
Нягледзячы на дождж і спёку гэтыя людзі працуюць літаральна круглы год на ўлонні прыроды. Іх называюць рэаніматарамі зямлі і галоўнымі памочнікамі аграрыяў. Дзякуючы ім сельгасугоддзі Астравеччыны штогод прырастаюць сенажацямі і пашай, адпаведна павялічваюцца і малочныя рэкі…
Экскаватаршчык
Генадзь Веська
Трактар, камбайн, “газончык”… Даўней у любога хлапчука перахоплівала дыханне ад гэтай сельскагаспадарчай тэхнікі. За найвялікшае шчасце малым было пасядзець у кабіне машыны і патрымацца за руль. Генадзь Веська не быў выключэннем.
– Родам я з Жукойняў, у тамтэйшай школе скончыў тры класы і перайшоў у Міхалішкаўскую сярэднюю. Пасля восьмага класа паступіў у Свірскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча, дзе атрымаў ажно тры спецыяльнасці: шафёра, трактарыста, слесара. Неўзабаве мяне забралі ў армію. Пасля войска вярнуўся дадому, але вырашыў не заставацца ў роднай вёсцы, а пашукаць шчасця ў райцэнтры. Знайшоў! – з усмешкай расказвае мужчына.
У Астравец Генадзь пераехаў у 1998 годзе і адразу ўладкаваўся ў прадпрыемства меліярацыйных сістэм.
– Пачынаў пры Здзіславе Адынцы, потым дырэктарам быў Часлаў Магельніцкі, якога змяніў наш Станіслававіч, – працягвае мужчына. – Спярша быў рабочым, пазней перасеў на невялікі трактар МТЗ. Але ўвесь час з цікавасцю пазіраў на экскаватар. Думаў: што гэта за “звер” такі? ці здужаю на ім працаваць? Агульную мову з машынай знайшлі адразу! За гады работы ў ПМС два “землякопы” з’ездзіў, гэта трэці, – паглядаючы ў бок свайго жалезнага напарніка, расказаў экскаватаршчык. – Праўда, крыху ўцякаў на фуру. Але хутка ўпэўніўся, што гэта не маё. Нездарма кажуць, што дома і сцены грэюць.
Пяць гадоў назад у меліярацыю Генадзь перацягнуў і жонку.
– Марына працуе вартаўніком, – расказвае мужчына. – Ёсць сям’я, работа падабаецца – працуй сабе на здароўе! Думаю, са мной многія пагодзяцца, што наша сфера не пазбаўлена рамантыкі. Сонейка свеціць, птушкі шчабечуць, прырода навокал – душа радуецца!








