Главная » Новости » Лента новостей

Сяўба ранніх збожжавых у КСУП “Гудагай” наблізілася да экватара

320

Пакладзены напрыканцы сакавіка старт масавай сяўбе з кожным днём набірае абароты. Ні ранішнія прымаразкі, ні снег, які знянацку накрыў наваколле вечарам у мінулы чацвер, не астудзілі імпэту сейбітаў – у сярэднім за дзень хлебаробы прыкрываюць насенне ў глебу на плошчы каля 400 гектараў, з якіх каля 130 засяваюць «гудагайцы». 

Як праходзіць яравая сяўба ў адных з лідараў вясенне-палявых работ – КСУП «Гудагай», пад якія культуры адвядзе найбольшыя плошчы адзіная ў раёне насенняводчая гаспадарка – пра гэта і іншае даведаўся наш карэспандэнт.

На працягу апошніх гадоў аграрыі раё­на, у тым ліку і працаўнікі КСУП «Гудагай», робяць стаўку на азімыя культуры – яны родзяць значна лепш за яравыя. Таму з восені «гудагайцы» скіраваліся народнай мудрасцю «спераду кінеш, ззаду знойдзеш» – і адвялі пад азімыя культуры 2 100 гектараў. Вясной плануюць пасеяць 1 410 гектараў ранніх збожжавых – на раніцу 4 красавіка з планам яны справіліся на 65%. Акрамя гэтага, 330 гектараў зоймуць цукровыя буракі, 1 500 – кукуруза (з іх на 350 – будзе вырошчвацца на зерне), і 90 – бульба. 

На сяўбе збожжавых у КСУП «Гудагай» задзейнічаны 3 энерганасычаныя трактары, якія працуюць у счэпцы з сучаснымі камбінаванымі пасяўнымі агрэгатамі. За дзень засяваецца амаль 10% ад яравога кліна ранніх збожжавых і зернебабовых культур.

Механізатар Пётр Сяргей, які сеяў пшаніцу на полі паміж вёскай Кярняны і аграгарадком Варняны, пяты сезон працуе на ўніверсальным пасяўным комплексе «Кёкерлінг» нямецкай вытворчасці ў счэпцы з трактарам «Джон-Дзір». Пры найлепшым раскладзе ў сярэднім за дзень механізатар прыгортвае насенне ў глебу на 35-40 гектарах. 

– Гэты пасяўны комплекс уяўляе сабой зубавую сеялку, у якой ёсць шэраг пераваг, – расказвае пра тэхнічную будову сельгасмашыны Пётр Іванавіч. – Кожны сошнік дакладна на патрэбную даўжыню ўводзіцца ў глебу з дапамогай пярэдняга роліка, які рухаецца. Гэта гарантуе раўнамернае і дастаткова глыбокае закрыццё насення нават на няроўнай паверхні і пры высокай хуткасці руху пасяўнога агрэгата. 

Да слова, Пётр Сяргей неаднойчы ста­навіўся пераможцам і прызёрам раённых конкурсаў прафесійнага майстэрства аратых і прафсаюзных спаборніцтваў на корманарыхтоўцы. 

Другі сейбіт Вацлаў Кандратовіч не менш вопытны, адказны і старанны за свайго калегу. У гаспадарцы ён амаль 40(!) гадоў. Механізатара заспела на полі за Малямі.


– У гаспадарку ўладкаваўся 1 красавіка 1983 года пасля службы ў арміі, з танка перасеў адразу на гусенічны трактар Т-74, – мужчына ўзгадвае пачатак працоўнай дзейнасці. – Пазней перасеў на МТЗ, апошнія гады працую на «Джон-Дзіры» – сістэма высеву тут цалкам камп’ютарызаваная. Сапраўднымі героямі былі нашы папярэднікі! Збожжа малацілі на камбайнах СК-4, без кабіны – вось табе і кандыцыянер… 

Па словах Вацлава Часлававіча, кіраваць энерганасычаным трактарам, які працуе ў счэпцы з пасяўным агрэгатам аўстрыйскай вытворчасці «Поцінгер», – адно задавальненне.

– Аб’ём сяўбы за дзень залежыць ад многіх фактараў: плошчы ўчастка, над­вор’я (калі прымаразкі, чакаем, пакуль зямля адыдзе, і пазней выходзім у поле), колькасці пераездаў, – тлумачыць сейбіт. – У сярэднім за дзень прыкрываю ў глебу насенне на 40 гектарах. Тут, напрыклад, з галоўным аграномам вырашылі, што сеяць буду не ўпоперак поля, а ўздоўж – гэта значна сэканоміць час, які трачу на разва­роты. 

Ведаю, што ні механізатары, ні аграномы не любяць зазіраць наперад і дзяліцца меркаваннем пра будучы ўраджай, але ўсё ж цікаўлюся ў Вацлава Кандратовіча, ці будзем сёлета з хлебам. 

– Наша задача – пасеяць, і мы яе выканаем. Хоць памірай, а жыта сей – гэта пра нас. (Усміхаецца.) Ці будзе год ураджайным, рашаюць там, – мужчына ўзняў вочы да неба. – Мы, паўночныя раёны, знаходзімся ў зоне так званага рызыкоўнага земляробства. Памятаю, летась у красавіку завяршалі сяўбу збожжавых. Сеяў у Ліпках перадапошні дзень – і снег так уваліў, што за некалькі гадзін поле стала белай прасціной. 

Услед за сеялкамі-гігантамі ў поле выхо­дзяць невялікія СПУшкі, якія падсяваюць шматгадовыя травы. Па меркаванні агра­номаў, такі метад дае двайную эфек­тыў­насць: па-першае, развіваючыся, раслі­ны не перашкаджаюць адна адной, па-дру­гое, за сезон можна сабраць два ўра­джаі – збожжа і травы. Па неабходнасці некалькі адзінак тэхнікі падвозяць пратручанае і пад­рыхтаванае да пасеву насенне на поле. 

Па дарозе назад зазірнула на зернесклад «Малі», дзе захоўваецца каля двухсот тон насення ячменю і аўса. 

– Забяспечанасць КСУП «Гудагай» насенным матэрыялам складае каля 170%. Для рэалізацыі іншым гаспадаркам раё­на і вобласці падрыхтавана каля 300 тон ячменю, больш за 100 тон пшаніцы. Наша гаспадарка сёлета прайшла атэстацыю, якая дае права на продаж насеннага матэрыяла цягам пяці гадоў. На Гродзеншчыне такіх прадпрыемстваў, з улікам нашага, каля дзясятка, – расказала насеннявод Марыя Ждановіч. – Са збожжавых сеем суперэліту «бацька», «фэст», закупілі гадавальнікі другога года размнажэння «карнэт». Будзем садзіць бульбу сартоў «рыўера», «брыз», «маніфест», «вектар» і «лель». Каля 200 тон клубняў плануем рэалізаваць. Дарэчы, купіць насенны матэрыял другога хлеба могуць і жыхары Астравеччыны – для гэтага варта звярнуцца ў КСУП «Гудагай». 


Алёна Ганулич

По материалам "Островецкая правда"

Читайте также: