Хтосьці трапна назваў рапс чорным золатам і не памыліўся. Гэтая мянушка цалкам апраўдвае эканамічны эфект ад вырошчвання крыжакветкавага, і ў апошнія гады культура не траціць сваёй рэнтабельнасці… Гэта ведаюць і хлебаробы КСУП “Варняны”, якія адны з першых у раёне пачалі выбарачна абмалочваць рапс.
Уздоўж дарогі, якую большасць жыхароў нашага раёна называюць “атамнай”, “плыла” хлебаўборачная машына. Так, думаю, здавалася не толькі мне, але і вадзіцелям, якія праязджалі міма. На справе, аказваецца, не ўсё так прыгожа і рамантычна – трэба мець майстэрства, каб акуратна і без страт вымалаціць гэтую культуру. Гэтым і займаўся Уладзіслаў Млынкоўскі.
Смак камбайнерскага хлеба малады мужчына ведае са школьнай парты, калі штолета дапамагаў бацьку зжынаць саспелую збажыну на неабсяжных варнянскіх палях. Сёлета родныя людзі памяняліся месцамі: сын – за старэйшага камбайнера, а тата яму дапамагае. З блізкім чалавекам, думаецца, працаваць прасцей.
– Маеце рацыю, – усмешкай пацвердзіў маю здагадку механізатар. – Хоць самастойна на камбайне працую 7-мы сезон, усё ж у бацькі вопыту больш. Гэта жніво распачалі з абмалоту свірэпіцы на зерне, затым перайшлі на азімы, а потым на яравы ячмень. Падаспеў і рапс. Яго пасевы, калі глядзець з дарогі, выглядаюць даспелымі, а зрабілі некалькі праходак – і расліны стаяць з зелянкавым сцяблом. Відаць, давядзецца папрацаваць качаргой.
Злавіўшы мой здзіўлены позірк, камбайнер растлумачыў:
– У такіх выпадках забіваецца грохатная дошка, а значыць будуць страты ўраджаю. Чысцім яе спецыяльнай прыладай, якую хлебаробы называюць качаргой. Выкарыстоўваем і металічныя шчоткі.
Але камбайн вытворчасці “Гомсельмаш” моцна не падводзіць свайго гаспадара, чырвонага прыгажуна малодшы Млынкоўскі атрымаў летась. Хоць на хлебаўборачную машыну прэтэндавалі два механізатары, але падкінутая манета расставіла кропкі над “і”.
Яшчэ адзін сямейны тандэм, праўда, з ліку прыцягнутых, шчыруе на варнянскім жніве. Сын і бацька Праўлуцкія з Завельцаў другі год дапамагаюць аграрыям гэтай гаспадаркі адвозіць збожжа і рапс з поля да зернесушыльных комплексаў.
– Мы працуем на сябе. Шмат гадоў бацькі трымалі вялікую гаспадарку, якую потым прадалі. На выручаныя грошы тата набыў МАЗ, некалькі сезонаў даў мне папрацаваць на ўборцы – так я зарабіў на ўласны “дваццацітоннік”, – расказаў Максім. – Мы, як і хлебаробы, да позняй восені ў полі. Пакуль жніво не пачалося, вазілі траву на сянаж, а калі скончыцца – пачнецца кукуруза.
Пачатак уборкі крыжакветкавага па полі кантраляваў галоўны аграном КСУП “Варняны” Іван Дзенюш. Рапс на гэтым полі стаяў суцэльнай сцяной. Пацікавілася ў тэхнолага палёў, ці залежыць ураджайнасць гэтай культуры ад развітасці масы і памераў расліны.
– Рапс павінен быць не высокі, а разгалінаваністы. Гібрыды звычайна вырастаюць не больш за 1,30 метра, а мы вырошчваем сорт “зеніт” беларускай селекцыі – ён больш рослы. Восенню і вясной уносілі рэгулятары росту, – патлумачыў галоўны аграном. – Калі збожжа даспявае раўнамерна, то рапс – не. І галоўнае – не прагадаць з тэрмінамі яго ўборкі.
…Аграрыі раёна, у тым ліку КСУП “Варняны”, трымаюць руку на пульсе жніва. Тут паралельна з яравым ячменем абмалочвалі і рапс, які, верыцца, сёлета апраўдае сваю мянушку і стане для варнянскіх хлебаробаў сапраўдным чорным золатам.








