Часам дзіву даешся, як можа павярнуцца жыццё: аднойчы чалавек выбірае прафесійны шлях, займаецца сваёй справай дзесяцігоддзі, любіць тое, што робіць, а потым умомант парывае з работай, да якой, здаецца, прырос, – каб ажыццявіць даўнюю мару…
З такіх смелых і апантаных сваёй справай людзей гонар Астравецкага раёна вадзіцель участка “Падольцы” Астравецкага РУП ЖКГ Валяр’ян Іванцэвіч.

Бацькі хацелі…
Нарадзіўся Валяр’ян у Дваржышчы Міхалішкаўскага сельсавета. Хлопец, як і многія яго аднагодкі, цікавіўся тэхнікай: “круціў” усё, што трапляла ў рукі. І марыў быць вадзіцелем – зноў жа, хто тады не хацеў сядзець за абаранкам якога-небудзь вялікагруза!
Яшчэ падлеткам Валяр’ян Іванцэвіч пасябраваў з тэхнікай – рукі ў яго “растуць адкуль трэба”: заўсёды сам рамантаваў мапеды і матацыклы – “Рыгу”, “Іж”, “ Юпіцер”...
Ішоў час, цяга хлопца да тэхнікі не слабела, наадварот –перарасла ў мару. Вось толькі…
– Я нават выправіўся вучыцца на катэгорыю “С” – ад ваенкамата прапанавалі. Але… – уздыхае Валяр’ян Іванавіч. – Даехаў да Астраўца – і вярнуўся: бацькі вельмі хацелі, каб стаў ветерынарам. Паслухаў іх…
І стаў фельдчарам
У 1979 годзе Іванцэвіч уладкаваўся фельдчарам у племсаўгас “Падольскі”, з 1985-га стаў галоўным ветурачом. На гэтым месцы адпрацаваў амаль чатыры дзесяцігоддзі – да 2018-га.
Аднак пра мару сваю не забыў. На катэгорыю “В” здаў яшчэ падчас вучобы ў Ваўкавыскім зааветэрынарным тэхнікуме – стаў, як кажуць, вадзіцелем-аматарам. І на матацыкл правы атрымаў.
– Дарэчы, як прыйшоў у Падольцы, мне яго і далі, – удакладняе мужчына. – Дабірацца да работы за 12 кіламетраў: комплекс знаходзіўся у Каранятах.
На ветэрынарным участку ў Падольцах было 2 машыны – УАЗік і так званы ДУК (спецыялізаваны грузавы аўтамабіль). На абодвух давялося паездзіць Іванцэвічу – вялікую тэрыторыю саўгаса пешшу не абыдзеш. Аднак спярша па прапанове старшыні саўгаса Леаніда Рубана ён атрымаў “грузавую” катэгорыю “С” – добра, у Астраўцы тады здавалі, не давялося надоўга адрывацца ад работы – у сельскай гаспадарцы гэта зрабіць складана.
У асноўным жа галоўны ветурач калясіў па мясцовасці на УАЗе, шмат жывёл было ў саўгасе і ў насельніцтва таксама, так што работы хапала. А дарогі – часцяком да фермы не даехаць!
Не змог выстаяць
Доўга Валяр’ян збіраўся змяніць работу: хоць прырос да яе душой, жаданне працаваць вадзіцелем не адпускала. А калі з’явілася магчымасць заняцца тым, чым марыў з дзяцінства, рашыўся. Даведаўшыся, што ў Падольцах ЖКГ адкрывае ўчастак, падаўся туды: хачу – і ўсё!
– Вырашыў: калі не цяпер, то калі, – паціскае плячыма гонар Астравецкага раёна. – Як прыйшоў сюды ў 2018-м, так і працую вадзіцелем на ГАЗэлі. На днях атрымаў машыну – другую ў маёй “камунальнай” дзейнасці, той жа маркі.
“Новы” аўто мужчына сам падрамантаваў і пафарбаваў – без, праблем, гаворыць, тэхніка прайшла тэхагляд. Глянула ў яе бок: нібы толькі сышла з канвейера.
Вадзіць – гэта вазіць
У брыгадзе на ўчастку ў Падольцах 6 чалавек, іх Іванцэвіч і падвозіць да месца работ. А гэта ў асноўным добраўпарадкаванне населеных пунктаў, абкос могілак і водазабораў, уборка смецця вакол кантэйнерных пляцовак...
Работы на падольскім участку шмат, асабліва летам.
– Я не толькі за рулём сяджу – стараюся падсабіць калегам. Напрыклад, на разгрузцы пелетаў на кацельні, – удакладняе мужчына. – Рамонт робяць – мая задача цэглу прывезці. Да здачы гатоўнасці таксама разам кацельню рыхтуем: катлы пачысціць і пафарбаваць, будынак паднавіць… Калі заканчваецца ацяпляльны сезон, качагары пераходзяць у нашу брыгаду – тады весялей. (Усміхаецца.) Аднак гэта якраз самы напружаны сезон – прахалоджвацца часу не стае.
Машына Іванцэвіча заўсёды гатова да выезду.
– Прывык я, што мая тэхніка заводзіцца нават у трыццаціградусны мароз, – дадае вадзіцель. – Даводзілася, канешне, і ноччу працаваць, калі катлы ў кацельні спыняліся – а чаго хацець у такія, як гэтай зімой, маразы. Хуценька збіраемся – і імчым у Спонды, Рытань, Кемелішкі, тут кожная хвіліна дарагая.

А як пачынаецца сезон пакосу, Іванцэвіч возіць падольскую брыгаду ў Астравец.
Асабістае
– Куды ж без яго, майго аўтамабіля, які сам “кручу” і фарбую?
–Я чалавек адказны і, спадзяюся, нікому праблем не дастаўляю.
– У адпачынак – па графіку, але зноў жа, усё залежыць ад работы. Калі заканчваецца пакос травы, тады і можна ісці. Гэта, як правіла, верасень-кастрычнік.
–Усё жыццё за рулём, у любую пару года. І ў саўгасе, і тут, і свая машына ёсць. Любім сям’ёй выехаць у Маладзечна, Смаргонь, Паставы, Глыбокае… Да сяброў, родзічаў ці проста адпачыць.
– Прыйшоў неяк начальнік і папярэдзіў: пазвоняць – трэба будзе сфатаграфавацца. Безумоўна, прыемна. Калі бываю ў Астраўцы і праходжу міма Дошкі гонару, галаву ў яе бок абавязкова павярну. Гэта высокая адзнака, і вельмі адказна.
Не паспела рэдакцыйная машына крануцца з месца, як Валяр’ян Іванцэвіч накіраваўся да сваёй “газэлькі” – балазе, што тэхагляд яна прайшла на днях: калі чалавеку падабаецца работа, ён абавязкова знойдзе, чым сябе заняць. А гонар Астравецкага раёна інакш не можа, асабліва калі работа – яго даўняя мара.







