Пра структуру яравога кліна, насенне і зімоўку культур расказалі спецыялісты райсельгасхарчу і насеннай інспекцыі

Сяўба на Астравеччыне распачнецца, калі сярэднесутачная тэмпература будзе вышэй за +50С і трымацца не адзін дзень, а глеба, як кажуць аграномы, саспее – гэта значыць будзе добра рассыпацца і не наліпаць на рабочыя дэталі прычапных агрэгатаў.
Які насенны фонд сфарміраваны да пачатку яравой сяўбы, ці адпавядае ён патрабаванням, як пасля зімы на раённых палях пачуваюцца азімыя збожжавыя і рапс, колькі і чаго пасеяць раённыя аграрыі вясной – пра гэта карэспандэнт даведаўся ў Астравецкай раённай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін і ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання.
НАСЕННЫ МАТЭРЫЯЛ
Алена Сяргей, вядучы аграном – дзяржінспектар:

– Забяспечанасць кандыцыйным пасяўным матэрыялам збожжавых і зернебабовых культур па раёне складае 175%. У разрэзе гаспадарак сітуацыя выглядае наступным чынам: КСУП «Гудагай» – 400%, КСУП «Варняны» – 118%, «Гервяты» – 126%, КСУП «Міхалішкі» – 101%, РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» – 155%.
Цяпер галоўная культура – грачыха, якой надаецца вялікая ўвага не толькі ў нашым раёне, але і краіне. КСУП «Гудагай» забяспечаны кандыцыйным насеннем гэтай расліны на 181%, КСУП «Варняны» – на 175%, «Гервяты» – на 125%, КСУП «Міхалішкі» насенне правяраецца. У саўгасе ў структуры пасяўных плошчаў грачыхі няма, магчыма, калі вырашаць яе вырошчваць, то набудуць насенны матэрыял.
Што тычыцца гароху, то найлепш гэтым насеннем забяспечаны КСУП «Гудагай» і КСУП «Варняны». У «Гервятах» і саўгасе матэрыял правяраюць. У КСУП «Міхалішкі» запланавана набыць 10 тон гароху.
З насеннем шматгадовых траў сітуацыя крыху горшая. На маю думку, у гэтым накірунку гаспадаркі раёна павінны працаваць больш плённа, бо травяністыя кармы – аснова асноў жывёлагадоўлі, якая прыносіць найбольшы прыбытак. А таксама звяртаць увагу на назапашванне ўласнага якаснага насення, таму што матэрыял шматгадовых траў нятанны.
Найлепшая забяспечанасць у гэтым накірунку ў КСУП «Гудагай» (136%) і КСУП «Гервяты» (126%). У КСУП «Варняны» лічба набліжаецца да 50%, але 10 тон яшчэ знаходзяцца на праверцы. Думаю, насенне будзе добрай якасці і забяспечанасць ім у гэтай гаспадарцы дасягне 100%. У КСУП «Міхалішкі» – 46%, у саўгасе – 47%. Апошняе прадпрыемства заключыла дагаворы на набыццё насення шматгадовых траў, таму ў бліжэйшы час яны значна павялічаць працэнт забяспечанасці.
Насенне кукурузы і цукровых буракоў будуць купляць усе гаспадаркі. На 11 сакавіка КСУП «Гудагай» забяспечаны на 121%, «Гервяты» – 96%, саўгас – 20%.
Аптымальны тэрмін для вызначэння ўсходжасці, прымесяў і іншых пасяўных якасцей складае крыху больш за тыдзень. Калі насенне не адпавядае якасці, гаспадарка атрымлівае пра гэта паведамленне і павінна давесці яго да кандыцыі. Толькі пасля атрымання адпаведнага пасведчання можна праводзіць сяўбу. Упэўнена, што да пачатку масавай сяўбы ўсе КСУПы і саўгас будуць забяспечаны пад патрэбу насенным матэрыялам асноўных сельгаскультур.
ЗІМОЎКА ПАСЕВАЎ
Кацярына Салавей , вядучы аграном па ахове раслін – дзяржінспектар:

– На працягу апошніх гадоў мяняюцца кліматычныя ўмовы ў бок пацяплення, што аказвае ўплыў на перазімоўку азімых культур. Добра, што Астравеччына знаходзіцца ў паўночным рэгіёне – надвор’е без значнай амплітуды змянення тэмператур.
На паспяховасць зімоўкі азімых культур уплывае некалькі фактараў: наяўнасць і таўшчыня снежнага покрыва, узровень прамярзання глебы, тэмпература паветра, асабліва яе хістанне, і многія іншыя. Напрыклад, калі пасевы загушчаны, то пасля таяння снегу развіваецца снежная цвіль і іншыя захворванні.
Азімыя правяраем некалькі разоў з дапамогай метаду маналітаў. Апошняе даследванне праводзілі напрыканцы студзеня. Па перазімоўцы збожжавых і рапсу на той перыяд пытанняў не ўзнікала: вымярзання пасеваў не зафіксавалі.
Цяпер, напрыклад, пры праверцы палёў, дзе-нідзе выявілі падмярзанне кропак росту ў азімага рапсу – гэта значыць, што расліна падмерзла. Калі яна моцная, з добра развітай каранёвай сістэмай, то гэта нястрашна: вясной павінна аднавіць свой рост і вегетацыю.
Цалкам сышоў снег – і пачалася паступовая вегетацыя. У пшаніцы яна складае прыкладна 22%, трыцікале – 20%, жыта – 24%, ячменя – звыш 40%. Зазначу, што гэта працэнтныя дадзеныя не ў дачыненні ўсіх пасеваў, а толькі да абследаваных плошчаў (прыкладна палавіна ад агульнай колькасці).
Да зімы не ўсе занятыя азімымі культурамі плошчы былі праполаты: калі рапс цалкам апрацавалі ад пустазелля, то збожжавыя толькі на 66%. Таму вясной неабходна правесці праполку пасеваў. У цэлым па раёне забяспечанасць гербіцыдамі складае 59%.
З пацяпленнем кропкава на некаторых участках адбываецца заражэнне рапсу шкоднікам. Для барацьбы з ім выкарыстоўваюць інсектыцыды – забяспечанасць гэтымі сродкамі аховы раслін па раёне складае 35%. Працэдуру закупак прэпаратаў працягваюць усе гаспадаркі раёна.
У цэлым зімоўку збожжавых і рапсу папярэдне ацэньваю станоўча, хоць канчатковыя вынікі можна будзе падвесці, калі ў раслін пачнецца актыўная вегетацыя. Галоўнае, каб не было перападаў тэмператур. Дзённая цяпло і начныя прымаразкі выклікаюць стрэс у раслін і негатыўна ўплываюць на іх развіццё.
ЯРАВЫ КЛІНДанута Бразевіч, галоўны спецыяліст сектара раслінаводства райсельгасхарчу:

Вырошчваннем бульбы па-ранейшаму ў раёне будуць займацца КСУП «Гудагай» і «Гервяты». Пад другі хлеб адвядзём 100 гектараў, летась было 122.
Пасяўныя плошчы пад цукровымі буракамі застануцца на ўзроўні мінулага года – 1 645 гектараў.
Для паляпшэння структуры шматгадовых траў плануецца падсеяць іх на плошчы 2 318 гектараў і правесці перазалужэнне на плошчы 2 963 гектараў.
Нядрэнны задзел пад ураджай-2024 гаспадаркі раёна зрабілі з восені, праўда, не ўсе. Зяблевая апрацоўка глебы праведзена на плошчы 8 938 гектараў (75% ад запланаванага). Найгорш з гэтай задачай справіліся КСУП «Варняны», дзе зябліва паднята толькі на плошчы 930 гектараў (39%).
На зіму пасеяна 9 620 гектараў збожжавых: пшаніцы – 3 805, жыта – 1 084, трыцікале – 3 326, ячменю –1 405, рапсу – 2 970. На 515 гектараў павялічыліся пасевы пад збожжавымі. Значна пад азімым ячменем (на 995 гектарах), таму што гэта самая ўраджайная культура са збожжавых. Пад трыцікале зменшыліся на 413 гектараў, пад пшаніцай – на 299 гектараў. Затое пад жыта павялічыліся на 232, з якіх 350 засеяны насеннем гібрыдаў, яны даюць на круг пад 70 цэнтнераў.
Вясенне-палявыя работы толькі пачаліся: аграрыі падкормліваюць шматгадовыя травы і лугавыя ўгоддзі, уносяць калій і фосфар у глебу пад сяўбу яравых. Некаторыя гаспадаркі пачалі падсеў шматгадовых траў пад азімыя. Дарэчы, тэмпературны рэжым на гэта істотна не ўплывае. Наадварот, калі глеба крыху прамерзлая, лепш падсяваць: дастаткова вільгаці і тэхніка не пакідае значных слядоў.
Працягваецца назапашванне кандыцыйнага пасяўнога матэрыялу і мінеральных угнаенняў. У бліжэйшых планах набыццё 80 тон насення эліты, з якіх 50 – ячменю і 20 – пшаніцы. Акрамя гэтага, 10 тон аўса. У глебу будзе трапляць насенне не ніжэй першай рэпрадукцыі.
На 6 сакавіка забяспечанасць гаспадарак мінеральнымі тукамі складае 58%: найбольш ёсць калію (76%), найменш – фосфару (29%). У планах на сяўбу назапасіць без малога 80% ад патрэбы. Варта ўдакладніць, што гэты працэс працягваецца. Найлепшая сітуацыя назіраецца ў РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі», дзе да пасяўной ужо ёсць 65% мінеральных угнаенняў ад патрэбы.








