Главная » Новости » Лента новостей

Калі ўраджай дае добрыя ўсходы

154

З раніцы і да позняга вечара камбайнер РСУП «саўгас «Лідскі» Вячаслаў Каналош з сынам Ільёй у полі – у сёлетняе няпростае жніво выкарыстоўваюць кожную пагодлівую хвіліну, каб сабраць як мага больш спелага зерня. Услед за камбайнам бярэцца за справу другі сын Аляксандр: на прэс-падборшчыку заварочвае салому ў цюкі або на трактары адвозіць іхсалома для гаспадаркі таксама стратэгічны запас. Тым часам на зернетаку старэйшы брат Адальберт Каналош на магутным «Амкадоры» буртуе зерне – яго трэба добра прасушыць перад адпраўкай на ААТ «Лідахлебапрадукт». А яго сын Кірыл, студэнт аграрнага ўніверсітэтабудучы аграном-хімік, сочыць за ўнясеннем у пасевы ўгнаенняў і мікраэлементаўзакладвае асновы добрых кармоў і будучага ўраджаю. Асаблівае стаўленне да зямлі, працы і хлеба ў гэтай сям’і. Ідзе яно ад самых каранёў, бацькоў і дзядоў, якія жылі, вырошчвалі хлеб і таксама да сёмага поту працавалі на гэтай зямлі.

 

Старэйшы ў гэтай сям’і – Адальберт Каналош. Працаваць у гаспадарку прыйшоў адразу пасля службы ў арміі, у 1989 годзе. Яго малодшы брат Вячаслаў і ўвогуле – да арміі, у 1991 годзе. Браты гавораць, што іншых прафесій не шукалі, у горад не рваліся. З дзяцінства былі з бацькам у полі. Мама працавала даяркай. Прывыклі да вёскі, не баяліся ніякай працы і ўсю яе ведалі. Але галоўнае – любілі родную зямлю і былі прывязаныя да яе каранямі.

Абодва ажаніліся і з сем’ямі абаснаваліся тут жа, у Дворышчы. Атрымалі ад калгаса дамы, у якіх выраслі і іх дзеці. У абодвух братоў вялікія сем’і. У Вячаслава пяцёра дзяцей: двое сыноў і тры дачкі. У Адальберта – чацвёра: два сыны і дзве дачкі. У абодвух вялікія прысядзібныя ўчасткі, гаспадаркі... Моцна стаяць людзі на зямлі.

Сыны Вячаслава працуюць побач з бацькам. Адзін – на трактары, прасуе і адвозіць салому, уносіць хімію. Другі, праўда, яшчэ вучыцца ў Лідскім каледжы, але на канікулах пайшоў у памочнікі да бацькі на камбайн. Штораніцы ідзе з ім на працу, рана ўстае, позна кладзецца. Не стогне, не жаліцца.

– Ураджай сёлета вырашчаны добры, але ўборка даецца цяжка. Выедзем, па бункеру намалоцім – і дождж, – кажа Вячаслаў Каналош. – Я кожны сезон на ўборцы, бачыў усякае, але такога дажджлівага лета не памятаю.

Адальберт Каналош у гаспадарцы 35 гадоў, і ўвесь час – на трактары. ”Праца цяжкая, але ў нас ужо выпрацаваны рэфлекс, – кажа ён. – Субота, нядзеля – у горадзе выхадны, а нам не ляжыцца ў хаце”.

– Падчас нарыхтоўкі кармоў я працую таксама і на «Ягуары 870». А гэта з 6-7 раніцы і да позняга вечара, – кажа Адальберт Каналош. – Кармоў сёлета заклалі вельмі шмат і якасна. У першы і другі ўкос выканалі план. Зарплата годная: 4 тысячы ў летні сезон, узімку выходзіць таксама нядрэнна – пад 3 тысячы. Але працаваць шмат трэба, часам без выхадных.

У сельскай гаспадарцы можна працаваць, упэўнены Адальберт Каналош. Галоўнае – не ленавацца. Нажаль, сучасную моладзь не прыцягнуць на вёску.

Аднак сыну Адальберта Адальбертавіча, Кірылу, цяга да зямлі ўсё ж перадалася. Ён студэнт 4 курса Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, зараз праходзіць практыку ў роднай гаспадарцы.

Малады чалавек прызнаецца, што прафесію пасля школы выбіраў свядома. З дзяцінства бачыў, як працуе бацька, і ніякіх цяжкасцяў не баяўся. «Няма ў мяне ніякіх перашкод!» – упэўнена кажа Кірыл.

– У дадзены момант адказваю за хімію: хімпраполкі, унясенне мікраэлементаў. У гаспадарцы стараемся прытрымлівацца тэхналогій. Праца падабаецца. Пасля заканчэння ВНУ ў мяне будзе служба ў арміі і размеркаванне. У будучым разлічваю вярнуцца ў Дворышча і працаваць у сваёй гаспадарцы. Увогуле, хачу падзякаваць дырэктару “саўгаса “Лідскі” Дзмітрыю Васільевічу Кахаўцу за створаныя ўмовы для праходжання маёй практыкі, за тое, што сустрэлі і прынялі мяне ў калектыў вельмі добра. Пры ўзнікненні розных пытанняў мне давалі парады і рэкамендацыі работнікі і спецыялісты, уключаючы самога Дзмітрыя Васільевіча. Мы адразу знайшлі паразуменне, у выніку – усё рабілася своечасова і без памылак. У такі калектыў і да такога дырэктара сапраўды хочацца вярнуцца працаваць.

У Кірыла пакуль сям’і няма, ды і сэрца свабоднае. Верым, што такому добраму маладому чалавеку і дзяўчына добрая сустрэнецца.

– Трэба, каб у вёсках дамы будавалі, – кажа ён. – Я, напрыклад, за тое, каб застацца ў сельскай мясцовасці. І іншыя, думаю, пацягнуцца, калі будзе перспектыва атрымаць жыллё.

Нядзіўна, што ўраджай у «Лідскім» вырашчаны нядрэнны. Ён і будзе даваць добрыя ўсходы, пакуль на зямлі стаяць такія людзі, як Каналошы, для якіх праца на ёй – не проста прафесія, а лад жыцця.

 

По материалам «Лідскай газеты»

Текст Ольга Яхонтова

Читайте также: