Главная » Новости » Лента новостей

Пра сябе і пра ферму “Стрыпуны” расказвае яе загадчык Крысціна Мазура

135

Вясковая жанчына – вялікая працаўніца. Яна клапоціцца пра сям’ю і блізкіх, утульнасць у доме і ля яго, агарод, хатнюю гаспадарку і жыўнасць… А яшчэ штодзень ходзіць на работу, пры тым, што праца ў жывёлагадоўлі не з лёгкіх. Амаль тры дзясяткі, з якіх 25 гадоў у якасці загадчыка, аддала ферме «Стрыпуны» Крысціна Мазура, член Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.

У часа свае патрабаванні: узбуйняюцца гаспадаркі, мяняюцца тэхналогіі вырошчвання раслін і гадоўлі жывёлы, на змену маленькім малочна-таварным фермам прыходзяць комплексы-гіганты. Нязменным застаецца адно: асноўным у сельскай гаспадарцы па-ранейшаму з’яўляецца працаўнік. На іх, вяскоўцах, у тым ліку і на Крысціне Мазура, трымаецца аграпрамысловы комплекс краіны.

Пра ферму

– Наша ферма была пабудавана 50 гадоў назад, а, можа, і больш. Было два жывёлагадоўчых памяшканні: у адным – быкі на адкорме, у другім – дойны статак, – узгадвае жанчына. – Два гады я адпрацавала жывёлаводам, а потым тагачасны старшыня калгаса «Кямелішкі» Наталля Дзянісаўна Прэпесць прапанавала ўзначаліць ферму. Было страшна? Не тое слова, думала: як рады дам дакументацыі? Аказалася, паперы – дробязь у параўнанні з людзьмі. Да кожнага трэба было знайсці падыход: каго пахваліць, каго пакрытыкаваць. На ферме мяне называлі мама Чолі – для працаўнікоў я была родным чалавекам. 


Трыццаць гадоў назад на ферме «Стрыпуны» працавала 16 чалавек: даяркі, пастухі, жывёлаводы, слесар, трактарыст… 

Цяпер толькі 6.  

– Толькі аднойчы мы занялі 2-е месца ў раёне сярод малочна-таварных ферм – надоі ніколі не цешылі, але на тое ёсць аб’ектыўныя прычыны, – працягвае жанчына. – На ферме ў Кямелішках былі свае цялушкі, першацёлкі – зразумела, што лепшая і больш прадуктыўная жывёла заставалася там. Да нас прывозілі астатніх пасля «глядзін» кароў. Потым малочны гурт перавезлі на комплекс у Падольцы, а нашых даярак вазілі туды. Са старажылаў на ферме «Стрыпуны» засталіся толькі я, Уладзіслава Гарбачова і Валянціна Цэйка. 
Цяпер на ферме ўтрым­ліваецца крыху больш за 200 галоў. На адкорм у Стрыпуны трапляюць быкі з вагой звыш 150 кілаграмаў.

– Раней жывёлу гадавалі да 300-400 кілаграмаў, цяпер – да 500-600. Быкоў мы даглядаем роўна год. Раней кожныя тры месяцы іх узважвалі – ледзь за тыдзень спраўляліся, – тлумачыць жанчына. – Цяпер пры­блізную вагу вызначаю з дапамогай спецыяльнай стужкі, якой абмерваю акружнасць грудзіны. 

Нядаўна на ферме замянілі трубы і бочкі – раней з сістэмай водапаення былі адчувальныя праблемы, да слова сказаць, як і з травяністымі кармамі. 

– Дзякаваць богу, кармоў цяпер хапае. Некалі наш саўгас ледзь не з паўзімы жыў на прывазных сіласе і сенажы. Калі гаспадарку ўзначаліў Дзяніс Валер’евіч Кірпа, сітуацыя ў корані змянілася: ён дбае, каб усе ямы былі закладзены «зялёнкай», – гаворыць Крысціна Казіміраўна. 

Два разы на дзень у Стрыпуны прыязджае трактар, які на пляцоўцы побач з фермай робіць кормасумесь. Яе развозяць на кані і ўручную раздаюць жывёле.

– Работнікі туляцца да працы. Раздатчык не прыйшоў – даглядчыкі самі едуць на яму. Такога паняцця, як сядзець склаўшы рукі, у нас няма, – расказвае загадчык фермы.

Па словах Крысціны Казіміраўны, для любога работніка вельмі важна, каб яго працу заўважалі і цанілі. Дарэчы, штогод гэта робіць райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу падчас традыцыйнай рэспубліканскай акцыі «Наш жывёлавод». У 2019 годзе падчас прымеркаванай да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі ўрачыстасці лепшым жывёлаводам была прызнана Валянціна Цэйка. 

Пра сябе

– Родам я з Даўцюн. Нас у бацькоў двое: я і брат. Тата ўсё жыццё адпрацаваў у калгасе на трактары,  брат у саўгасе трактарыст. Маці была хатняй гаспадыняй, – расказвае жанчына. – Потым мы пераехалі ў вёсачку каля Стрыпун. Сюды з бацькамі з Талюшан перабраўся і мой будучы муж.

Жанчына жартуе, што ў іх з Сашам было каханне па-суседску. Крысціна чакала сваю другую палавінку з арміі. Літаральна на наступны день пасля дэма­білі­зацыі малады чалавек пра­панаваў стаць яго жонкай, а праз месяц яны пабраліся шлюбам.

У пошуках лепшай долі сямейная пара перабралася ў літоўскі горад Пабрадзе, але праз дзесяць гадоў давялося вярнуцца на радзіму даглядаць бацькоў. 

– Пайшлі працаваць у калгас «Кямелішкі». У Стрыпунах побач з фермай нам далі дом, які мы пазней выкупілі, – працягвае жанчына. – З мужам 33 гады ра­зам. Маем трох сыноў. Старэйшы Віталь працуе выратавальнікам, з жонкай Кацяй падарыў нам унучку Юлю; сярэдні Валодзя – таксама сямейны – у Мінску асеў; а Павел ходзіць у Кямелішкаўскую школу. 

Па прызнанні жанчыны, за апош­нія гады Стрыпуны змяні­ліся: раней у вясковым статку было каля 40 кароў, цяпер толькі адна рыкае ў хлеўчуку на падворку Мазураў. 

– Кабанчыка таксама маем, – дадае Крысціна Казіміраўна. – Садзім шмат бульбы, кавуноў. Кветкі моцна люблю. Летам у грыбы і ягады – святы абавязак. Нарыхтоўкі, марынады, засолкі…  Не магу сядзець без справы. Але з месяц таму перахварэла на каронавірус. І няцяжка, але нейкая млоснасць і млявасць да гэтага часу ёсць. Жартавала са сваім: пэўна, мне на карак гультай сеў. (Усміхаецца.)

Пяць-шэсць гадоў назад два аўтобусы вазілі хлопчыкаў і дзяўчынак са Стрыпун у школу і садок у Кямелішкі. Цяпер у вёсцы толькі чатыры дзіцяці. 

– Шматдзетным сем’ям далі кватэры, яны выехалі ў Астравец – і сціхла жыццё ў вёсцы, – бядуе загадчык фермы. – У Стрыпунах цяпер жывуць старажылы, якім пад 80 гадоў, і людзі нашага ўзросту – каму каля 60-ці, і чатыры 40-гадовыя чалавекі. Два разы на ты­дзень да нас у вёску прыязджае аўталаўка. Выбар прадуктаў нядрэнны – і гэта добрая падмога для старых. 

Крысціна Мазура хоць і на пенсіі, але не можа развітацца са сваёй фермай. І прызнаецца:

– Я б і адпачывала ўжо – ногі моцна баляць, каб было каму з маладзейшых месца саступіць. Чуе маё сэрца, што мы – апошнія са стрыпунскіх саўгасных «магікан». Не зможам працаваць – і ферму закрыюць. Але хто яго ведае?! Некалі наша гаспадарка была найслабейшай у раёне, і ніхто асаблівага аптымізму на станоўчыя змены не выказваў. А цяпер мы трэція пасля такіх асілкаў, як «Гудагай» і «Гервяты». Хочацца верыць, што і наша ферма, і наша вёсачка яшчэ будуць жыць шмат гадоў…


 Алёна Ганулич

Наши контакты

Наш адрес

230029, г. Гродно, ул. Коммунальная, 32

8 (0152) 62-50-11

obkom.apk.grodno@mail.ru

Время работы

Пн-Чт: 8.00 - 17.00

Пт: 8.00 - 15.45

Сб-Вс: выходной

Нажимая кнопку "Отправить" вы принимаете условия Политики обработки персональных данных.