Зерно – до нужной кондиции, или как работает самый новый зерносушильный комплекс в КСУП “Гудогай”
Вынесенымі ў загаловак словамі сёлета кіруюцца без выключэння ўсе сельгаспрадпрыемствы. З кожным годам у нашай краіне ўборачная кампанія набывае ўсё больш тэхналагічную і зладжаную структуру. Раней фокус увагі звычайна цэнтралізаваўся на тэхніцы – камбайнах, трактарах і аўтамабілях, цяпер у прыярытэце не толькі ўборка збожжа, але і яго своечасовая і граматная дапрацоўка, якая немагчыма без сучаснага абсталявання.
З пачаткам масавага жніва ў КСУП «Гудагай», якая з’яўляецца адзінай у раёне насенняводчай гаспадаркай, у Малях увялі ў эксплуатацыю новы зернесушыльны комплекс «ГрэйнКлаб». Карэспандэнт пабываў на аб’екце, і ўпэўніўся, што падчас жніва тут віруе жыццё.
«Можна сказаць, што сушылка толькі прайшла «абкатку». Яе нашай гаспадарцы паставіў вядучы ў Беларусі вытворца інавацыйнага сельскагаспадарчага абсталявання, насенных ліній і зернесушыльных комплексаў, барысаўскае прадпрыемства «ГрэйнКлаб», – расказала загадчык зернесклада «Малі» Таццяна Даўляш. – Комплекс лічыцца мабільным, але ў нас ён стацыянарны. І за гэты кароткі тэрмін зарэкамендаваў сябе з найлепшага боку».
Як патлумачыла спецыяліст, прадукцыйнасць сушыльнага агрэгата ў першую чаргу залежыць ад вільготнасці паступаючага з палёў збожжа.
– Сёлета яна больш высокая, чым у мінулыя сезоны, гэта крыху замаруджвае працэс, – працягнула Таццяна Іванаўна. – Калі збожжа вільготнасцю 15-16% ідзе, як мы кажам, «патокам», танаж адпаведна павялічваецца. Напрыклад, за апошнія 2 з паловай дні на «ГрэйнКлабе» «прагналі» 416 тон. Паўтару, асноўная ўмова для такіх аб’ёмаў дапрацоўкі – каб была адносна роўная вільготнасць зярнят, без вялікіх перападаў.
На тэрыторыі мальскага зернесклада «ГрэйнКлаб» – другі пасля «ЛідАрай» зернесушыльны комплекс. І па характарыстыках «навічок» нічым не саступае свайму больш узроставаму «калегу».
– У маркіроўцы і аднаго, і другога ЗСК стаіць «трыццатка» – гэта значыць, што іх прапускная здольнасць складае 30 тон зерня ў гадзіну. Толькі «ЛідАрай», мне здаецца, змяшчае больш збожжа, – патлумачыла загадчык зернесклада.
Прынцып работы абедзвюх сушылак з большага тыповы. Зерне трапляе ў яму, па транспарцёры з прыгожай назвай «лорыя» яно па ленце з коўшыкамі паступае далей.
– «ЛідАрай» шахтнага тыпу: калі казаць простымі словамі, то туды збожжа загружаецца, як у бочку. У «ГрэйнКлабе» крыху іншы прынцып: тут варта ўявіць двух’ярусны процівень. Але лепш вам усё пакажу, – з усмешкай прапанавала гаспадыня мальскага зернесклада і па дарозе прадоўжыла: – На новым комплексе першы сезон працуюць людзі, таму, вядома ўзнікаюць, пэўныя нюансы: хлопцам таксама трэба налаўчыцца і набіць руку. Максіму Сліжэўскаму, якога сюды перавялі з будаўнічай брыгады, дапамагае Віталь Кавалеўскі. На «ЛідАрай» не першы год – Міхаіл Грымбоўскі і Віктар Янкойць. Яны неаднаразова траплялі ў лік пераможцаў працоўнага спаборніцтва сярод аператараў зернесушыльных комплексаў. І ў гэтым годзе сталі 3-мі «двухтысячнікамі» раёна. Спрацаваны дуэт – нічога не скажу. Прапаноўвалі кожнаму з іх стаць старшым на сушылках і ўзяць сабе ў памочнікі іншага – не пагадзіліся.
Хоць па тэхнічных характарыстыках сушылкі раўназначныя, візуальна па памерах «ГрэйнКлаб» саступае «ЛідАрай». Тут таксама працуюць 2 аператары.
– Сушылка добрая. З Віталем кантралюем увесь працэс ад засыпкі зярнят да іх выгрузкі. Тут, напрыклад, прасушылі ўсю партыю аўса – 600 тон, – расказаў Максім Сліжэўскі.
Таццяна Даўляш прызналася, што на новы зернесушыльны комплекс ускладаюць вялікія спадзяванні, таму што і плошчы, і ўраджайнасць, адпаведна і валавы намалот у КСУП «Гудагай» па традыцыі самыя вялікія ў раёне.
Адзначыла для сябе, што на тэрыторыі зернесклада няма значных залежаў збожжа. Відаць, усе стараюцца, каб яно не ляжала і не траціла сваіх якасцей.
Што і на якім сушыльным агрэгаце дапрацоўваюць, вырашаюць аграномы, да слова, не без удзелу дырэктара Эдуарда Садоўскага.
– Зразумела, што істотнай розніцы няма, але калі не пераскокваеш з культуры на культуру, – прасцей. Таксама не траціцца час на ачыстку і выключаецца верагоднасць змешвання культур, – зазначыла суразмоўца.
Дарэчы, жыццё на зернетоку пачынаецца ў 8 гадзін раніцы. Акрамя загадчыка зернесклада Таццяны Даўляш, агранома-насеннявода Марыі Ждановіч і механізатара пагрузчыка Віталя Мілаша штораніцу тут з дзясятак людзей.
На перыяд уборкі спецыяльныя дзяжурствы на сушылках па чарзе нясуць спецыялісты з адміністрацыйнага будынку КСУП «Гудагай», якія фіксуюць кожны рэйс і танаж. Падчас майго візіту запісы вяла «кадравік» Наталля Налівайка. Перш чым трапіць на тэрыторыю зернесклада, кожная машына праязджае праз вагі – на электронным табло імгненна выбіваюцца тоны і кілаграмы.
Акрамя брыгадных паляводаў, падтрымліваць чысціню на тэрыторыі дапамагаюць старшакласнікі (у асноўным хлопцы старэйшыя за 16-ць гадоў), якія летам вырашылі зарабіць уласную капейчыну. Цяпер 7 юнакоў працуюць у 2 змены па 6 гадзін.
– У асноўным ўсю так званую «чорную работу» цягнуць падлеткі: чысцяць тэрыторыю, пры патрэбе «падлапачваюць» зерне. Падмятання вельмі шмат, лік ідзе на квадратныя кіламетры за дзень – адзін від збожжа насыпалі, другі прыбралі, а трэба падрыхтаваць пляцоўку пад наступную партыю, – расказала Таццяна Даўляш, якая, да таго ж, з’яўляецца куратарам маладых людзей.
Напрыклад, Ягор Калпак на зернетоку другое лета. За некалькі тыдняў, па меркаванні хлопца, можна няблага зарабіць.
«Пра падпрацоўку на зернескладзе летась падказалі бацькі – яны спецыялісты ў КСУП «Гудагай», – падзяліўся памагаты аграрыяў. – Нас забяспечылі спецвопраткай, акрамя гэтага, кормяць два разы на дзень. За абед вылічваюць сімвалічныя 1,50 рубля, а за вячэру і таго менш – 50 капеек. У мінулым годзе за 20-ць дзён зарабіў каля 700-800 рублёй. Думаю, што і сёлета атрымаю не менш».
...На развітанне пацікавілася ў загадчыцы мальскага зернесклада, што для яе – жніво.
«Не толькі работа, але і жыццё. Тут я больш за 20 гадоў. Памятаю, напачатку прыйду на зернесклад, а паўсюль кучы збожжа: авёс, ячмень, жыта… Хоць і вучыла, і тлумачыла тагачасны аграном Раіса Гайдановіч, а адрозніць пшаніцу ад трыцікале ніяк не магла. Набяру збожжа ў жмені, гляджу на іх і думаю: вы ж аднолькавыя. А потым разуменне само прыйшло. У кожнай культуры зярняты свайго адметнага колеру і нават адценню, маюць унікальную форму. Цяпер мне і браць іх у рукі не трэба, нават здалёк глянуўшы, магу сказаць, што там ляжыць пшаніца, – паказваючы на невялікі насып сказала Таццяна Даўляш. – Нашы хлопцы, – камбайнеры, вадзіцелі, прэсоўшчыкі – на перадавой, а мы, работнікі зернескладаў і комплексаў, – іх надзейны тыл. Усё ўбяром і перасушым!»
Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич








