Главная » Новости » Лента новостей

Жанчына з характарам. Таццяна Мацко з КСУП “Галынка” ўмела кіруе пераважна мужчынскім калектывам

140

Таццяна каля 30 гадоў працуе прарабам будаўнічага ўчастка.



ававыаыа.PNG
На першы погляд прафесія Таццяны Мацко здаецца не зусім жаночай, але наша гераіня смела развейвае гэты стэрэатып і пераконвае, што жанчына здольна справіцца з любой працай. Увесь працоўны стаж Таццяны Уладзіміраўны прыналежыць КСУП “Галынка” Зэльвенскага раёна. Большасць гадоў яна прысвяціла працы прарабам будаўнічага ўчастка. 

Практычна ўсе яе падапечныя – мужчыны, і ні адзін з іх не ставіць пад сумненне аўтарытэт нашай гераіні. Карэспандэнту “ГП” Таццяна Мацко расказала, як заваявала павагу сярод калег і на чым павінны грунтавацца здаровыя прафесійныя зносіны. 

Інстытут заканчвалі ўтраіх

Таццяна Мацко нарадзілася і вырасла ў невялічкай вёсцы Боблы Валынскай вобласці, што на Украіне. Бацькі ўсё жыццё працавалі ў мясцовым калхозе, у любові і пяшчоце выхоўвалі дзвюх дзяўчынак. 

– Бацькі марылі, каб мы з сястрой атрымалі вышэйшую адукацыю, таму пастаянна звярталі нашу ўвагу на неабходнасць добра вучыцца. Вучыліся мы добра. У мяне была толькі адна чацвёрка па ўкраінскай літаратуры. Сястра марыла стаць настаўнікам гісторыі, а я вырашыла паступаць ў Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут, – успамінае Таццяна Мацко.

Разам з Таццянай у групе вучыўся і малады ўраджэнец Зэльвенскага раёна па імені Алег. Першы курс хлопец з дзяўчынай толькі прыглядаліся адзін да аднаго. А ўжо на другім стала зразумела, што гэта больш, чым проста сяброўства. Па словах Таццяны, будучы муж захапіў яе сваёй сур’ёзнасцю і дысцыплінай. Спакойны, размераны і вельмі клапатлівы малады чалавек хутка заваяваў яе сэрца. Скора яны ажаніліся, а пасля 4 курса, у жніўні, у іх нарадзіўся сынок. 

Абодва студэнты вырашылі працягнуць вучобу. Таму ўжо ў верасні вярнуліся ў Брэст утраіх. Выкладчыкі пайшлі насустрач маладой сям’і, таму што і Алег, і Таццяна былі стараннымі вучнямі і адказна адносілся да вучобы.

– Першыя паўгода на заняткі хадзілі па чарзе, – з усмешкай расказвае Таццяна. – Пакуль я з сынам – муж у інстытуце. Затым ён прыбягаў у інтэрнат, а я ўжо чакала яго ў дзвярах, гатовая бегчы на заняткі. Адным словам, было няпроста. Але ўсё атрымалася. Адвучыліся, стварылі сям’ю і ні разу не пашкадавалі.

Пасля вучобы маладая сям’я вырашыла адправіцца на малую радзіму Алега – у Зэльвенскі раён. Тут пару сустрэлі гасцінна. Муж уладкаваўся на працу ў калхоз “Светлы шлях”, што ў аграгарадку Дзярэчын. Таццяна некалькі гадоў знаходзілася ў дэкрэце. А пасля выйшла на працу ў КСУП “Галынка”, дзе працуе па сённяшні дзень.

З часам муж Таццяны вырашыў змяніць прафесію. Уладкаваўся ў раённы аддзел міліцыі і шмат гадоў прысвяціў гэтай справе. Сёння мужчына ўжо на пенсіі. Дарэчы, пасля першага сына ў Алега і Таццяны нарадзілася яшчэ і дачка. Абодва ўжо дарослыя, маюць сваіх дзяцей. Сын працуе ў праваахоўных органах, а дачка стала ўрачом.
 
– Дзяцей мы выхавалі добрых. Ёсць чым ганарыцца, – адзначае субяседніца. – З мужам таксама пабудавалі добрае сямейнае жыццё. Па характарах мы розныя. Ён – размераны і спакойны, а я “прабіўная”. 

Яе каманда

Калі Таццяна Мацко прыступіла да сваіх працоўных абавязкаў, ёй было каля 25 гадоў. Яна памятае, як упершыню ўбачыла свой калектыў: дарослыя мужчыны, якія мала хацелі падначальвацца маладой і нявопытнай дзяўчыне. Адразу было страшна, успамінае Таццяна. Яна многа думала, як арганізаваць працу брыгады так, каб выконваць яе на выдатна. Прыйшлося ісці на крайнія меры. 

– Раней час быў такі, што будаўнікі выязджалі ў лес па матэрыялы і абавязкова выпівалі. Памятаю, прыходжу на працу, а мае падапечныя ўжо ў аўтобусе. Ну, думаю, якія малайцы, гатовыя ехаць. Заходжу ў аўтобус і бачу, што яны ўжо не ў тым стане, каб ехаць кудысьці. Устаю і гавару: усе выходзяць, сёння мы нікуды не едзем. Пайшла да кіраўніка калхоза, усё яму патлумачыла. Наступны дзень – і зноў такая сітуацыя. Я таксама адмовіла ў паездцы. Зноў пайшла да кіраўніка з тлумачэннем. А пасля яны зразумелі маю тактыку і больш такіх праблем у нас не было, – расказвае Таццяна Уладзіміраўна.

З гадамі яна фарміравала новы калектыў. Але і сёння разам з Таццянай працуюць тыя, з кім яна толькі пачынала свой прафесійны шлях. Усяго пад кіраўніцтвам нашай гераіні працуе каля 30 чалавек. З іх толькі две жанчыны. Будаўнічы калектыў выконвае ўсе рамонтна-мантажныя справы на аб’ектах КСУП “Галынка”. Простымі словамі, яны сочаць за тым, каб сельскагаспадарчныя жывёлы знаходзіліся ў прыдатных умовах, а людзі працавалі ў камфорце і чысціні. Акрамя гэтага, дзякуючы Таццяне Мацко і яе калегам з кожным годам прыгажэе не толькі прадпрыемства, але і сам аграгарадок.

– Нам вельмі пашанцавала з дырэктарам гаспадаркі. Ён не дзеліць тэрыторыю на вашу і нашу. Заўсёды паўтарае, што калі мы тут жывём, то павінны сачыць за чысціней і парадкам, што мы і робім, – гаворыць жанчына. – А на наш аграгарадок прыемна пагля­дзець: тры магазіны, амбулаторыя, парк. Жыві ды радуйся!

IMG_2884.JPG

Задаваць тэмп

Не магу не спытаць нашу гераіню, як жа яна столькі год выдатна спраўляецца са сваімі працоўнымі абавязкамі і трымае некалі заданы высокі ўзровень? Самае галоўнае, адказвае Таццяна Мацко, – гэта дысцыпліна. 

– Я не злая. Не сварлівая. Наадварот, заўсёды намагаюся пажартаваць, наладзіць камфортны клімат у калектыве. Але ведаю меру. Дысцыпліна – гэта аснова асноў. Варта толькі крыху спыніць тэмп, і ўсё разваліцца. Я такое не дапускаю, як кажуць, трымаю руку на пульсе, – дзеліцца Таццяна. 

Кожны працоўны дзень Таццяны Уладзіміраўны насычаны падзеямі і праходзіць, па словах гераіні, быццам імгненне. Але калі яна вяртаецца дадому, то працу пакідае за дзвярыма. Дома Таццяна ў першую чаргу любімая жанчына, мама і ўжо бабуля. 

– На працы слухаюцца мяне, а дома я слухаюся мужа. І гэты баланс мне падабаецца, 
– адзначыла жанчына. 


Таццяну Уладзіміраўну ў гаспадарцы паважаюць за многае. За смеласць, моц, уменне правільна арганізоўваць працу. Але самае галоўнае – за чалавечнасць. За ўменне слухаць і падтрымліваць. За справядлівасць і сумленнасць. У красавіку наступнага года Таццяна Мацко зможа выйсці на заслужаны адпачынак. На пытанне, ці працягне працаваць далей, яна адказвае лаканічна: 

– Як бог дасць... 

Мілана ДУДКО

Фото:з архіва гераіні

ИСТОЧНИК:

 

Читайте также: