Главная » Новости » Лента новостей

Смачная работа ў тэхнолага фермерскай гаспадаркі «Астравецкая» Святланы Пяцюк

83

Бісмарку прыпісваюць словы «Тым, хто лю­біць каўбасу і паважае законы, не варта бачыць, як робіцца адно і другое». Мне здаецца, што, зазірнуўшы на сучасныя палітычныя ці мясаперапрацоўчыя кухні, вядомы нямецкі дзяр­жаўны дзеяч канца 18 стагоддзя забраў бы свае крылатыя словы назад. А калі б яму давялося пабываць у мясаперапрацоўчым цэху фермерскай гаспадаркі «Астравецкая», то дакладна.

Сучаснае абсталяванне – не ўпэўнена, што першы канцлер ім жа аб’яднанай Германіі, эрудыт і інтэлектуал, здолеў бы зразумець, як яно працуе. Абсалютная чысціня. Паўсотні чалавек, кожны з якіх заняты сваёй справай. Каля сарака відаў гатовай прадукцыі, ды яшчэ каля трыццаці – мясных паўфабрыкатаў – у агульным каля 140 тон прадукцыі, якія штодня адпраўляюцца па фірменных магазінах гаспадаркі ў сталіцу і іншыя гарады і крамы краіны. І ўсё раскупляецца, нягледзячы на тое, што цана адпавядае якасці прадукцыі, а значыць – не самая нізкая. І ўсё з’ядаецца з апетытам і ўдзячнасцю. Бо смачна, карысна, разнастайна, на любы густ і кашалёк!

А пра тое, каб было смачна і карысна, клапоціцца тэхнолаг перапрацоўчай прамысловасці Святлана Пяцюк. Яна працуе тут ужо 14 гадоў і, хоць узрост у жанчыны пенсійны, а работа не самая лёгкая, дастойнай замены ёй пакуль не знайшлі. 

– Летась у нас праходзілі практыку студэнткі – выпускніцы тэхналагічнага ўніверсітэта, здаецца, зацікавіла іх работа. Абяцалі вярнуцца пасля атрымання дыпломаў. Можа, перадам ім справы ды пайду на заслужаны адпачынак, – дзеліцца планамі Святлана. 

І гэты адпачынак яна сапраўды заслужыла! Сорак тры гады аддала аднойчы і назаўсёды выбранай прафесіі. 

– Прыемна, што так ацанілі маю шматгадовую працу, – не крывіць душой Святлана. – Пачэсна, ганарова… 

Хоць прафесію яна выбрала, можна сказаць, выпадкова. Мары такой, каб на разрыў душы, не было. Ды і хто, скажыце, у юнацтве хоча стаць тэхнолагам якой бы то ні было вытворчасці, слаба разумеючы нават, што азначае гэтае слова, не кажучы ўжо пра тое, чым давядзецца займацца пасля вучобы.

Калі яна заканчвала школу, прыехаў у госці дзядзька, які жыў у Баранавічах, працаваў там рэдактарам раённай газеты. Ён і прапанаваў пляменніцы з Асіповічаў прыязджаць да яго і паступаць у тэхналагічны тэхнікум. 

«А чаму б і не?» – падумала Святлана – і паехала. 

Тады яшчэ не ведала, што насустрач свайму лёсу… Тут яна сустрэлася з Аляксандрам Пецюком, прыгожым, сур’ёзным навагрудскім хлопцам, на тры гады старэйшым. У тэхнікум ён паступаў, адслужыўшы ў войску. 

Заканчвала вучэльню Святлана ўжо з новым прозвішчам. І на размеркаванне паехала за мужам, якога накіравалі галоўным інжынерам у Астравецкі кам­бінат кааператыўнай пра­мыс­ловасці.

– Прыехалі сюды ў 1981 го­дзе. Я ўжо цяжарная Юрам была. Знялі пад жыллё малюсенькі дамок каля аўтастанцыі. У шафе давялося ножкі здымаць, інакш не ўлазіла, – з усмешкай успамінае жанчына.

Тады і доўга яшчэ пасля – і калі атрымалі кватэру, і калі пабудавалі дом – ёй здавалася, што ўсё гэта часовае, што неўзабаве ўсё памяняецца, толькі не ведала і не марыла, як і калі. Але так сталася, што часовае стала пастаянным, на ўсё жыццё…

Мужа неўзабаве прызначылі дырэктарам кам­бі­ната каапе­ратыўнай прамысловасці, які ўваходзіў у склад райспа­жыў­та­варыства. Тады гэта было адно з буйнейшых і найбольш паспяховых прад­прыемст­ваў у раёне, тут выпускалі дзясяткі відаў рознай харчовай прадукцыі, якую затым рэалізоўвалі ў гандлёвых кропках раёна. 

Адным са структурных пад­раз­дзяленняў камбі­ната быў каўбасны цэх, які знаходзіўся ў Гудагаі. Папрацаваўшы колькі часу лабарантам на кам­бінаце, двойчы схадзіўшы ў дэкрэтны адпачынак і падгадаваўшы сына і дачку, Святлана пайшла туды тэхнолагам.

А на календары былі ліхія дзевяностыя – час усеагульнага дэфіцыту. Звычайная вараная каўбаса, не кажучы ўжо пра вэнджаную, была галоўным упрыгожаннем кожнага святочнага стала і немагчымым дэфіцытам – большым за сённяшнія дэлі­катэсы з індычкі, якія мы прыдзірліва выбіраем. Тады не выбіралі, бо, нагадаю, калі хто не ведаў ці прызабыўся: прадавалі каўбасу па талонах: адзін кілаграм варанай і столькі ж вэнджанай на члена сям’і на месяц. Хочаце адразу з’ешце, хочаце да свята прыхавайце… Ці трэба казаць, што работа ў цэху ішла пад дэвізам «Давай-давай, хутчэй-хутчэй, у магазіне ўжо чарга стаіць!» А ў кіраўніцтва галоўным клопатам было: дзе ўзяць сыравіну? Нават сваю свінаферму завялі…

– Да трыццаці тон прадукцыі ў месяц тады вы­пускалі ў нашым каўбасным цэху: вараную, варана-вэнджаную, сасіскі, сардэлькі, – успамінае Святлана Пяцюк. – Здаралася, каўбаса яшчэ гарачая, а мы яе грузім і ад­праўляем па магазінах. Асаб­ліва перад святамі…

І пры ўсім гэтым трэба было строга захоўваць рэцэптуру, тэхналогію вытворчасці.

– Тэхнолагам я стала выпадкова, але работу сваю заўсёды любіла, – прызнаецца Святлана. – А цяпер дык асабліва! Сыравіна цудоўная – смачнае, дэлікатэснае, свежае мяса індычкі, якая вырошчваецца ў нашай фермерскай гаспадарцы. Партнёры прапаноўваюць разнастайныя дабаўкі для надання розных смакавых уласцівасцяў вырабам. Хоць мы імі не захапляемся, стараемся набываць толькі натуральныя інгрэдыенты, каб прадукцыя нашай фермерскай гаспадаркі была не толькі смачнай, але і карыснай. Мая задача як тэхнолага: прыдумваць новыя віды, распрацоўваць рэцэптуру. Потым выпускаем пробную партыю, дэгустуем, ацэньваем. Калі спадабаецца – запускаем у вытворчасць. Вельмі цікавая і творчая работа!

І да таго ж смачная – дадам ад сябе. Хоць Святлана прызнаецца, што дома гатаваць, а тым больш каштаваць свае каўбасы не любіць: не любіць змешваць хатнія і рабочыя абавязкі. 

Па маім глыбокім перакананні, кожная работа можа быць цікавай і творчай, калі да яе адносіцца адпаведна, з любоўю і творчасцю – так, як Святлана Пяцюк. Тады і ёй радасць, і іншым смаката!

Текст: Нина Рыбик
Фото: из архива героини
 
По материалам газеты "Астравецкая праўда"

Читайте также: