Главная » Новости » Лента новостей

ПАКЛОНІМСЯ ДАЛЁКІМ ТЫМ ГАДАМ. ЭКСКУРС У МІНУЛАЕ САЎГАСА “ВАРОНЧА” І ЯГО ЛЮДЗЕЙ

168

Час не стаіць на месцы: здаецца, нядаўна мы рыхтаваліся адзначыць 80-годдзе Карэліцкага раёна (з прычыны пандэміі кавіда ўрачыстасці адмянілі), а ўжо праз некалькі месяцаў будзем сустракаць яго 85-годдзе.

Дата значная, напоўненая радаснымі здзяйсненнямі, працоўнымі дасягненнямі, навакольнымі відазмяненнямі, выклікаючымі вялікі гонар за наш любімы край, за яго людзей. Сённяшні ж росквіт малой радзімы ўзнік не на пустым месцы і нельга сцерці з памяці заслугі тых, хто закладваў падмурак для першых поспехаў, росту дабрабыту Карэліччыны, стаяў ля вытокаў пасляваеннага яе аднаўлення. А гэта цэлае пакаленне, народжанае перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны, у яе гады і ў нялёгкі пасляваенны час, чыё дзяцінства і юнацтва былі загартаваны шматлікімі выпрабаваннямі, паклалі адбітак на яго характары. Чым вызначалася яно? Мэтанакіраванасцю, упартасцю ў пераадольванні цяжкасцяў, адсутнасцю карыслівых памкненняў, унікальнай добрасумленнасцю, чысцінёю намераў, нейкай магічнай сілай сяброўства, заснаванага на ўзаемаразуменні і ўзаемадапамозе, рэдкай адданасцю набытай прафесіі, фантастычнай працавітасцю, неверагоднай беражлівасцю ў адносінах да сям’і, імкненнем увесь багаж сваіх ведаў і ўменняў выкарыстоўваць (у канкрэтных справах) з карысцю для людзей. Тое даўняе пакаленне (да ліку яго  адносімся і мы з мужам), якое пазнала сіроцтва, гаротную долю ваеннага і пасляваеннага ліхалецця, імкнулася з годнасцю запоўніць прагал на месцы загінулага на вайне кожнага трэцяга беларуса… І сёння, на схіле жыцця, усё часцей душу напаўняюць дарагія сэрцу ўспаміны, падмацаваныя фотаздымкамі з тых дзён, якія не падлягаюць забыццю, бо яны — наша гісторыя і пацвярджэнне невычэрпнай адданасці роднай зямлі, якія  ў якасці каштоўнейшага скарбу неабходна перадаць у спадчыну нашчадкам. Паклонімся далёкім тым гадам, нялёгкім, няпростым, складаным, якія палажылі пачатак беспамылковага выбару на жыццёвым шляху да шчасця…

Экскурс у мінулае Жнівень 1968 года… Саўгас “Варонча”. Сюды, дзе пасля заканчэння Віцебскага ветэрынарнага інстытута ўжо год працаваў галоўным ветэрынарным урачом мой муж, прыехала і я, скончыўшы філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта імя Леніна, атрымала дыплом: мяне чакала праца ў Варанчанскай сярэдняй школе. Пачыналася новае жыццё, поўнае мараў, спадзяванняў, планаў. Але неўзабаве прыйшло ўсведамленне таго, што наступілі няпростыя рэаліі маладой сям'і, пачынаючых спецыялістаў. І каб іх паспяхова пераадолець, прыйдзецца спасцігаць многае: вучыцца працаваць у калектыве, наладжваць кантакт з людзьмі, прымаць самастойныя рашэнні, праяўляць самаадданасць у авалодванні прафесіяй, не паддавацца цяжкасцям, не апускаць рукі пры няўдачах, шліфаваць асабісты талент дзеля стварэння моцнага сямейнага тылу, быць прыкладам літаральна ва ўсім для вяскоўцаў, для калег. Усё гэта дапамагала мацаваць сямейны лад, што ў сваю чаргу стварала перадумовы для поспехаў у працы.

Саўгас "Варонча" ў тую пару не значыўся ў ліку перадавых гаспадарак, але паступова выбіўся з адсталых у адну з лепшых у раёне. Не раз успамінаем з мужам той час і задаёмся пытаннем: чаму пры адсутнасці належных умоў для працы і пражывання сем'яў маладых спецыялістаў саўгас стаў у раёне лідарам па многіх паказчыках? І лічым: поспехі дасягаліся дзякуючы згуртаванасці кіраўніцтва, галоўных спецыялістаў, кадраў  сярэдняга кіруючага звяна, радавых працаўнікоў саўгаснай вытворчасці, для якіх нейкія бытавыя складанасці ўспрымаліся не як невырашальныя праблемы, а як часовыя папраўныя нязручнасці.

Кадры вырашалі ўсё. Бытавых жа складанасцяў у тыя далёкія гады хапала: маладыя спецыялісты з сем'ямі напачатку жылі на здымных кватэрах без элементарных выгодаў; заработнай платы хапала толькі на самае неабходнае, ва ўсім адчувалася сціпласць, адсутнасць раскошы. Але ніхто не  наракаў на лёс і, што дзіўна, адсутнічала цякучасць кадраў! Недахопу ў іх таксама не адчувалася! Мясцовыя юнакі, якія адслужылі ў арміі, вярталіся ў родныя мясціны, стваралі сем'і, нараджалі дзетак, будаваліся. Вёскі былі шматлюдныя, Варанчанская сярэдняя школа працавала ў дзве змены, напоўненасць класаў — не менш як 25 чалавек. Настаўніцкі калектыў — малады, таленавіты, вучні атрымоўвалі цудоўныя веды, таму працэнт паступаючых у вышэйшыя навучальныя ўстановы і тэхнікумы радаваў. У пачатку 1968 года саўгас "Варонча" ўзначаліў малады, ініцыятыўны кіраўнік, заатэхнік па спецыяльнасці, Аляксей Мікалаевіч Сенька. Яму ўдалося па-сапраўднаму згуртаваць калектыў, асабістым прыкладам павесці за сабой людзей, умацаваць працоўную дысцыпліну, наладзіць цесны кантакт са старажыламі гаспадаркі, да парадаў і падказаў якіх прыслухоўваўся і лічыў іх карыснымі для сябе.

Добра памятаю маладых спецыялістаў саўгаса таго часу: агранома Паўла Бычко, да фанатызму ўлюбёнага ў сваю справу, механіка Віктара Халупку, інжынера Уладзіміра Налівайку, заатэхніка Васіля Новікава, загадчыкаў вытворчых участкаў Міхаіла Худакова, Алену Хвалько, Аляксандра Анісіма і іншых. Усе маладыя, прыгожыя, працавітыя. Не лічачыся з часам, прападалі на палях, фермах, майстэрнях, што называецца, і днём, і ноччу, укладвалі ў работу сваю душу.  Вядома, больш дасведчанай я была ў справах майго мужа, галоўнага ветурача саўгаса Вячаслава Калтунова. Назіраючы за тым, як ставіцца ён да сваёй работы, не пераставала здзіўляцца яго неверагоднай адказнасці за даручаную справу, імпанавала таксама імкненне ветурача не абмяжоўвацца стандартнымі падыходамі да прафесіі, а пашыраць сферу сваёй дзейнасці, накіраваць яе на максімальную карысць у інтарэсах гаспадаркі. Па сутнасці, ён з нуля арганізаваў ветэрынарную службу саўгаса, стварыў моцную лекавую базу, што дазволіла значна павысіць працэнт вылечвання жывёлы на фермах і на дамашніх падворках; да мінімуму скараціўся падзеж маладняку, ліквідавана захворванне статку лішаём і іншымі хваробамі. Было наладжана рэгулярнае інфармаванне насельніцтва па актуальных на той час пытаннях ветэрынарнага характару і з'яўлялася надзейнай прафілактычнай мерай, з цікавасцю ўспрымалася насельніцтвам. Работнікі ветэрынарнай службы саўгаса сталі праводзіць пад кіраўніцтвам галоўнага ветурача складаныя хірургічныя аперацыі. Памятаю, як у  газеце "Полымя" надрукавалі артыкул аб тым, як "...Вячаслаў Рыгоравіч дастаў цяля праз бок". Гэта ўпершыню ў в. Равіны ў каровы было зроблена кесарава сячэнне. На свае вочы я бачыла паўвядра цвікоў, балтоў, шурупаў і іншых дробных жалязякаў, выцягнутых са страўнікаў кароў (дойнага статку), дзякуючы масаваму прымяненню магнітных зондаў. Аб гэтым, у праватнасці, пісалі ў абласных і рэспубліканскіх СМІ, расказвалі па рэспубліканскім радыё, як і аб тым, што да ветурача нават ноччу вельмі часта звярталіся жыхары навакольных вёсак, работнікі фермаў (асабліва ў зімовы перыяд ацёлаў). І, каб не разбудзіць стукам дзетак, існавала дамоўленасць дзверы ў кватэру не замыкаць, аб чым ведалі ўсе. За 5 гадоў нашага пражывання ў Варончы ніколі ніхто не зрабіў замаху пранікнуць да нас са злачыннымі намерамі! Ведалі: народ такое не даруе! Адным словам, вынікі самаадданай працы кадравага звяна не прымусілі сябе доўга чакаць. Кардынальна змяніліся падыходы да ўтрымання і кармлення маладняку, малочнага статку, укараніліся новыя тэхналогіі ў адкорме жывёлы, а таксама і ў земляробстве. Усё гэта спрыяла хуткаму росту ў гаспадарцы надояў, прывагаў, ураджайнасці. Саўгас "Варонча" не раз узнагароджваўся за дасягненне высокіх вынікаў у працы пераходным Чырвоным Сцягам. Славілася надоямі ферма в. Падгайна, яе работніца Зінаіда Паўлаўна Грыбок у хуткім часе была ўдастоена Дзяржаўнай прэміі СССР. Безумоўна, шмат чаго цікавага і каштоўнага назіралася і ў  дзейнасці іншых спецыялістаў гаспадаркі. На мой погляд, немалаважную ролю адыграла таксама арганізуючая і накіравальная работа райкама партыі і асабіста яго першага сакратара Аляксея Аляксандравіча Яновіча, які, безумоўна, унёс значны ўклад у развіццё раёна, падбор і выхаванне кіруючых кадраў. Дарэчы, мой муж абіраўся сакратаром камсамольскай і партыйнай арганізацыі саўгаса "Варонча" (у рады КПСС ён уступіў у 1961 годзе падчас службы ў пагранічных войсках КДБ), а ў 1972 годзе рашэннем бюро райкама партыі быў накіраваны на вучобу ў Мінскую Вышэйшую партыйную школу. Сям'я — самы надзейны тыл. Не ўтойваю: мы, жанчыны, бывала, раўнавалі сваіх мужоў да работы і ў той жа час ганарыліся імі, бачачы, як іх паважаюць людзі, стараліся стварыць моцны, надзейны сямейны тыл, дапамагалі і падтрымлівалі ва ўсім, а на сваіх працоўных месцах і ў будзённасцях імкнуліся быць не з горшых. Дырэктар саўгаса А. М. Сенька вярнуў у гаспадарку існаваўшыя раней традыцыі, не чакаючы ўказанняў зверху. Усё ішло ад сэрца: зажынкі і дажынкі, святы пачатку пасяўной і ўраджаю, яны праводзіліся на школьным стадыёне пры ўдзеле вялікай колькасці работнікаў саўгаса.

А колькі радасці прыносіла ўпрыгожванне вялікай, прывезенай з лесу елкі на плошчы каля будынку саўгаснай канторы перад Новым годам! Ва ўсіх мерапрыемствах мы прымалі самы актыўны ўдзел: стварылі цудоўную мастацкую самадзейнасць, выступалі перад сяльчанамі; добраўпарадкавалі навакольную тэрыторыю, высадзілі маладыя дрэўцы каля касцёла святой Ганны ў Варончы, стваралі дамашні камфорт, засявалі агароды летам, збіралі ягады і грыбы, нарыхтоўвалі шмат прыпасаў на зіму. І паспявалі ўсюды! Наогул, як памятаю, сярод сем'яў маладых спецыялістаў існавала рэдкая супольнасць, я б сказала, дзіўная згуртаванасць, шчырая ўзаемадапамога, узаемападтрымка. Не перабольшваю: мы былі як адна сям'я і ў радасці, і ў горы. Да сённяшняга дня ў сэрцы жыве настальгія па тых мінулых днях, напоўненых дабрынёй і людскасцю (менавіта на гэтых каштоўнасцях выхоўваліся нашы дзеці), а зараз вельмі часта сніцца прасторны двор каля васьмікватэрнага дома, дзе мы жылі. Летні сонечны дзень. Мы, жанчыны, пакуль у калясачках спяць нашы дзеткі, падрыхтоўваем агуркі для засолкі, выпрабоўваем розныя рэцэпты, дзелімся навінамі. У клопатах хутка прабягае дзень, а вечарам жыхары дома збіраюцца на лаўцы, побач гуляюць дзеці, наш сусед, настаўнік, Генадзь Рыгоравіч Дзмітрыеў, выносіць баян, і наваколле запаўняе песня. Да яго далучаемся мы ўсе, да прыцемкаў спяваем, танчым, весялімся... Такое не забываецца нават з гадамі... І яшчэ: пераглядваючы сямейны альбом, успамінаючы мінулае, разважаючы, што нараджала працоўны энтузіязм пакалення, чый лёс быў паранены вайной, мы лічым, што адным з галоўнейшых стымулаў з'яўлялася для яго Яе Вялікасць Памяць. Нашаму пакаленню не трэба было тлумачыць, што захаванне памяці аб ваенным ліхалецці, якое пазбавіла мільёны дарослых, дзяцей шчасця, — гэта заклад будучага лёсу Радзімы. Памяць не давала права забыцца пра слёзы сіротаў, гора салдацкіх удоваў, пра шматлікія ахвяры, таму ў наш час амаль не існавала разводаў, бо лічылася недапушчальным у мірны час дапускаць безбацькоўства. Жыла адна ідэя: мацаваць дух добрасуседства, мацаваць дабрабыт і незалежнасць дзяржавы, закладваць гэтыя якасці ў характарах новага пакалення. Вось чаму шчасце наша ўсеагульнае якраз у тым, што пераемнасць пакаленняў не знікае, наадварот, узмацняецца і надзейна служыць цяперашняму і будучаму росквіту Радзімы. Дык паклонімся далёкім тым гадам...

Галіна КАЛТУНОВА, г.п. Карэлічы

Фота з сямейнага архіва

Источник: https://www.polymia.by/vse-novosti/3230/paklonimsia-dalekim-tym-gadam

Читайте также: