Главная » Новости » Лента новостей

Выратавальнік Кірыл Масевіч у пары з бацькам на жніве з 2018 года

173

Кірыл (злева) з бацькам Іосіфам

Падчас уборачнай кампаніі яны мянялі звыклае месца работы на кабіну камбайна, каб не толькі зарабіць і дапамагчы вяскоўцам своечасова прыбраць з палёў саспелыя рапс і збажыну, але і атрымаць асалоду ад працэсу. Сваімі гісторыямі ўдзелу ў жніве падзяліліся работнікі розных галін, якія гэтым летам працавалі хлебаробамі. 

Выратавальнік Кірыл Масевіч:

– На жніве з 2018 года з бацькам у пары, я памочнік. Да гэтага старэйшы брат Андрэй шмат гадоў працаваў на камбайне. Так што ўборка, можна сказаць, – наша сямейная справа. 

Неяк злавіў сябе на думцы, што работа камбайнера нечым падобная да работы выратавальніка. Як пажарны змагаецца з агнём, так і хлебароб стараецца вырваць у дажджлівага надвор’я пагодлівыя дні, каб не прасыпаліся на зямлю саспелыя зярняты і не пайшлі дарма старанні агранома.

…Наш «Лексіён» старэнькі – у гаспадарцы з 2007 года – любіць псавацца. (Усміхаецца.) Але па­ломкі, да радасці, сёлета былі негрунтоўныя. 

Крыху дапамагаў бацьку рыхтаваць камбайн, калі раней на гэта ішло 2 тыдні, то сёлета справіліся значна хутчэй. Ячмень рана паклікаў у поле. 

У нашым звяне апошнім часам пастаянна працавала чатыры камбайны: мы з бацькам, Вало­дзя Ключнік, Артур Мураўскі і Аляксандр Сянюць. Мы дружныя, нікуды не гналіся, хоць саперніцтва ўсё ж было. Кожнаму хочацца як мага больш нама­лаціць, асабліва ўзяць тысячу. Рубеж перайшоў – і спакойна ўбіраеш далей. 

За ўсе сезоны найбольш узялі каля 1 800 тон збожжавых, гэта без уліку кукурузы. Падабаецца жаць пшаніцу, добра сыплюцца жыта і трыцікале, горш – авёс, яго асцюкі вельмі колюцца.

Звычайна, калі прыязджаем на поле, то па крузе абжынаем яго, каб лепш было разварочвацца, разбіваем загонкі – і ўбіраем. Час запаўнення бункера залежыць ад культуры. У наш, у «лексіёнаўскі», у сярэднім змяшчаецца 7 тон. У новых «Палессяў» плюс-мінус такі ж аб’ём, а вось у старэйшых – на некалькі тон менш. Год ура­джайны, таму ўзялі свае 1 600. 

Некаторыя знаёмыя цікавяцца, чаму ў водпуску не адпачываю, а падпрацоўваю на жніве. Як па мне, адказ відавочны. Гэта магчымасць падзарабіць і дапамагчы вяскоўцам. А яшчэ мне падабаюцца сама атмасфера, даваць тоны і збіраць зерне. (Усміхаецца.)

Жніўны заробак планую адкласці. З сям’ёй жывём у Астраўцы ў службовай кватэры, якую далі ад раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, але з жонкай задумваемся пра ўласнае жыллё.

Дарэчы, з астравецкіх выратавальнікаў не толькі я працаваў на жніве. Нашу ініцыятыву без пытанняў падтрымала кіраўніцтва аддзела. 

У мінулым годзе быў запрошаны на ўрачыстую цырымонію ўшанавання выратавальнікаў, якія ўдзельнічалі ва ўборачнай кампаніі. Яе зладзіла наша міністэрства. Спадзяюся, што і сёлета пажарныя-хлебаробы з розных куточкаў Беларусі збяруцца ў сталіцы. 

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич
По материалам газеты "Астравецкая праўда"

Читайте также: