Главная » Новости » Лента новостей

75 гадоў у справах. КСУП «Царука» адзначае юбілейную дату

69

75 гадоў таму, у 1949 годзе, некалькі калгасаў, створаных на тэрыторыях Ярэміцкага, Скорыцкага і Сіняўкаслабодскага сельскіх Саветаў, аб’ядналіся ў адзін, які сёння называецца КСУП “Царука”. Гэтую назву прадпрыемства атрымала 7 сакавіка  на агульным сходзе ў знак пашаны да славутага земляка, ураджэнца в. Вялікая Вобрына, Героя Савецкага Саюза Уладзіміра Зянонавіча Царука.

Ва ўсе часы ярэміччане славіліся сваёй працай, высокімі дасягненнямі і ўзнагародамі. Руплівыя працаўнікі калгаса імя Царука былі ўзнагароджаны шматлікімі дзяржаўнымі ўзнагародамі. Працягваюць добрую традыцыю і сённяшнія работнікі КСУП “Царука”. Сярод іх, напрыклад, жывёлавод па доглядзе за цялятамі да шасці месяцаў вытворчай брыгады ў жывёлагадоўлі МТФ “Малая Вобрына” Генадзій Пяшко.

У гаспадарцы адзначаюць: на такіх, як Генадзій Васільевіч, трымаецца сельская гаспадарка. Ён усё робіць па-гаспадарску, здаецца, гэта ў яго ў крыві, бездакорна выконвае даручаныя абавязкі, у яго добрасумленнасці і адказнасці можна не сумнявацца.

У жывёлагадоўчай галіне мужчына працуе больш двух дзясяткаў гадоў. Сам мясцовы, родам з Малой Вобрыны. Яшчэ да арміі працаваў у калгасе імя У. З. Царука. Адслужыўшы, сюды і вярнуўся.

Працоўны дзень у жывёлавода пачынаецца рана. Лета на двары альбо зіма, рабочы дзень альбо выхадны, у пяць гадзін раніцы Генадзій Пяшко ўжо завіхаецца на ферме, клапоцячыся аб сваіх падапечных.

— Мая галоўная задача — своечасова забяспечыць малых якаснымі кармамі ў дастатковай колькасці, — расказвае мужчына. — Пастаянна сачу за тым, каб у паілках была чыстая вада. Немалаважнымі з’яўляюцца і ўмовы ўтрымання маладняку, санітарыя ў памяшканні. Своечасова трэба пачысціць загарадкі і падаслаць малых. У сваю чаргу падапечныя адчуваюць клопат і радуюць добрымі прывагамі.

Па словах жывёлавода, з цялятамі працаваць вельмі цікава. У кожнай жывёлы свае звычкі і характар.

У 2021 годзе Генадзій Васільевіч стаў пераможцам раённых спаборніцтваў сярод аператараў механізаваных ферм, занятых дагадоўваннем маладняку буйной рагатай жывёлы. У наступным годзе яму была аб’яўлена падзяка Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь за шматгадовую плённую, добрасумленную працу, значны ўклад у развіццё жывёлагадоўчай галіны аграпрамысловага комплексу, дасягненне высокіх паказчыкаў у рабоце. У 2023 годзе мужчына атрымаў падзяку Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. Але ганарыцца ўзнагародамі мужчына не прывык:

— Зразумела, прыемна, калі тваю працу ацэньваюць. Але для мяне галоўнае — якасна выконваць сваю працу.

Не любіць спачываць на лаўрах і трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці Уладзімір Пахадзенька. Калі мы прыехалі на мехмайстэрні, мужчына завіхаўся каля свайго трактара: падрыхтоўка тэхнікі да пасяўной кампаніі ў самым разгары.

Уся біяграфія мужчыны звязана з ярэміцкай зямлёй: нарадзіўся ў в. Малая Вобрына, скончыў 9 класаў Ярэміцкай школы. Пасля службы ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь тут жа рабіў першыя працоўныя крокі. Спачатку працаваў даглядчыкам на ферме ў роднай вёсцы. Праз некалькі гадоў атрымаў вадзіцельскае пасведчанне і пачаў шчыраваць на трактары. А як жа інакш, калі жыва ўсплывалі дзіцячыя ўспаміны, як бацька Павел Канстанцінавіч браў сына з сабой у поле.

— Гатовы працаваць з раніцы да вечара, нават без выхадных. Так яно і адбываецца, таму што работы з надыходам вясны шмат: падкормка азімых зерневых, пасяўная кампанія, якая ў імгненне вока пераходзіць ва ўборачную.

У 2023 годзе Уладзімір Паўлавіч у складзе дэлегацыі Карэліцкага раёна прыняў удзел у абласным свяце “Дажынкі” ў г. Зэльва, дзе атрымаў Падзячнае пісьмо Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.

— Больш люблю будні, чым святы, — прызнаецца мужчына. — Мне заўжды было прасцей шчыраваць у вёсцы, чым адпачываць у горадзе. Праца ў полі не толькі не стамляе, а, наадварот, напаўняе сіламі і энергіяй.

У КСУП “Царука” налічваецца 6544 га сельгасугоддзяў, у тым ліку 2377 га ворыва. На жывёлагадоўчых фермах гаспадаркі ўтрымліваецца 2535 галоў буйной рагатай жывёлы, з якіх 1180 кароў.

Калектыў гаспадаркі — 172 чалавекі, якія старанна працуюць дзеля поспехаў гаспадаркі. Машынна-трактарны парк сельгаспрадпрыемства ўключае 34 трактара, 6 збожжаўборачных, тры кормаўборачных і два бульбаўборачных камбайна, 20 грузавых аўтамабіляў і іншую сельгастэхніку.

Па выніках 2023 года працаўнікі КСУП «Царука» змаглі паказаць добрыя вынікі: ураджайнасць зерневых пасля дапрацоўкі склала 46,4 ц/га, бульбы — 336 ц/га, цукровых буракоў — 468 ц/га. На бягучы зімовы перыяд аграрыямі гаспадаркі нарыхтавана дастатковая колькасць высакаякасных кармоў: 718 тон сена, 12347 тон сенажу, 8062 тоны сіласу.

Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара

По материалам газеты "Полымя"

Читайте также: