Главная » Новости » Лента новостей

Пра ўраджай у КСУП “Гудагай”, адзінай насенняводчай гаспадаркі раёна, расказвае Марыя Ждановіч

120
КСУП «Гудагай» – адзіная гаспадарка ў раёне, якая спецыялізуецца на вытворчасці насеннага матэрыялу збожжавых культур і бульбы. У сельгаспрадпрыемстве не па чутках ведаюць, што насенне – святая святых раслінаводства. 
Карэспандэнт «АП» зазірнуў у Малі на зернесклад, дзе насеннявод Марыя Ждановіч расказала пра жніво, ура­джай і незвычайныя сарты збожжавых: 
– Хоць за дзесяцігоддзі значна змяніліся агратэхнічныя прынцыпы ў раслінаводстве, нязменным засталося мудрае выслоўе нашых продкаў: што пасееш, тое і пажнеш… Таму пра будучы ўраджай клапоцімся ўжо падчас жніва. 
Сёлета ў Беларусі для насенняводчых гаспадарак увялі атэстацыю, якую мы паспяхова прайшлі, – займацца вытворчасцю насеннага матэрыялу і яго продажам можам цягам 5 гадоў. А пасля ізноў давядзецца пацвярджаць статус элітгаса. 
Хлебны бохан ці каравай пачынаецца з зярнятка. Асноўная задача – вырасціць эліту. Мы набываем насенны матэрыял па рэпрадукцыях. Праз год нівы дадуць суперэліту. Яшчэ праз год – эліту. 
У вызначэнні аптымальных пасяўных плошчаў адштурхоўваемся ад патрэб жывёлагадоўлі, а таксама ад попыту на насенне. 
Напрыклад, з восені адвялі 6 гадавальнікаў пад ячмень сартоў «карнэт», «мустанг», «бацька», «калдун», «аванс» і «фэст». З вясны прыгарнулі насенне пшаніцы – «ласкі» і ўпершыню – «вестачкі». Паглядзім, як апошняя сябе сёлета зарэкамендуе. Вырошчваем азімую пшаніцу «гірлянда», «мроя», «аўгусціна», «маркіза» – новы сорт; трыцікале «праметэй», «тадэус», «дынама», «грэнада»; жыта «галубка»…
Жніўны клін збожжавых і зернебабовых сёлета складае 3 610 гектараў, з якіх 1 157 адвялі пад насенняводчыя патрэбы. На круг бяром 52,7 цэнтнераў з гектара пры сярэднераённых 39,5. Найлепш урадзіла трыцікале сартоў «тадэус» і «праметэй» – сыплецца па 70 і 60 цэнтнераў. Звыш 65 цэнтнераў з гектара пшаніцы намалочваюць камбайнеры. Чаго граху таіць, і жыта, і ячмень, і авёс парадавалі. 
Збожжа з палёў прывозяць на зернесклады – іх у КСУП «Гудагай» чатыры: у Малях, дзе я праводжу асноўную частку працоўнага часу, Германішках, Палушах і Лошы.  
Спачатку збожжа дасушваюць і праводзяць яго першасную ачыстку на зернесушыльных комплексах і лініях. У Малях гэтым займаюцца Віктар Янкойць і Міхаіл Грымбоўскі. Яны малайцы: працавітыя і адказныя, штогод трапляюць у тройку зернесушыльшчыкаў, якія першымі дапрацоўваюць звыш 2 тысяч тон збожжа і рапсу. 

Міхаіл Грымбоўскі і Віктар Янкойць разам працуюць на зернесушыльным комплексе «ЛідАрай» пяты сезон. Змену заканчваюць апоўначы, а ў 8 раніцы яны ізноў на тэрыторыі зернесклада. Вільготнае зерне сушылі часам і да 3 гадзін ночы. 

Напачатку ўборкі, калі зерне было вільготным, хлопцы за змену даводзілі да патрэбнай кандыцыі каля 100-150 тон, цяпер, калі вільготнасць толькі 13-13,5%, – 300 тон і больш. Сухое збожжа ідзе патокам. Невялікую партыю з пазначэннем культуры, сорту і іншых важных паказчыкаў здаём на праверку жыццяздольнасці і ўсходжасці ў інспекцыю па насенняводстве, каранціне і ахове раслін. Калі аналізы станоўчыя, збожжа ізноў дапрацоўваем, потым адпраўляем на разгорнуты аналіз. Калі праверанае насенне прызнана кандыцыйным, партыю закладваем на захоўванне – яго ўжо можна рэалізоваць. І так ідзе: пшаніца, ячмень, авёс, трыцікале… 
Работа насеннявода, як і агранома, цікавая. Падчас жніва большую частку працоўнага часу праводжу на зернескладзе: шмат дакументацыі. Калі былі відавыя праполкі, якія робяцца выключна ўручную,  працавала са студатрадамі – падлеткі зразалі непатрэбныя каласы нажніцамі ці вырывалі іх. Сёлетнія старшакласнікі Гудагайскай СШ вельмі мяне парадавалі: працавалі хутка, з ахвотай! 
Насенняводам у КСУП «Гудагай» працую з 2009 года. За гэты час вока набіла: глянуўшы на пасевы, магу сказаць, ці будуць яны ўраджайнымі. Збажына сёлета не падвяла: частка намалоту пойдзе на фураж,  насеннае збожжа – на продаж і пад ураджай наступнага года. Яго набываюць не толькі гаспадаркі Астравеччыны: прыязджаюць са Смаргонскага, Ашмянскага, Іўеўскага, Лідскага, Навагрудскага, Слонімскага, Мядзельскага раёнаў. У засеках зерне не залежваецца – попыт на якасны пасяўны матэрыял быў, ёсць і заўсёды будзе. 
Якую культуру люблю найбольш? Усе падабаюцца, асабліва збожжавыя. Па душы пшаніца. На дзіва, менавіта гэту тэму сёння абмяркоўвалі з загадчыкам зернесклада Таццянай Даўляш. Учора вазілі яравую пшаніцу. Зярняты пузатыя, круглабокія, налітыя. Возьмеш у прыгаршчы – а яны пераліваюцца на сонцы, нібыта буршт­ын. Насенне – святая святых раслінаводства…

Па тэрыторыі зернесклада збожжа развозіць Сяргей Гурскі

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич
По материалам "Островецкая правда"

Читайте также: