Супрацоўніцтва рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў галіне сельскай гаспадаркі наладжана па многіх накірунках. Наш раён – не выключэнне. На працягу тыдня кіраўнічы актыў аграпрамысловага комплексу раёна, а таксама спецыялісты заатэхнічнага і ветэрынарнага профілю на працягу тыдня стажыраваліся ў вучэбна-вытворчым цэнтры па малочнай вытворчасці вучэбна-доследнай гаспадаркі “Краснадарскае” Кубанскага аграрнага ўніверсітэта імя І. Трубініна.
Паездка была зладжана па ініцыятыве старшыні Астравецкага райвыканкама Сяргея Мядзвецкаса па запрашэнні Міністэрства сельскай гаспадаркі Расійскай Федэрацыі.
Не сакрэт, што раённая жывёлагадоўля знаходзіцца на ўздыме свайго развіцця, тым не менш, нам ёсць куды імкнуцца. Менавіта для пераймання вопыту ў расійскіх калег, знаёмства з перадавымі тэхналогіямі малочнай вытворчасці і асаблівасцямі ўтрымання буйной рагатай жывёлы было арганізавана мерапрыемства. Уражаннямі ад паездкі карэспандэнт папрасіў падзяліцца некаторых удзельнікаў.


Вольга Умрыхіна, першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання:
– Неяк пры сустрэчы Сяргей Тадэвушавіч запытаў, ці цікава мне было б даведацца, як працуюць расійскія спецыялісты АПК у галіне малочнай вытворчасці. Агучаную старшынёй райвыканкама ідэю-прапанову ўспрыняла на “ўра”. Мне здаецца, менавіта такая форма, як абмен вопытам, дазваляе заўважаць недапрацоўкі ў сваёй рабоце, а таксама пераймаць вопыт у калег. Гэта, дарэчы, мы традыцыйна робім на раённых жывёлагадоўчых семінарах.
Падчас паездкі і наведвання вучэбнага цэнтра адзначыла для сябе, што ў нас крыху адрозныя акцэнты і падыходы да ўтрымання жывёлы. Падчас заслухоўвання дакладу аб развіцці аграпрамысловага комплексу наш Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на будаўніцтве малочна-таварных комплексаў, зазначыўшы, што карова павінна стаяць у палацы. Без перабольшвання, на нашых МТК – гэта так. У Расіі, у прыватнасці на тым аб’екце, дзе мы пабывалі, гэта далёка не так. Умовам і санітарнаму стану там надаецца не першачарговая ўвага.
Трыма кітамі жывёлагадоўлі прынята лічыць тры “К”: кадры, каровы, кармы. У расійскіх калег – гэта генетыка, кармы, кіраванне. Нас дэталёва пазнаёмілі з прынцыпамі фарміравання розных тэхналагічных груп дойнага статка, сухастоя; расказалі пра нюансы кармлення і састаўлення рацыёнаў. Што самае цікавае, у іх адзін рацыён для ўсёй жывёлы, нават цяляты з 3-х месяцаў атрымліваюць такую кормасумесь.
Селекцыйная работа таксама ў прыярытэце расійскіх спецыялістаў. Думаю, у будучыні паспрабуем пераняць і паспрабуем ўкараніць адзін з метадаў штучнага асемянення, калі выкарыстоўваецца так званае сексіраванае семя. Хоць працэс складаецца больш чым з 20-ці этапаў, але пры граматным выкарыстанні дазваляе значна павялічыць выхад цялушак, а значыць і матачнае дойнае пагалоўе.

Расійскія калегі нованароджаных цялят па рэгламенце вакцыніруюць да 5-ці дзённага ўзросту. Магчыма, мы таксама апробуем такую методыку.
Таксама паглядзелі, як выпальваюць рогі гелем і праводзяць дыягностыку цэдозу ў цялят.
Зразумела, мы наведалі перадавы і доследны жывёлагадоўчы комплекс, дзе сутачны надой ад каровы набліжаецца да 50-ці кілаграмаў малака, а пры 25-30 – жывёліну ўвогуле выбракоўваюць. Але там і значна большы штат ветэрынарнай службы, дзе спецыялісты ўзаемазамяняльныя, пры гэтым – кожны адказвае за свой вузкі накірунак.
Таксама адзначыла для сябе, – гэта тое, што ўвесь дакументазварот вядзецца ў электронным выглядзе.


Дзмітрый Будай, галоўны заатэхнік КСУП “Гервяты”:
– Склалася ўражанне, што ў вучэбна-доследнай гаспадарцы “Краснадарскае” людзі на сваіх месцах. Здзівіла, наколькі ў іх разгалінаваныя ветэрынарная і заатэхнічная службы. Кожны спецыяліст сярэдняга звяна адказвае за адзін накірунак лячэння: мастыты, гінекалогію, вакцынацыі, артапедыю… Пры гэтым яны цесна ўзаемадзейнічаюць і ў любой сітуацыі могуць падстрахаваць адзін аднаго. Для параўнання, на нашым малочна-таварным комплексе “Дайлідкі” 4 спецыялісты, а на расійскім аб’екце – 14. Але і дойных кароў там на тысячу галоў больш.
Умовы ўтрымання буйной рагатай жывёлы ў нас значна лепшыя. Там на гэтым увогуле не замарочваюцца. Праўда, ва ўсіх жывёлагадоўчых памяшканнях устаноўлены спецыяльныя датчыкі для адсочвання і фіксацыі тэмпературы і вільготнасці.

Добрая забяспечанасць кадрамі, строгае выкананне тэхналогіі і пратаколаў – паказальныя моманты ў рабоце расійскіх калег.
Эдуард Садоўскі, дырэктар КСУП “Гудагай”:
– Паездка мяне не здзівіла: узровень жыцця і сельгасвытворчасці, на маю думку, у Беларусі значна лепшыя. І гэта ўсё дзякуючы граматнай прадуманай і мэтанакіраванай палітыцы Прэзідэнта. Вёска, працаўнікі, як і ў цэлым аграпрамысловы комплекс, заўсёды ў цэнтры ўвагі Аляксандра Лукашэнкі.
Паказальным можна лічыць арганізацыю работы, але ў цэлым, што тычыцца парадку на зямлі, у нас сітуацыя значна лепшая, як і з зарплатамі.








