З гэтай жвавай, хуткай і ўвішнай жанчынай не раз перасякалася, калі рыхтавала рэпартажы пра ход касавіцы і зімне-стойлавы перыяд у гаспадарках. Мяне заўсёды кранала тое, з якой непрыхаванай любоўю яна расказвае пра свой комплекс, калектыў; уражвала, як ад зубка (нават зазіраць у дакументы не трэба!) у яе адскокваюць лічбы пра пагалоўе, надоі, прывагі… Словам, спецыяліст заўсёды выклікала ўражанне чалавека на сваім месцы… Як аказалася, з паўвекавым стажам у адной галіне і больш таго – у адной гаспадарцы.
Чаму важней не выбар прафесіі, а любоў да таго, чым займаешся, як за гады трансфармавалася сельская гаспадарка – пра гэта і многае іншае расказала Алена Валяр’янаўна.

Ні кім быць, а як жыць
– Мама мяне і брата гадавала адна. Працавала яна ў паляводстве, пазней – даяркай. Дапамагчы нам не было каму, таму ніякай вясковай работы не баялася з дзяцінства.Хацела стаць настаўніцай, пазней – урачом. З іншымі дзецьмі гуляла ў школу: «пісала» планы, хоць літар добра яшчэ не ведала, і вучыла сябровак. Мясцовая фельчарка Зіна неяк надавала мне шкляных шпрыцоў – і я лячыла лялек, тады яны былі ватныя.
Пайшла ў Рытанскую школу. Вучылася добра. Некаторыя дзеці ўбраныя хадзілі на ўрокі, а я насіла што было. Праўда, глядзела сама за сабой, каб усё чысценькае было і выпрасаванае. Маці з-за работы на ферме не было калі гэтым займацца.
Восем класаў скончыла з адной «чацвёркай» – магла ісці вучыцца на настаўніцу ў педвучылішча. Бралі без экзаменаў, але нават не спрабавала. У хаце асаблівага дастатку не было, а каб у людзі выехаць, трэба больш-менш прыстойна апрануцца. Таму з васьмігодкі пайшла ў Кемелішскую сярэднюю школу.
«У 17 гадоў я цудоўна ўсведамляла, што з далейшай вучобай давядзецца пачакаць – жыць неяк трэба. Таму пасля школы пайшла працаваць у мясцовы саўгас «Рытанскі». Было гэта 7 студзеня 1976 года. Памятаю, што з першай зарплаты ўбралася, як лялька: купіла сабе светлае паліто з цёмным каўнерыкам, зялёны крымпленавы расклёшаны плашч».
І агранамія, і жывёлагадоўля – усё па сілах
– Паставілі мяне памочнікам брыгадзіра на ўчастак да Веніяміна Пятровіча Трафімчыка. На пасяўной, уборцы пісала нарады, вяла ўсю дакументацыю па раслінаводстве. Нават сама на трактары ездзіла за збожжам на склад перад сяўбой.Сталася, што не было каму на запраўцы быць, мяне туды накіравалі. Пазней загадчыца фермы ў Некрашунах нарадзіла дзіцятка і мяне папрасілі часова яе падмяніць. Не хацела ісці, плакала – там жывёлы было столькі, як цяпер на комплексах.
Вельмі дапамагла бухгалтар Ірына Сцяпанаўна Трафімчык. Пры сустрэчы неяк сказала: «Чаго ты каля заатэхніка сядзіш, прыходзь да мяне, усё пакажу і навучу». І сапраўды дзякуючы ёй хутка ўнікла ў вядзенне дакументацыі і ва ўсім разабралася. Ды і натура ў мяне такая, што трэба ўсё ведаць і разумець.
«Паступіла завочна ў Ваўкавыскі сельгастэхнікум на заатэхніка. Трэба было ехаць на сесію, я ўжо замужам, дачушкі маленькія, дома гаспадарка вялізная – не вырвацца. Але дала рады. Удзячна і тагачаснаму дырэктару Андрэю Мікалаевічу Севасцьяну які настаяў, каб не кідала вучобу».
Пазней ферму ў Некрашунах закрылі, жывёлу перавезлі на іншыя аб’екты. На нашым участку я падмяняла бухгалтара, якая была ў дэкрэтным адпачынку. Вяла ўсю справаздачнасць па раслінаводстве. Потым на складзе запчастак і будаўнічых матэрыялаў працавала інжынерам па ахове працы. Як аб’ядналі нас з «Кемелішкамі», перайшла на старую рытанскую ферму – і засталася па сённяшні дзень. Праўда, цяпер гэта сучасны і прыгожы комплекс.
З тых часоў запомнілася, што кароў даілі на пашы, быў перасоўны агрэгат. Дождж лупіць, бліскавіца неба палавініць, а нам ні па чым. Усюды разам, нічога не баяліся, маладымі былі. Залаты час!
На базе рытанскай фермы ўзвялі новы малочна-таварны комплекс, які адкрылі ў 2008 годзе. Было гэта пры старшыні Генадзі Феліксавічы Дэнюшы.
«Да комплексу прырасла душой»
– За некалькі дзесяцігоддзяў работа ў сельскай гаспадарцы, як і падыходы ў яе вядзенні, вельмі змяніліся. Калі цяпер на комплексах большасць працэсаў механізаваныя, то раней усё рабілі ўручную. На ферму ў Некрашуны прыязджалі ўсе на конях. Віламі грузілі кармы, салому. Тэхнікі асабліва не было, толькі гной вывазіў трактар.Цяпер усё пагрузчыкі робяць. Напрыклад, у нас ёсць агрэгат са спецыяльнымі зубцамі, які правільна і па тэхналогіі «адкусвае» сянаж і сілас у траншэях: так зрэз на масе атрымліваецца роўным.
«З нядаўніх ноў-хаў – камп’ютарная сістэма кіравання прыгатаваннем і раздачай кармоў «КОРМ». Гэта новаўвядзенне з’явілася з год таму дзякуючы галоўнаму заатэхніку Дзмітрыю Каверзе. Цудоўная праграма! Рацыён выстаўляецца па групах, калі патрэбна, можна ўнесці карэктывы. Неаспрэчная перавага ў тым, што канкрэтная і дакладная колькасць кормасумесі трапляе на сталы. І мне не трэба пільнаваць механізатараў – дастаткова зайсці ў праграму і паглядзець».
Калектыў МТК «Рытань» – каля 30 чалавек. Працуе 9 аператараў машыннага даення, з якіх 3 – індусы, у тым ліку адзін мужчына. Нічога такія людзі. Адзіная праблема – стасункі. Рабіць гэта можна толькі дзякуючы перакладчыку на тэлефоне. Жывуць яны ў Падольцах у добраўпарадкаваным інтэрнаце. Тры змены дояць кароў па чарзе па 7 гадзін.
«Пагалоўе на комплексе дасягае 1 600 асобін, з якіх 800 – дойны статак. Толькі прыплоду за два месяцы бягучага года атрымалі 250 цялят. Малышы ў нас стаяць у індывідуальных доміках, падгадаваныя – на вуліцы. Сёлетняя зіма ўсім жывёлаводам далася ў знакі: адвыклі і мы, і жывёла ад такіх вялікіх і працяглых маразоў».
Цялят апраналі ў спецыяльныя камізэлькі, уцяплялі домікі саломай, шторкі новыя прымацавалі. У студзені-лютым з-за анамальна нізкіх тэмператур і выпайка павялічылася. Добра, што загадзя набылі два малочныя таксі – вадкасць увесь час патрэбнай тэмпературы. У мінулыя сезоны, калі яго яшчэ тачкай развозілі, праблемна было: першым цялятам у вядзерца цёпленькае трапляла, а пакуль дойдзеш да апошніх – яно ўжо і астыла.
Пра цялят у нас заўсёды клапоцяцца, як пра дзяцей. Пра гэта сведчаць і перамогі нашых жывёлаводаў: некалькі гадоў запар Святлану Наневіч і Міраславу Букель прызнавалі лепшымі сярод жывёлаводаў па доглядзе цялят да 6 месяцаў у раённым сельскагаспадарчым спаборніцтве.
Для цялятніц ёсць малочная кухня, пакой адпачынку, але дырэктар яшчэ абяцае прафілакторый, як на комплексе ў Падольцах. Там і групавое ўтрыманне цялят прадугледжана, і адзіночныя клеткі.
«Па надоях плюсуем, малако адпраўляем гатункам экстра. Кармоў хапае. Цяпер галоўная праблема – людзі. Моладзь выязджае ў горад. Даўней ледзь не пры кожнай вёсцы быў свой калгас, дзе працавала большасць вяскоўцаў, а на даярку ці жывёлавода чарга выстройвалася…»
Калектыў у нас на комплексе харошы. Я і строгая, і патрабавальная – але за іх стаю да апошняга. Хочацца верыць, што яны за мяне таксама. З людзьмі заўсёды сябе трэба паводзіць па-людску.
–Мне ўжо пад 70 гадоў, але марку стараюся трымаць. (Усміхаецца.) Да гэтага комплексу прырасла душой: тут усё знаёмае і роднае да драбніц. Столькі сіл і працы сюды ўкладзена
Не работай адзінай…
– Замуж выйшла за вясковага хлопца. Іосіф быў шафёрам, на калгаснай машыне нас з дзяўчатамі вазіў на танцы ў Літвяны, Панарцы, Паляны. Пабраліся шлюбам. На ферме прападала дзень і ноч, сваю гаспадарку вялізную мелі: трох кароў, пяць свіней, свінаматак, гэта без уліку курэй і агарода. Самі будаваліся ў Чэхах. Хацінку, якую купілі, да толку давялі і гараж-лазні-гаспадарчыя збудаванні зрабілі...Ды яшчэ і вучылася. Малодшая так плакала, калі я ехала на вучобу, што сэрца на часткі рвалася. Думала кідаць, але дзякаваць богу ўсё абышлося: муж браў адпачынак, каб дзяцей глядзець, маці мая дапамагала.
Я і ў інстытут гродзенскі паступіла – узялі без экзаменаў, бо ваўкавыскі тэхнікум скончыла з адзнакай. Але вырашыла, што хопіць з мяне і сярэдняй спецыяльнай адукацыі – не паехала больш у Гродна… Затое абедзьве дачкі вывучыліся, пакінулі бацькоўскі дом, свае сем’і стварылі, дзетак нарадзілі… Засталіся мы ўдвух з Юзікам. Муж часам смяецца, маўляў, ледзьве ходзіш, сядзела б ужо на пенсіі. Я ж таксама не зломак, адказваю: «Калі не пойдуць ногі, на руках паляту на комплекс!» Пабурчыць ён крыху і супакоіцца, бо разумее, што для мяне значыць работа.
З Іосіфам разам крочым па жыцці 45 гадоў. За гэты час усялякае здаралася, як і ў любой сям’і, але да разводу ніколі не даходзіла. Галоўнае – разумець адзін аднаго, саступаць ці падтрымліваць.
Некалькі пытанняў пра галоўнае
– Якія якасці найбольш цэніце ў чалавеку?– Працавітасць, адказнасць, людскасць. На дух не пераношу лайдакоў і плеткароў.
– Дзякуючы чаму пераадольвалі цяжкасці?
– Па жыцці я аптыміст. Але і ў мяне, як і ў кожнага чалавека, бываюць моманты, калі апускаюцца рукі і нічога не хочацца. Гэта нармальна. Дома, бывае, раздумаюся: ну і чаго заломвала рукі? Лепшы ратунак ад дрэннага настрою і думак – праца.
– Вы сказалі цікавую фразу: кім я толькі ні была ў гаспадарцы, адзінае – дырэктарам не давялося… На месцы кіраўніка ўмоўнай гаспадаркі, што б змянілі ці перайначылі?
– Жартавала, вядома… (Смяецца.) Па-першае, у нас у саўгасе ўсё адладжана. Па-другое, не ўсё ад дырэктара залежыць. Мне здаецца, важна каб сельская гападарка падтрымлівалася на самым высокім узроўні. А гэта ў Беларусі робіцца.
– Якую параду дадзіце маладым работнікам, і не толькі сельскагаспадарчай галіны?
– Яна вельмі простая: трэба любіць тое, чым займаешся. У юнацтве, як і большасць маіх равеснікаў, задумвалася не пра тое, кім быць, не кідалася ў бакі ў пошуках цёплага месца, а цалкам даверылася лёсу і працавала. І ўсё было недарэмным, калі я не змяніла за столькі гадоў работу і вёску.







