Главная » Новости » Лента новостей

Пра выбар прафесіі, работу, сям’ю і сябе расказвае член прафсаюза работнікаў АПК Галіна Бабіч – жанчына з Дошкі гонару

100

З галоўным ветурачом КСУП «Гудагай» Галінай Бабіч неаднойчы перасякаліся на розных семінарах і нарадах. Аднойчы нават рабілі невялікае інтэрв’ю ў нумар, прысвечаны прафесійнаму святу аграрыяў. Гэтая жанчына заўсёды пакідала ў мяне ўражанне прафесійнага, далікатнага, чулага і разумнага чалавека. Нарэшце з’явілася нагода (занясенне партрэта на раённую Дошку гонару) пазнаёміцца бліжэй і пазнаёміць нашых чытачоў з Галінай Іосіфаўнай. 

Пра дзяцінства, школу і выбар прафесіі

– Кажуць, што ўсе мы родам з дзяцінства. А якім яно было ў вас?

– Я з хутара Пранюны Гудагайскага сельсавета. Бацька ўсё жыццё адпрацаваў у аўтапарку слесарам, а мама была галоўным эканамістам, бухгалтарам у райсельгасэнерга. 

У 1979 годзе пераехалі ў Астравец, бо з Пранюн мне было далёка дабірацца ў школу. Бацька літаральна за лета перавёз у пасёлак хату з хутара. 1 верасня я пайшла ў сярэднюю школу №2. 

Лічу, што маё дзяцінства было шчаслівым. З дзядулем пасвілі кароў, ён расказваў мне казкі, цікавыя гісторыі. Я рана навучылася чытаць і любоў да кніг пранесла праз усё жыццё.

– Чаму менавіта ветэрынарыя і як пачаўся ваш шлях у сельскую гаспадарку?

– У дзяцінстве хацела быць і зубным урачом, і фізікам, і матэматыкам… Добра ведала нямецкую мову, станавілася прызёрам абласной алімпіяды па гэтым прадмеце. Магла паступаць у лінгвістычны, здаўшы адзін экзамен. Таксама ад аддзела адукацыі давалі мэтавае накіраванне на фізмат у сталічны інстытут… Але ў маі да нас прыехаў выкладчык з Віцебскага ветэрынарнага інстытута і агітаваў паступаць у іх навучальную ўстанову. Яго выступленне было такім шчырым і цікавым, што я вырашыла стаць ветэрынарам. 

Школу скончыла з сярэбраным медалём. Адзіная «4» была па рускай мове. Памятаю, плакала тры дні, а бабуля мяне суцяшала, што гэта – не канец свету. 

З татам на цягніку паехалі ў Віцебск падаваць дакументы. Не ведаючы горада, трапілі ў медыцынскі інстытут. Бацька прасіў падумаць, маўляў, бу­дзеш у белым халаціку хадзіць, а так – па ферме ў гумовіках. Але я не адмовілася ад мары стаць ветэрынарам, пра што, дарэчы, не шкадую. Паступіла ў інстытут, а заканчвала ўжо ветакадэмію. Сёлета нашаму выпуску спаўняецца 30 гадоў. Спадзяюся, што збяромся на вечар сустрэч. Хацелася б даведацца, як склалася жыццё аднакурснікаў. 

– Што запомнілася з вучобы?

– Засталіся толькі станоўчыя ўспаміны. Агульныя прадметы на першых курсах – тыя ж хімія, фізіка – даваліся лёгка. Некаторыя экзамены ставілі «аўтаматам», а калі пачаліся спецпрадметы, гатова была і дняваць, і начаваць у інстытуце. Найбольш падабалася хірургія. 

Пра шлях з ветэрынара да галоўнага спецыяліста

– Працоўную дзейнасць пачынала ветурачом у калгасе «Чырвоны Кастрычнік» на мальскай ферме. Тады было 2 гурты дойных кароў – каля 400, цяляты дарошчвання, цялушкі аднаўлення – агулам пад тысячу галоў. Светлай памяці галоўны заатэхнік Уладзімір Мечыслававіч Куз­міц­кі шмат дапамагаў мне, нават па ветэрынарыі. З цеплынёй уз­гадваю Галіну Леанідаўну Ждановіч, якая ўжо на заслужаным адпачынку. Дарэчы, менавіта яна пазнаёміла мяне з будучым мужам.

 – А як і дзе гэта адбылося?

 – На ферме. (Усміхаецца.) Была субота, я хутка справілася і сядзела на лавачцы, чакала галоўнага ўрача з фермы «Ліпнішкі». У Малі прывозілі буракі і складвалі ў бурты. Вадзіцеля – а гэта быў Іосіф – Леанідаўна папрасіла завезці мяне дадому. З таго часу не разлучаемся. Пабраліся шлюбам, праз год нарадзіўся сын Саша. Свайго жылля ў нас не было, туліліся ў маіх бацькоў. У калгасе нічога не абяцалі. Даведалася, што ў «Шлях Леніна» патрэбны спецыялісты, больш таго – там даюць жыллё. Паехала да старшыні Мечыслава Валуевіча. Аляксандравіч сказаў каротка: прыязджайце, кватэра ёсць. Думала, што буду працаваць спецыялістам на ферме, а мяне адразу прызначылі галоўным ветэрынарным урачом. Са жніўня 1997 года і працую на гэтай пасадзе. 

 – Як спраўляліся?

 – На маім шляху сустракаліся выключныя людзі, якія дапамагалі, – прафесіяналы. Былі моцныя спецыялісты: Анатоль Людвікавіч Чарнушэвіч, Крысціна Казіміраўна Гродзь. Ветурач Анатоль Сільвановіч – наш Чалавек года Гродзеншчыны і многія іншыя.
Лічу, што дрэнных людзей няма. У кожным варта бачыць толькі добрае. Як ты хочаш, каб да цябе людзі адносіліся, так стаўся да іх. Не адзін раз упэнівалася ў гэтым. 

 – Ці спрацоўвае гэты закон у дачыненні да жывёл? Мне здаецца, што на вялікіх фермах абяздушаны падыход да кароў у адрозненне ад «малалітражак». 

 – Я б яго назвала абагульненым. Так, індывідуальнага падыходу, як на маленькіх фермах, дзе кожная даярка ведае карову са сваёй групы, на вялікім жывёлагадоўчым аб’екце няма і быць не можа.
Сучасныя тэхналогіі не стаяць на месцы, наша будучыня за комплексамі. Да канца 2025 года ёсць задача адысці ад лінейных фермаў і дойны статак перамясціць на МТК. 

Пра прафесію

– Параўнайце час, калі вы толькі рабілі першыя крокі ў прафесію, з цяперашнім.

 – Навука імкліва развіваецца:  ветпрэпараты новага пакалення больш эфектыўныя. Разнастайны выбар іх як замежных, так і айчыннай вытворчасці, прычым беларускія вельмі якасныя. Укараняюцца новыя метады лячэння. За гэты час наша галіна змянілася на 80%. Раней не ўсюды і не заўсёды выкарыстоўваліся індывідуальныя дамкі, значна горшая сітуацыя складвалася з санітарнымі ўмовамі. Цяпер з нованароджанымі цялятамі не столькі праблем, як калісьці. Даўней адразу трэба было малое лячыць – адсюль і высокі ўзровень выбыцця. Цяпер захаванасць дасягае 100%.
Спецыялісты нашай галіны павінны крочыць у нагу з часам. Стараюся шмат чытаць тэматычных матэрыялаў: часопісы «Сельская гаспадарка», «Ветэрынарная справа», шукаю патрэбную інфармацыю ў інтэрнэце.

 – Вы згодны з меркаваннем, што лепшыя спецыялісты-ветэрынары – гэта мужчыны?

 – Мне здаецца, ім прасцей у нашай прафесіі, бо ў мужчыны больш сілы і моцы. Здараюцца складаныя выпадкі, з якімі яны лепш спраўляюцца, у той жа родадапамозе. Жанчыне банальна можа не хапіць даўжыні рукі, каб зачапіцца за ножку ці пысу і дапамагчы цяляці з’явіцца на свет. У рабоце з коньмі таксама, на маю думку, мужчынам прасцей. Але заўсёды можна падзяліць абавязкі і спакойна вырашаць праблемы, дапамагаючы адзін аднаму. Па вялікім рахунку, прафесіяналізм залежыць не ад гендара, а ад самаго чалавека. А жанчына знойдзе выхад у любой сітуацыі!

 – Прыгадайце незвычайныя выпадкі з практыкі. 

 – Неяк нас з Анатолем Сільвановічам выклікалі на ферму ў Рукшаны на складаны ацёл. Быў позні вечар. Працэс ішоў доўга і цяжка, але мы расцялілі карову. Тут пачала другая цяліцца, потым трэцяя... Дадому вярнуліся ноччу стомленыя, але задаволеныя вынікам работы. 

– Як вы лічыце, каму ні ў якім выпадку нельга ісці ў ветэрынарыю?

 – Абыякаваму чалавеку. Бывае, глядзіш на карову, а ў яе слёзы цякуць, бо ёй балюча і яна чакае тваёй дапамогі. Здараецца, не паспееш падысці, а яна ўжо нагу падымае, каб ёй капыта паглядзелі. І чалавеку, і жывёле аднолькава баліць.

 – Якую б адзнаку па 10-бальнай сістэме вы паставілі б сабе і вашай ветэрынарнай службе?

 – Сябе складана ацаніць, гэта павінны рабіць іншыя. Мае ўрачы – усе як адзін добрыя спецыялісты, вялікія малайцы і цалкам заслугоўваюць моцную «дзясятку»! Адна я нічога не змагла б. Вынік, якім, думаю, мы можам ганарыцца – плён каманднай работы. 

 – Якой вы бачыце ветэрынарыю праз гадоў 10-15?

 – Веру, што вучоныя абавязкова прыдумаюць такія вакцыны, дзякуючы якім жывёла не будзе хварэць. Лячэнне будзе мінімальным, а намаганні ўрачоў накіраваны на прафілактыку. Гэта, канешне, у ідэале. (Усміхаецца.)

Пра сям'ю і асабістае

 – Вы казалі, што жанчына справіцца з любой сітуацыяй. А як вы адольваеце цяжкасці?

 – Па-першае, стараюся кожны дзень пачынаць з пазітыву і ўсмешкі. Калі на рабоце аўрал – абавязкова расстаўляю прыярытэты: што зрабіць у першую чаргу, што можна адкласці на пасля. Нават калі штосьці не паспяваю зрабіць – а гэта здараецца, – суцяшаю сябе думкай, што гэта не канец свету. 
У канфліктнай сітуацыі абавязкова выкарыстоўваю правіла «дзесяці»: заплюшчваю вочы і лічу. Дзякуючы простаму практыкаванню негатыўныя эмоцыі адыходзяць і ўспрыняцце сітуацыі мяняецца. 

 – Раскажыце пра сваю сям’ю. 

 – Муж працуе вадзіцелем у КСУП «Гудагай». Старэйшы сын 5 гадоў адпрацаваў энергетыкам у нашай гаспадарцы і перайшоў у раён электрычных сетак. Малодшы Аляксей сёлета заканчвае школу і пла­нуе атрымаць інжынерную спецыяльнасць у БАТУ. 

 – Дома вас атачаюць адны мужчыны…

 – Так. (Усміхаецца.) Нават сабака ў нас хлопчык. Тобі жыве дома, спіць на канапе. Сем гадоў назад калега з райветстанцыі дала нам шчанюка, які стаў усеагульным любімцам. Раніцай сабаку выгульвае муж, вечарам – я, гэта выключна мой абавязак. Праменады доўжацца паўтары гадзіны і больш. Нават калі гадаванец лянуецца доўга гуляць з-за непагоды, іду адна ці з сяброўкай. Хадзьба пешшу – маё хобі. Больш таго, стараюся весці здаровы лад жыцця. 

 – Калі гэта не асабістае, падзяліцеся, што вас падшурхнула заняцца сабой? Гэта ж неймаверная праца, жалезная самадысцыпліна, пэўныя абмежаванні – далёка не кожны можа жыць па вызначаным рэжыме і графіку… 

 – Да асэнсавання гэтага я дарасла. Важна любіць сябе і клапаціцца пра сябе ў любым узросце. Хоць з-за лішняй вагі асаблівых праблем са здароўем не было, акрамя гіпертаніі і болю ў суставах, я разумела, што яны могуць здарыцца – не маладзею ж. Спачатку скарэктавала рацыён, прычым не сядзела на дыетах – маё харчаванне было інтуітыўным. Некалькі разоў на тыдзень наведвала трэнажорную залу і займалася фітнэсам. Я не пакутвала – і фізічныя нагрузкі, як увогуле новы рэжым і тэмп жыцця, мне былі ў радасць. За год сышло 40 кілаграмаў. Цяпер у мяне ціск 120/80. Звычка правільна харчавацца засталася, як і пешыя прагулкі. Дарэчы, сын натхніўся маім прыкладам і скінуў 45 кілаграмаў. Праўда, спосабы пахудзення ў нас розныя. 
На вечаровыя праменады выходжу што­дзень – і ў святы, і ў непагоду. За раз стараюся прайсці не менш за 10 кіламетраў. Я змянілася не толькі знешне, але і ўнутрана. Мой погляд на жыццё стаў іншым: цяпер заўважаю прыгажосць нават у дробязях. Не любіла восень, зіму, пакуль не пачала хадзіць. Аказваецца, у нас неверагодная прырода, прычым у розную пару года яна розная. То дрэвы ўбіраюцца ў жоўтыя ўборы, і кожны лісточак мае сваё ўнікальнае адценне. Потым скідаюць іх і апранаюцца ў снежныя шубы… А вясна – гэта час абуджэння, жыцця, святла, колераў… 

 – Што б вы цяпер сказалі сабе – той 17-ці гадовай Галіне, якая стаяла перад выбарам прафесіі?

 – Куды вырашыла паступаць, туды і ідзі – нікога не слухай. Рабіць выбар заўсёды складана. А таксама пажадала б не збі­вацца з абранага шляху і, якія б сітуацыі не здараліся ў жыцці, ні аб чым не шкадаваць!

 – Дзякуй, Галіна Іосіфаўна, за цікавую гутарку!

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич
 
По материалам газеты "Астравецкая праўда"

Читайте также: