Праект “Жамчужыны зямлі Дзятлаўскай”. Тарэса Калодка: “На іншай рабоце я сябе не ўяўляю”
Прыгожыя, кваліфікаваныя, таленавітыя, моцныя духам і бязмежна адданыя сваёй справе жанчыны працуюць у сельскай гаспадарцы Дзятлаўшчыны. Свой працоўны шлях даўжынёй у 36 гадоў гэтай сферы прысвяціла брыгадзір вытворчай брыгады ў жывёлагадоўлі КСУП “Жукоўшчына” Тарэса Калодка.
У 1990 годзе ўраджэнка Воранаўскага раёна, выпускніца Ваўкавыскага саўгастэхнікума прыехала па размеркаванні на сваё першае працоўнае месца ў калгас “1 Мая” (цяпер КСУП “Жукоўшчына”), і не адна, а разам з сяброўкай-аднакурсніцай Галінай Драган.
Разам яны прыступілі да работы на малочнатаварнай ферме “Зачэпічы”: Тарэса Вітольдаўна – загадчыцай, а Галіна Казіміраўна – ветэрынарным фельчарам, яе намесніцай і галоўнай памочніцай, на якую кіраўнік можа заўсёды спадзявацца. Пасялілі іх таксама разам на кватэры, а як выйшлі замуж за мясцовых хлопцаў – у новыя калгасныя домікі тыповай планіроўкі, якія тады актыўна будаваліся кожным сельгаспрадпрыемствам раёна. За гады жанчыны рэалізавалі сябе ў прафесійным плане, не згубілі юнацкае сяброўства, знайшлі сямейнае шчасце і шчыра палюбілі Дзятлаўшчыну, якая даўно стала другім домам.
Шмат добрага чула пра гэту жанчыну, а нагодай для сустрэчы стала акцыя “Наш жывёлавод”, у час якой завіталі на ферму “Зачэпічы”.
– У добрай гаспадыні – заўсёды парадак на тэрыторыі і ў справах, – дае кароткую характарыстыку Тарэсе Вітольдаўне старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Казак. – Заўсёды прыемна заехаць і з праверкай, і з віншаваннямі.

Як і многія сапраўдныя працаўнікі сяла, Тарэса Вітольдаўна нешматслоўная, аднак пра сваю ферму расказвае ахвотна:
– У нас невялікая ферма – 149 галоў дойнага статку. Работа няпростая, але за дзесяцігоддзі прывыклі да яе, умовы таксама добрыя. Не так даўно нам зрабілі добры рамонт у кабінетах і бытавых памяшканнях, паставілі новую даільную залу “ёлачка”, чым аблегчылі работу аператарам машыннага даення. Працуе нас тут адзінаццаць чалавек, добра ладзім і стараемся заўсёды падтрымаць адзін аднаго. На іншай рабоце я сябе не ўяўляю.
Дапамагае тое, што жыве кіраўнік фермы непадалёку ад месца працы. Калі трэба, нават у нерабочы час лішні раз падыдзе пракантраляваць і дапамагчы з доглядам маладняку, каб нават у моцныя маразы захаваць пагалоўе. Жанчына дзякуе кіраўніцтву прадпрыемства за тое, што з восені паклапаціліся пра ферму, забяспечылі дровамі, так што з ацяпленнем праблем няма.

Тарэса Калодка любіць сваю работу і Зачэпічы, якія за гады сталі роднымі.
– Машына ёсць, можна хутка пад’ехаць у райцэнтр або ў іншае месца па справах, аўтамагазін таксама прыязджае да нас тройчы на тыдзень, асартымент добры, толькі грошы май. Шкада толькі, што людзей у вёсцы ўжо няшмат, – з ноткай суму ў голасе разважае яна.
На пытанне, у чым жаночае шчасце, Тарэса Вітольдаўна адказвае ўпэўнена:
– Каб родныя людзі былі здаровыя, іншага і не трэба. Астатняе здабудзем сваімі рукамі.
Жанчына так любіць жывёлагадоўлю, у якой працуе, што гэтым пачуццём зараджае і сваіх блізкіх. Калі сын з нявесткай, якая працуе доктарам, прыязджаюць з горада ў госці, тая ахвотна ходзіць разам са свекрывёй на работу паглядзець на яе падапечных, асабліва цялят.
– Ці бываюць у жывёлаводаў выхадныя? – пытаю ў суразмоўніцы.
– З надзейным намеснікам я магу спакойна ісці на выхадны з упэўненасцю, што ўсё будзе добра. Люблю ў свой вольны дзень гуляць у хакей разам з сям’ёй або займацца бытавымі справамі, хатняй гаспадаркай.
Усім беларускім жанчынам Тарэса Вітольдаўна жадае знайсці сябе ў жыцці, займацца любімай справай і быць шчаслівымі ў сваіх сем’ях.
Наталля АВЯРЧУК








