жых.

Да віншаванняў і пажаданняў далучыўся намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Ігар Кухарэвіч. Ён уручыў каштоўныя падарункі брыгадзіру вытворчай брыгады Іне Грыцкевіч, загадчыцы склада Жанне Апанасік, трактарыстам-машыністам Дзмітрыю Масейку, Андрэю Аўгусціновічу, вадзіцелю аўтамабіля Анатолію Нагорнаму.

З самым галоўным святам на сяле павіншаваў усіх прысутных старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак. Ён узнагародзіў Дыпломам Гродзенскага абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК камбайнера Уладзіміра Гукіша, а Падзячнымі лістамі Дзятлаўскага раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК – вадзіцеляў аўтамабіляў Станіслава Харошку, Івана Грыцкевіча і загадчыцу склада Вольгу Нагорную.

Першы сакратар раённай арганізацыі  грамадскага аб’яднання “БРСМ” Кацярына Хілімончык адзначыла, што вельмі прыемна, калі разам з вопытнымі работнікамі працуе маладое пакаленне, якое перанімае іх вопыт і майстэрства. Яна павіншавала ўсіх са святам і ўручыла памятныя падарункі аграному Кірылу Цыбульскаму, электрагазазваршчыку Паўлу Траяноўскаму.

Хлебаробам за працу падзякавала старшыня Данілавіцкага сельвыканкама Ганна Жых, якая пажадала ўдзельнікам жніва здароўя, дабрабыту, не меншых намалотаў у наступнае жніво, міру і спакою – у дамах і сем’ях. Ад пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання «БСЖ» пры Данілавіцкім сельвыканкаме яна ўзнагародзіла Падзячнымі лістамі і каштоўнымі падарункамі жанчын-працаўніц сельгаспрадпрыемства, памочніцаў камбайнераў Ірыну Майсейчык і Ларысу Буткевіч. Акрамя гэтага, Ганна Мікалаеўна выказала словы падзякі камбайнеру Уладзіміру Чарняўскаму ад жыхароў вёскі Лапушна за дапамогу ва ўборцы збожжа на прысядзібных участках.

Урачыстая частка мерапрыемства закончылася частаваннем хлебам з мукі новага ўраджаю.

Напрыканцы свята музычныя падарункі працаўнікам гаспадаркі і прысутным падарылі сталічныя артысты – група “Дразды”.

З вялікім задавальненнем дзеці паўдзельнічалі ў інтэрактыўным прадстаўленні ўзорнага тэатра роставых лялек “Лялькі для ўсіх”.

Непадалёку ад пляцоўкі, дзе праходзіла ўшанаванне перадавікоў, была наладжана традыцыйная выстава сельскагаспадарчай тэхнікі. Хлопчыкі з цікавасцю асвойвалі яе. Акрамя гэтага, малеча забаўлялася на батутах і арэлях, пастраляла ў пнеўматычным ціры, частавалася прысмакамі.

Можна сказаць з упэўненасцю, што “Дажынкі” сталі для аграгарадка Круцілавічы адметнай падзеяй.

Таццяна ГРЫЦУК
Фота Ільі КАВАЛЕНКІ

Па матэрыялах "Перамога"

Читайте также: