Падчас жніва работа кіпіць не толькі на палях, але і зернескладах. Новы ўраджай трэба не толькі ўбраць, але дапрацаваць і размеркаваць, што пойдзе на выкананне дзяржаўнага заказу, а што – на фураж і насенне. Для загадчыка зернесклада КСУП «Гервяты» Ірыны Пешкі, якая шмат гадоў з’яўляецца дэпутатам мясцовага Савета дэпутатаў, сёлетняя ўборка юбілейная – 20-я. Жанчына расказала, як у гэтую пару арганізавана работа на іх аб’екце, якую культуру любіць найбольш і пра што марыць у гэты жніўны час.
Хоць у розных дакументах зернесклад праходзіць пад назвай «Чэхі», знаходзіцца ён у вёсцы Швейляны. З Ірынай Эдвардаўнай сустракаліся крыху больш за год таму з нагоды занясення партрэта жанчыны на раённую Дошку гонару. Памятаю, тады было марозна і ляжалі вялікія гурбы снегу, калі прыехала на інтэрв'ю – горача, што ні прадыхнуць, а на тэрыторыі зернесклада ўзвышаліся залатыя горы новага ўраджаю, які старанна дасушвалі аператары. Рухавая, усмешлівая – мая суразмоўца за гэты час зусім не змянілася, калі не лічыць прыгожага бронзавага загару, нібыта марскога.– Жніўны загар, – з усмешкай удакладніла суразмоўца і прадоўжыла: – Тут я лічы цэлы год адна, а летам зернесклад ажывае. З раніцы да позняга вечара з палёў прыязджаюць машыны, цяпер у асноўным гэта дваццацітоннікі, хлопцы сушаць збожжа, правяраем вільготнасць, размяркоўваем яго – словам, цэлы дзень на нагах… Час прамінае незаўважна: здаецца, толькі прыйшла, не паспела азірнуцца – а ўжо вечарэе.
– У жніва магутная энергетыка, у рытме якой жывуць усе вяскоўцы. Напачатку, канешне, складана, а потым прывыкаеш і калі ўборка заканчваецца, звыклага тэмпу жыцця не хапае, – працягвае Ірына Пешка. – Да пачатку масавай уборкі з Гервят нам прывозяць сушылкі, якія ў народзе называюць «італьянкамі», відаць, па назве краіны-вытворцы. Хоць па людскіх мерках іх можна ўжо смела лічыць пенсіянеркамі, тым не менш, яны спраўна служаць не адзін сезон. А ўсё дзякуючы аператарам, якія на месцы збіраюць агрэгаты, калі трэба, рамантуюць. У
Аляксандра Смольскага, які шмат гадоў тут сушыць збожжа, залатыя рукі. Добра сябе таксама зарэкамендаваў Сяргей Захарэўскі – хлопцы пазменна працуюць. Акрамя гэтага падчас ўборкі за вагаўшчыц у нас Галіна Астроўская і Дзіяна Малевіч. Апошняя са сталіцы прыехала да маці і вырашыла падзарабіць у адпачынку. Падмятаюць і падсуваюць у бункеры зерне падсобныя рабочыя Ніна Кулік і Юрый Лаздоўскі.
За змену дапрацоўваем па 200 і больш тон. Летась давялі да кандыцыі 2 700 тон, а ў гэтым годзе, думаю, больш за 3 тысячы будзе – ураджай добры на палях вырас. Люблю ўсе культуры, але найбольш, напэўна, пшаніцу. Залацістая, гладзенькая – яе прыемна трымаць у руках. І трыцікале харошы, і жыта гібрыднае. Найменш важкі авёс: возьмеш у далонь, здаецца і няма нічога, але гэта культура карысная, у ёй шмат бялку. Вось толькі аператары недалюбліваюць яго: і пыліць больш за астатнія пры дасушцы, і самы лёгкі, – усміхаецца жанчына.
– На нашым зернескладзе захоўваецца фураж. За ўборку ўсё насенне, якое будзе ў нашых калгасных засеках, дапрацоўваем самі, – дадае суразмоўца. – Як вяскоўку і дэпутата Гервяцкага сельскага Савета дэпутатаў мяне радуе, што ў нас дагледжаныя землі, што людзі любяць свой край, што самааддана, не шкадуючы часу і сіл, працуюць на ўборцы збожжа і рапсу. Пра што мару? Напэўна, як і ўсе працаўнікі сельскай гаспадаркі, каб не дажджыла, каб лета заўчасна не заканчвалася. Нам яшчэ засталося абмалаціць палову жніўнага кліна. Калі стаіць спёка і работы ў полі і на сушылцы ідуць як па масле, тады я шчаслівая!








