У адной з самых паспяховых у малочнай галіне гаспадарак раёна, КСУП “Гудагай”, завяршылася традыцыйная акцыя “Наш жывёлавод”. Лепшым працаўнікам чатырох малочна-таварных комплексаў уручылі падзякі і падарункавыя сертыфікаты. На днях прадстаўнікі прафсаюза пабывалі на апошніх жывёлагадоўчых аб’ектах: МТК “Германішкі”, фермах “Гудагай” і “Ліпнішкі”.
Да старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Юрыя Адулы, галоўнага бухгалтара Марыі Станкевіч і прафсаюзнага лідара гаспадаркі Ганны Налівайкі па традыцыі далучыўся і наш карэспандэнт.

Калі для ініцыятараў гэтага марафону такія сустрэчы з калектывамі даюць магчымасць не толькі адзначыць лепшых у прафесіі, але і атрымаць зваротную сувязь, то мне – цудоўны шанс сустрэцца з людзьмі, ад якіх залежыць харчовы дабрабыт нашай краіны і разнастайнасць прадукцыі на паліцах магазінаў.
У самым пачатку доўгага ланцужка, калі атрыманае малако становіцца смачным тварагом ці ёгуртам, а ялавічына – сытнай тушонкай – знаходзяцца менавіта работнікі комплексаў і ферм. У першую чаргу ад іх залежаць надоі і прывагі, а значыць і аб’ёмы вытворчасці сельгаспрадукцыі.
– Прыемна прыязджаць на любы аб’ект КСУП “Гудагай”, і не істотна гэта самы сучасны малочна-таварны комплекс у Дравяніках ці невялічкая ферма па адкорме ў мястэчку Гудагай. Падкупляюць чысціня і парадак на аб’ектах, якія, бачна няўзброеным вокам, тут пануюць пастаянна, а не наведзены спецыяльна да прыезду гасцей ці правяраючых, – адзначаў у калектывах Юрый Адула. – Хочацца, каб вы ўсведамлялі, што прафсаюз – гэта не я і не Ганна Іосіфаўна, а кожны з вас. Мы – вашы прадстаўнікі, і наша галоўная задача – адстойваць вашы правы і прадстаўляць вашы інтарэсы. Нездарма дэвіз нашага галіновага прафсаюза – “Любіць людзей, працаваць для людзей!”. І адна з мэт, якую мы ставім перад сабой падчас гэтай акцыі, – праслаўленне людзей жывёлагадоўлі. Таму што без вашай працы нічога не было б.
МТК “Германішкі”
Пагалоўе – 1 728, у тым ліку 700 дойных кароў. Валавы надой за мінулы год – 11 412 кг.
Гэты аб’ект смела можна лічыць першай малочнай фабрыкай КСУП “Гудагай”. За 2009-2010 гады гаспадарачым спосабам уласная будаўнічая брыгада (агулам каля 30 чалавек) з фермы зрабіла паўнавартасны МТК.
Сямейная пара Анушкевіч у “Германішках” працуе 6-ты год: Ірына – аператарам машыннага даення на раздоі, Анатоль – жывёлаводам.

– Па адукацыі я садавод-агароднік. Работу па прафесіі адшукаць складана, таму пайшла ў КСУП “Гудагай”. Год была вартаўніком на комплексе, а потым перавялі ў даяркі. А муж тут даглядае сухастойных кароў і цялушак аднаўлення. На работу ходзім з ахвотай, тым больш што ад гаспадаркі далі дом у Гудагаі, які ў будучым плануем выкупіць, – падзялілася жанчына.
Віктар Высоцкі і Міхаіл Кандратовіч пазменна клапоцяцца пра дойных кароў. Калі першага працаўніка смела можна лічыць аксакалам – у раённай жывёлагадоўлі ён больш за 30 гадоў, то другі на комплекс перайшоў крыху больш за 2 гады назад з іншай сферы – і не шкадуе. Пра словах мужчыны, радуюць і зарплата, і калектыў.

За раздой навацельных і хворых кароў адказвае аператар машыннага даення Тамара Букічава. Акрамя гэтага, яны з напарніцамі прымаюць ацёлы, нованароджанае цяля ў першыя хвіліны жыцця выпойваюць з дапамогай дрэнчара, а потым перадаюць пад апеку цялятніц.
Ферма па адкорме “Ліпнішкі”
Пагалоўе – 200 быкоў, сярэднясутачная прывага за мінулы год – 828 г.
І гаспадар, і даглядчык, і карміцель на гэтай невялікай ферме Іван Козіч. Сваіх гадаванцаў – унушальных памераў быкоў – мужчына ніяк інакш не называе, акрамя як сябрамі.

– Калі не лічыць перыяду, калі выязджаў у Расію (але там не зраслося!), то ўсё жыццё ў сельскай гаспадарцы. На гэтай ферме дакладна з 2001 года, – усміхаецца суразмоўца. – Жывёлу кармлю ўручную. Развожу сумесь на кані. За адзін “сняданак” з Орлікам робім каля 4-5 рэйсаў.

Ферма па дарошванні “Гудагай”
Пагалоўе – 150 бычкоў, сярэднясутачная прывага за мінулы год – 735 г.
На пад’ездзе да фермы кінуліся ў вочы дагледжаныя цяляты, якія стаялі на шырокім саламяным пласце пад навесам і, відаць, радаваліся сонейку. Ірына Васілеўская адна клапоціцца пра ўсіх гэтых “рабят” – менавіта так ласкава і з любоўю называе сваіх бычкоў жанчына.

– На ферме 30 гадоў, і ўвесь час цялятніцай. Сюды прывозяць бычкоў ва ўзросце двух месяцаў, якіх гадую да 300 кілаграмаў. За гэты час шмат чаго змянілася. Кармы тут, напрыклад, раздае раздачык, а калісьці самі вазілі, у тым ліку “зялёнку” з поля, пойла варылі. Умею запрагаць і распрагаць каня, – узгадала гераіня. – У апошні час на слыху зазвычай малочна-таварныя комплексы. Удзячна прафсаюзам, што не абмінулі ўвагай і нас, работнікаў невялікіх ферм.









