Главная » Новости » Лента новостей

ЮРЫЙ АДУЛА: ЯК АДНОСІЦЦА ДА НОВАГА СВЯТА – ДНЯ БАЦЬКІ

256

У календары з’явілася новае свята – Дзень бацькі. У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі яно будзе адзначацца 21 кастрычніка. 
Мы сустрэліся з Юрыем Адулам, старшынёй Астравецкай раённай прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК, бацькам 13-гадовай дачкі і 5-гадовага сына, каб задаць некалькі пытанняў пра свята, бацькоўскае выхаванне і сямейныя каштоўнасці.

1. Як адносіцеся да з’яўлення ў календары Дня бацькі?
Юрый Адула:
– Думаю, такое свята будзе не лішнім. 
Гаворачы пра гендарную няроўнасць, мы звычайна маем на ўвазе парушэнне правоў жанчын, хоць на самой справе цяпер у мужчын іх куды менш, асабліва замацаваных на заканадаўчым узроўні. Добра, што ў Працоўным кодэксе з’явілася права для мужчын на адпачынак у сувязі з нараджэннем дзіцяці – шкада толькі, што не аплочваемы, і бацьку трэба выбіраць: зарабляць грошы для сям’і ці пабыць у самыя важныя і складаныя дні разам з жонкай і нованароджаным дзіцем.
2. Вы добры бацька?

– Пра гэта трэба не ў мяне пытаць, а ў дзяцей і ў жонкі. І, магчыма, яны адкажуць на гэтае пытанне па-рознаму, бо кожны ўкладвае ў паняцце «добры бацька» нешта сваё.
Скажу адно: мы будуем узаемаадносіны ў сям’і не па нейкіх пісаных правілах, не па кніжках, а па агульных прынцыпах, якія выпрацаваліся з гадамі.

3. Які метад выхавання – бізун ці пернік – лічыце правільным?
Юрый Адула:
– Бізун у сэнсе фізічнага пакарання ў нашай сям’і не існуе. Самае большае, што я магу – павысіць голас. Але часцей хапае позірку.
Дзецям я дазваляю ўсё – у рам­ках разумнага, вядома. Нават сядзець у гаджэтах. Кам­п’ютары і тэлефоны сёння не ганіць толькі лянівы – а я бачу, што там шмат цікавай, карыснай, развіваючай інфармацыі і заняткаў. А да патэнцыяльна небяспечных ці шкодных рэсурсаў можна абмежаваць доступ, гэта не праблема.
Да мяне бацькі таксама не прымянялі меры фізічнага ўздзеяння. Нас у сям’і пяцёра, я чацвёрты. Старэйшыя вы­хоў­валіся ў больш строгіх пра­вілах, але з цягам часу бацькі зразумелі, што папругай нічога не даб’ешся. І мы з малодшай сяст­рой раслі ў поўнай дэмакратыі! Хоць пры гэтым было дастаткова погляду бацькі ці маці, каб зразумець: усё, далей – ні кроку!


4. Што з таго, чаму вучылі вас бацькі, хацелі б перадаць дзецям?

– Не ламаць жыццё дзіцяці, не перашкаджаць яму. Хоча нечым заняцца – хай спрабуе. Нават калі разумею, што гэта не яго – няхай сам пераканаецца. 
Мне ў дзяцінстве дазвалялі ўсё! Апячэшся – больш не палезеш. А забароняць – будзеш потым вінаваціць: усё магло б быць інакш, каб не ты…
Зрэшты, быў у жыцці пераломны момант, калі я паслухаўся маці – і ні разу потым не пашкадаваў. З дзяцінства марыў стаць урачом. Але пасля школы паступіць не атрымалася. І мама – бацькі на той час ужо не было – параіла ісці ў юрыдычны. Шмат пазней зразумеў, што гэта было правільнае рашэнне: медыцына – абсалютна не мая справа.


5. Памятаеце, у Маякоўскага: «Юноше, обдумывающему житьё, думающему, делать бы жизнь с кого…» Калі да вас прыйшлі б з такім пытаннем вашы дзеці, што вы ім адказалі б?

– У мяне не было ідэалаў, ніколі не імкнуўся быць да некага падобным. Усе людзі розныя, і нават той, хто вельмі падабаецца, калі даведаешся пра яго больш, аказваецца не такім ужо і беззаганным…
І дзеці ў нас непадобныя адзін да аднаго. Оля вельмі спакойная, ураўнаважаная: дзе яе пакінеш, там праз паўгадзіны і знойдзеш. А Дзяніс і пяці секунд не пастаіць на адным месцы. 
Таму, калі такое пытанне ўзнікла б, параіў бы заставацца сабой – і быць добрым чалавекам.

 

 

Ніна Рыбік

Читайте также: