Плячом да пляча за будучы хлеб: амаль 40 гадоў на дваіх браты Станіслаў і Валерый Лобачы працуюць падчас уборачнай кампаніі
Набірае тэмп жніво-2025. Шуміць ад ветру спелае калоссе, а дбайныя рукі камбайнераў так і цягнуцца, каб “узяць” першы хлеб. Не так даўно ва УСП “Новы Двор-Агра” ўрачыста праводзілі хлебаробаў у поле. Поўным ходам ідзе важная справа, вынік якой дасць адзнаку за год. Патрэбна ў кароткі час сабраць ураджай з палёў. А для гэтага ў гаспадарцы ёсць усё: і добрая тэхніка, і вопытныя хлебаробы. Яны – галоўныя дзеючыя асобы збожжаўборачнай кампанiі. Гэта іх рукамi i нястомнай працай будзе сабраны сёлетнi ўраджай.
Сярод тых, хто заўсёды гатовы на “бітву” за новы ўраджай, браты Станіслаў і Валерый Лобачы. Планаў па намалоту зерня загадзя перад сабой не ставяць. На іх думку, добры вынік атрымаецца, калі прыкладуць максімум намаганняў у працы, калі надвор’е будзе спрыяць і не падвядзе тэхніка. За плячыма ў братоў – багаты хлебаробскі шлях. Валерый сёлета сустракае сваё дваццаць пятае жніво. Ён малодшы з братоў, але першы сеў за штурвал камбайна. За два з паловай дзесяцігоддзі, дзякуючы намаганням Валерыя, намалочаны дзясяткі тысяч тон збожжа. Ужо сямнаццаць гадоў яго верным жалезным сябрам з’яўляецца камбайн “Лексіён-580”. У гэтай магутнай машыне створаны ўсе ўмовы, каб камбайнёрам было камфортна сядзець ў кабіне і ўпэўнена плыць па залатой збажыне, збіраючы зярнятка да зярнятка. Маецца клімат-кантроль, кабіна шырокая, прасторная, выгодная.
Яшчэ шпарчэй бяжыць час і робіцца справа, таму што побач з Валерыем шчыруе памочнік камбайнёра – яго родны брат Станіслаў. У яго гэта дванаццатае жніво, ён таксама даўно парадніўся з полем, і рукі яго наскрозь прапахлі хлебным водарам. Два родныя браты займаюцца, бадай, найважнейшай справай – уборкай новага ўраджаю. Яны як адно цэлае. З паўслова разумеюць адзін аднаго, працуюць з адной мэтай – намалаціць як мага больш зерня, каб багатымі былі закромы Радзімы, каб штодзень быў у нас хлеб на стале, каб шчасліва жылося людзям у роднай старонцы.
Гэты экіпаж лічыцца адным з лепшых у гаспадарцы, і сёлета на братоў Лобачаў таксама ўскладваюцца надзеі, што ўборку правядуць адмыслова, з багатымі намалотамі. Браты неаднаразова выходзілі пераможцамі раённага спаборніцтва, былі ўзнагароджаны ганаровымі граматамі за працу на жніве. Такія людзі, несумненна, з’яўляюцца рухаючай сілай у гаспадарцы, яе сапраўднымі маякамі. На такіх сёння раўняюцца маладыя хлебаробы, імкнуцца не адстаць ад лідараў, бяруць прыклад.
– Галоўнае, каб тэхніка не падвяла, – гаворыць Валерый Лобач. – Ужо, на жаль, не новая, у мінулым годзе на рамонце доўга стаялі, пакуль іншыя экіпажы ўбіралі ўраджай. Крыўдна было, але што зробіш. Мы любім сваю справу. У душы прыемнае адчуванне дачынення да такой важнай падзеі нара-джэння новага хлеба. Чуеце, які водар стаіць вакол? Гэта спелае зерне так пахне. Ні з чым не параўнальны пах! Я згаджаюся з хлебаробам. Так, няма на свеце лепшага водару, як пах свежага хлеба, няма большай прыгажосці, чым бяскрайняе мора залатой нівы.








