
У КСУП «Гервяты» плошчы сенажаці адны з самых вялікіх на астравеччыне. Першым укосам тут плануюць пакласці травы ў пракосы на 3 608 гектарах. На раніцу 10 чэрвеня было скошана 73%.
Дастаткова новая высокапрадукцыйная тэхніка, у тым ліку самыя магутныя ў раёне корманарыхтоўчыя комплекс і варушылка, дакладнае выкананне рэгламенту закладкі «зялёнкі», акцэнт на прамежкавыя культуры – словам, усе пераспасылкі, каб забяспечыць на зіму травяністымі кармамі вялікае пагалоўе буйной рагатай жывёлы, у гаспадарцы ёсць.
– У параўнанні з мінулым годам сёлета травы значна лепшыя, – па дарозе на поле расказаў галоўны аграном Аляксандр Кавалька. – Стараемся падстройвацца пад надвор’е. Пасля дажджу, каб скошаная трава хутчэй прасохла, запускаем варушылкі.
Найлепшым часам для нарыхтоўкі сенажу з бабовых культур лічыцца фаза бутанізацыі і да пачатку цвіцення – гервятцы якраз укладваюцца ў аптымальныя тэрміны.
– Цяпер скошваем усе бабовыя: люцэрну, канюшыну. На днях пачнём класці ў пракосы злакавыя і бабова-злакавыя культуры, – патлумачыў галоўны аграном.
У КСУП «Гервяты», акрамя шматгадовых траў, вырошчваюць райгас – аднагадовую культуру, ролю якой у корманарыхтоўцы не пераацэніш.
– Райгасам займаемся каля 3-4 гадоў, і вельмі задаволены. З вясны пад яго адвялі 300 гектараў, – працягнуў Аляксандр Кавалька. – Унікальнасць гэтай культуры ў тым, што пасля скошвання яна хутка адрастае. За сезон можна зняць тры паўнавартасныя ўкосы. На восень плошчы заворваем і сеем азімыя. Увогуле на першы ўкос ускладаем асаблівыя спадзяванні: думаю, возьмем 20-22 тысячы тон сенажу пры агульным плане ў 39 тысяч тон.

Аляксандр Кавалька ў пасевах райгасу
На полі ля вёскі Палесціны літаральна кіпела работа: складвалася ўражанне, што тут высадзіўся сапраўдны корманарыхтоўчы дэсант. На вачах знікалі важкія валкі: тры камбайны вокаймгненна падымалі падвяленую траву, здрабнялі і адпраўлялі ў прычэпы машын.Другі сезон на высокапрадукцыйным кормаўборачным комплексе «КронэБіг-Х» працуе Вячаслаў Бабарыка. Хоць у КСУП «Гервяты» мужчына толькі другі год, вопыту яму не займаць – шмат гадоў гэты механізатар убіраў травы і збожжа ў варнянскай гаспадарцы, больш таго, станавіўся першым «тысячнікам» раёна на жніве. Пацікавілася ў нарыхтоўшчыка, у чым перавага гэтага камбайна.
– «Біг» – адзіны і самы магутны комплекс у раёне. Уявіце: магутнасць рухавіка дасягае 680 конскіх сіл. Машына проста выдатная! – лічыць Вячаслаў Бабарыка. – Пераваг у ёй шмат. У залежнасці ад аб’ёму валкоў можна працаваць у некалькіх рэжымах: эканомным і больш магутным. Трава здрабняецца на патрэбную даўжыню, падборшчык рэгулюе хуткасць яе падачы з аўтаматычным унясеннем кансервантаў.

Корманарыхтоўшчык Вячаслаў Бабарыка
На адвозе «зялёнкі» да траншэй у «Гервятах» задзейнічана 15 адзінак тэхнікі. Па словах вадзіцеля Дзмітрыя Рабкоўскага, колькасць рэйсаў залежыць ад важкасці травы, адлегласці да траншэі і надвор’я. Здараецца, што на дзень прыпадае звыш 15-ці паездак. Дарэчы сказаць, у эканамічнай службе гаспадаркі падлічылі, што за працоўны дзень на перавозцы «зялёнкі» можна зарабіць каля 100 рублёў. Падаецца, гэта нядрэнная матывацыя для вадзіцеляў, ды і не толькі…
Вадзіцель Дзмітрый Рабкоўскі
На ўчастку заўважыла памочніка брыгадзіра раслінаводчай брыгады Паліну Макей, якая сачыла за працэсам.– Працуем па графіку з 7-мі да 8-мі. У залежнасці ад фронту работ корманарыхтоўчая тэхніка (на першым укосе задзейнічана каля 30 сельгасмашын і прычапных агрэгатаў) разбіваецца на некалькі звёнаў, – расказала аграном. – Для работнікаў арганізавана двухразовае харчаванне, ежу з кафэ прывозяць на поле.
Пакуль адны здрабняюць і перавозяць траву, іншыя варушаць траву, зграбаюць яе ў валкі.
З месяц таму падчас раённага семінару па гатоўнасці гаспадарак да корманарыхтоўчага сезона на механічных майстэрнях у Гервятах была ўражана памерамі і характарыстыкамі сучаснага валкаўтваральніка вытворчасці KUНN, які ў гаспадарцы набылі летась. Нарэшце, убачыла яго ў рабоце.

На сваім участку працэс нарыхтоўкі “зялёнкі” кантралюе Паліна Макей
Механізатар Алег Юркойць расказаў пра асаблівасці агрэгата:– Па-першае, валкаўтваральнік вылучаецца сваёй высокапрадукцыйнасцю, па-другое, не заграбае камяні, па-трэцяе, лепш за іншыя варушылкі ўспушвае масу – за адзін праход ажыццяўляецца некалькі тэхналагічных аперацый. Таксама класці валкі можна злева, справа ці пасярэдзіне ад агрэгата з любога захопу, нават, 12-мятровага.

Алег Юркойць працуе на самым магутным у раёне валкаўтваральніку
З поля накіраваліся ў Гайголі, дзе актыўна закладвалі тэхналагічныя ёмістасці для захоўвання травяністых кармоў. Адзначыла для сябе, што яны адпавядаюць усім патрабаванням: пабелены, нацягнута і прымацавана плёнка, перад уездам да траншэй ёсць «падушка» з саломы.Трактары нібы спаборнічалі з МАЗамі – адна за адной машыны пад’язджалі да траншэй з інтэрвалам у некалькі хвілін…
На трамбоўцы зялёнай масы задзейнічаны ўніверсальныя машыны цяжкога класу: пагрузчыкі «Амкадор» са спецыяльнымі віламі. Не першы сезон траву «ўкатвае» неаднаразовы пераможца прафсаюзнага раённага спаборніцтва ў намінацыі «Пагрузка» Віктар Гродзь.
– На гэтым пагрузчыку добра працаваць: віламі прасцей падсуваць траву, – расказаў механізатар. – Раней трамбавалі пазменна круглыя суткі. Цяпер гэта робім да 10-11 гадзін вечара. На ноч сянажная маса накрываецца плёнкай.
Стан зялёнай масы знаходзіцца на пастаянным кантролі. Тэмпература масы не павінна павышацца – гэта, дарэчы, адзін з паказчыкаў сумленнасці работы трамбоўшчыкаў. А яны працуюць на «выдатна», як і астатнія корманарыхтоўшчыкі «Гервят».

Гродзь Віктар Гродзь трамбуе траву

Дзмітрый Янковіч варушыць “зялёнку”








