На Астравеччыне працягваецца прафсаюзная акцыя, якая за гады свайго існавання стала чымсьці большым за візіты на фермы і комплексы. Цяпер гэта агульнарэспубліканскі марафон падзякі людзям, якія забяспечваюць харчовую бяспеку краіны.
На Астравеччыне надышла чарга КСУП “Міхалішкі”. Нагадаю, што працаўнікі КСУП “Варняны” і РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі” ўжо атрымалі Падзякі і грашовыя сертыфікаты.

Калі ацэньваць работу і эфектыўнасць гаспадарак уў малочнай галіне за 2025, то КСУП “Міхалішкі”, на мой погляд, стаў бы неаспрэчным лідарам у намінацыі “Прарыў года”. Па надоі ад каровы тут прадэманстравалі самы высокі ў раёне тэмп росту і павялічылі гэты паказчык ад каровы за год на 1 360 кілаграмаў. Вядома, сельгаспрадпрыемству ёсць куды імкнуцца, развівацца і вырашаць узнікаючыя праблемныя пытанні, тым не менш, гэтае дасягненне кіраўніка і калектыву заслуговае ўвагі.
Нагадаю, што дырэктар Вадзім Саковіч летась неаднойчы атрымліваў узнагароды ад Гродзенскага абласнога аграпрамысловага саюза.
Тым не менш, у поле зроку арганізатараў прафсаюзнай акцыі трапляюць не кіраўнікі і спецыялісты, а простыя работнікі фермаў і комплексаў, ад якіх непасрэдна залежыць, ці будуць накормлены жывёлы, падоены каровы і своечасова выпаены цяляты.
Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Юрый Адула падчас кожнага візіту на жывёлагадоўчыя аб’екты стараецца падабраць неабходныя словы менавіта для людзей, якія тут працуюць.

У гэты раз госць разважаў пра доўгі шлях, які робіць малако з фермаў і комплексаў на сталы беларусаў у выглядзе натуральных, смачных і карысных сыркоў, тварагу, смятаны. І ў тым, што айчынная малочная прадукцыя карыстаецца вялікім попытам і ў нас, і за межамі краіны – вялікая заслуга не толькі перапрацоўшчыкаў і маркетолагаў, але і работнікаў жывёлагадоўлі.
Многіх з іх шлях у гэтую галіну сельскай гаспадаркі быў простым, часткова – наканавым: некаторыя, лічы, гадаваліся на ферме, дзе працавалі іх бацькі; іншыя марылі не пра далейшую пасля школы вучобу, а пра ўласную капейчыну… Аператары машыннага даення, жывёлаводы, цялятніцы, слесары, падгоншчыкі, яны хоць і не прывыклі да празмернай увагі і ім складана гаварыць пра сябе, заслугоўваюць увагі, пашаны, гонару. І не толькі ад прафсаюза…
Сёння слова даём самім героям акцыі.
МТК “Маркуны”
Пагалоўе – 1 945, дойных кароў – 821, сярэднясутачны надой – 22 кг
Гэта адзіны комплекс у КСУП “Міхалішкі” і справы тут ідуць нядрэнна: ёсць унушальная прыбаўка па малаку і большасць яго адпраўляецца на перапрацоўку гатункам экстра.

Жывёлавод Сяргей Кавалеўскі:
– Я мясцовы хлопец, з Падваранцаў. У жыцці ўсяго хапала, але яно змянілася, калі пяць гадоў назад прыйшоў на комплекс. І калектыў харошы, і начальніца (лагодна паглядзеў на Святлану Кісель. – Заўв. А.Г) хоць строгая, але справядлівая і талковая.
Вы мяне ўжо другі раз узнагароджваеце! Што сказаць: прыемна!
На комплексе мы, жывёлаводы, кормім жывёлу, сцелім салому, падчышчаем гной, ганяем выяўленых цялушак на асемяненне.
МТФ “Міхалішкі”
Пагалоўе – 232, дойных кароў – 192, сярэднясутачны надой – 13 кг
Словы прызнання гучалі не толькі ў адрас узнагароджваемых, але і загадчыцы фермы Ганны Бернюкевіч, у якой быў дзень нараджэння. Віншаванні гасцей падмацаваліся дружнымі і гучнымі апладысментамі калег.

Аператар машыннага даення Галіна Памецька:
– Ніколі не думала, што буду даіць кароў. Пасля 9 класа Спондаўскай школы паступіла вучыцца на прадаўца ў Камарова, але, як кажуць, не доўга музыка іграла… Памёр бацька, маме патрэбна была падмога – гаспадарку вялікую трымалі…
У 22 гады, як прыйшла на ферму, так і засталася. Ужо 23 гады тут. Цяпер даю 50 кароў і даглядаю 7 цялят.
Ад прафсаюзнай пярвічкі КСУП “Міхалішкі” яе лідар Ірына Мацкела ўручыла даярцы пуцёўку ў санаторый “Нарачанскі”, а таксама паклапацілася пра іншых працаўнікоў: набыла чайнікі і мікрахвалёўкі на ўсе жывёлагадоўчыя аб’екты.

Жывёлавод Анатоль Янчэўскі:
– Усё жыццё на ферме: спачатку ў Каценавічах, апошнія гады – тут. Добра, што нас падвозяць на работу. А то ламай галаву, чым дабрацца ў Міхалішкі ў такія марозы.

Сумесь каровам раздае кормараздатчык, а мой клопат – падсунуць яго, кармушкі пачысціць, ваду жывёле напусціць…
МТФ “Страча”
Пагалоўе – 205, дойных кароў – 166, сярэднясутачны надой – 14 кг
Няўзброеным вокам бачна, што тут працуюць гаспадарлівыя людзі, для якіх чысціня і парадак – не проста словы, а неад’емная частка штодзённага жыцця.
Так званы чырвоны куток даўно не абнаўляўся, тым не менш, тут усё акуратна: ёсць чайнік, халадзільнік, мікрахвалёўка.
Па словах загадчыцы фермы Ірыны Міхновіч, плануюць, калі пацяплее, адрамантаваць бытавыя памяшканні.

Падчас сустрэч з калектывамі Юрый Адула просіць уздымаць і праблемы, каб па меры магчымасцей дапамагчы ў іх вырашэнні. Адзінае, што хвалюе работнікаў МТФ “Страча”, – недахоп рук, часта людзі працуюць без выхадных.
Прафсаюзны лідар абяцаў амеркаваць гэта пытанне з дырэктарам КСУП “Міхалішкі”. Але, думаецца, Вадзім Саковіч у курсе спраў.
Аператар машыннага даення Рыта Лаздоўская:
– На ферме я з 16 гадоў. Можа, і пайшла б вучыцца пасля школы, але пра гэта нават размоў не вялося з-за сямейных абставінаў. Тым больш, мама на ферме была начным вартаўніком.
Цяпер у маёй групе 65 кароў і 4 цяляткі. У моцныя маразы малых з індывідуальных дамкоў, што на вуліцы, перавялі ў крытае памяшканне.
…Люблю работу. Па вялікім рахунку, больш нічога так добра рабіць, як даіць кароў, не ўмею. (Усміхаецца.) Удзячна прафсаюзу, што памятаюць пра нас. Некалькі гадоў назад мне выпаў гонар з працаўніцамі іншых гаспадарак з’ездзіць у Гродна на заключны этап гэтай акцыі. Гэта было неверагодна шыкоўнае свята!

Жывёлавод Тадэвуш Салавей:
– Здаецца, нядаўна бы прыязджалі, а ўжо год мінуў.
На гэтай ферме я з 1991 года, быў жывёлаводам у Страчанцы. Летам кароў пасвім, а зімой кормім. Рабіць гэта, дакладней, падвозіць кармы, нам з хлопцамі дапамагаюць жарабец Орлік і кабыла Дуня.

МТФ “Страчанка”
Пагалоўе – 319, дойных кароў – 163, сярэднясутачны надой – 12 кг
Гэта бадай што адна з самых аддаленых ферм ад райцэнтра. Нягледзячы на такую нязручную лагістыку, жыццё тут ідзе на свой адмысловы размераны вясковы лад.
Аператар машыннага даення Людміла Вайцюль:

– Спачатку працавала на ферме ў Страчы, потым перайшла на страчанскую. Больш за 20 гадоў у сельскай гаспадарцы. У нас, у адрозненне ад комплексаў, у кожнай даяркі свая група. У маёй – 59 кароў. Выдзеліць якую-небудзь адну не магу. І яны мяне добра ведаюць. Не паспею прыйсці на ферму і зайсці ў кароўнік, як чую іх мычанне – кожная хоча, каб яе першую падаіла.
А яшчэ да 3-месячнага ўзросту мы даглядаем цялят. Маю 13 падапечных.
Жывёлавод Леанід Канопкін:

– Вы мне і летась дыплом уручалі, і фатаграфавалі з Марусяй. Аднавяскоўцы потым расказвалі, што бачылі здымак у “раёнцы”. Але з ёй больш не трэба: шкодніца яна – вазы куляе. Лепш з Каштанкай потым здыміце!
Тут гатовы дняваць і начаваць – маё гэта, моцна жывёлу люблю. Працаваў на ферме у Масцянах, пакуль яе не зачынілі, у Страчанцы.
Кармы развозім на кабылах. Грузім уручную. За дзень атрымліваецца каля 9 вазоў. Для мяне гэта звыклая работа!
***
…Акцыя “Наш жывёлавод” працягне радаваць вяскоўцаў падарункамі і добрым настроем. На чарзе – КСУП “Гудагай” і “Гервяты”.








