Главная » Новости » Лента новостей

Калі працавітасць у характары

317

– Мой самы любімы занятак быў – зямлю араць. Глянеш у далячынь, думаеш: “Недарэмна стараўся. Вокам не ахопіш абсяг, дзе мой трактар прайшоў, рыхтуючы ўчастак пад сяўбу”. Добрае ворыва – гэта ж вельмі важная частка работы для выдатнага выніку. Пасля яго зерне ў глебу ляжа, а затым не агледзішся – ураджай убіраць, – казаў у размове з журналістам былы механізатар калгаса імя Куйбышава Аляксандр Аляксандравіч Майніч.

А нагода для сустрэчы з ветэранам працы была вельмі прыемная. У раёне працягваюцца ўшанаванні з юбілейнымі днямі нараджэння тых працаўнікоў, якія некалі ўнеслі значны ўклад у развіццё сельскай гаспадаркі раёна і былі адзначаны дзяржаўнымі ўзнагародамі. Старшыня райвыканкама Аляксандр Вярсоцкі асабіста прыязджае ў вёску, каб павіншаваць чалавека і ўручыць яму Ганаровую грамату райвыканкама. Мерапрыемствы з нагоды ўшанавання юбіляраў, як правіла, арганізоўваюцца на базе мясцовых дамоў культуры. Нельга сказаць і яшчэ пра адну асаблівасць – такія імпрэзы заўсёды праходзяць цёпла, душэўна.

Усё сказанае вышэй адносілася і да мерапрыемства, якое адбылося на мінулым тыдні. Аляксандра Майніча з 80-годдзем шчыра віншаваў кіраўнік раёна Аляксандр Вярсоцкі. Уручаная ім Ганаровая грамата Лідскага райвыканкама далучылася да ўзнагарод, якімі ў свой час за старанную працу быў адзначаны Аляксандр Аляксандравіч: ордэна Працоўнай Славы ІІІ ступені і медаля “За працоўную доблесць”. Таксама руплівы працаўнік па выніках работы заносіўся на Дошку пашаны гаспадаркі, яму былі ўручаны пасведчанне і значок “Ударнік камуністычнай працы”.

Добрыя словы ў адрас юбіляра выказаў і старшыня прафсаюзнай арганізацыі аграпрамысловага комплексу Лідскага раёна Аляксандр Марсаў (акрамя таго, ён ад прафсаюза падараваў віноўніку ўрачыстасці мікрахвалевую печ). Віншавалі таксама Аляксандра Аляксандравіча на мерапрыемстве з нагоды юбілею старшыня Беліцкага сельскага Савета Марына Говар і дырэктар КСУП “Пескаўцы” Вольга Наройчык. Музычныя падарункі падараваў юбіляру калектыў філіяла “Беліцкі Дом культуры”.

 

Прыемным момантам для віноўніка ўрачыстасці стала пасля завяршэння афіцыйнай часткі агульнае чаяванне за салодкім сталом разам з кіраўніком раёна і прысутнымі. Шчырая размова, якая вялася, падштурхнула Аляксандра Аляксандравіча ўзгадаць пражытыя гады свайго жыцця. Дадатковым акордам у гэтым стала наведанне музея філіала “Беліцкі Дом культуры”, у якім сабрана вялікае мноства бытавых сельскагаспадарчых прылад працы. Аказалася, практычна ўсе яны захаваліся і ў гаспадарцы Аляксандра Майніча. Як жа раней было без іх абыйсціся, калі ты добры гаспадар?

Дарэчы, пражывае Аляксандр Майніч на хутары Збляны, дзе жылі яго бацькі, і дзе ён сам нарадзіўся. Пасля вучобы ў школе Аляксандр скончыў курсы трактарыстаў і атрымаў адпаведнае пасведчанне. Аднак у мясцовым калгасе (тады ён называўся “Гігант”) палічылі, што маладому хлопцу давяраць тэхніку рана. На той час якраз ішло асваенне цалінных земляў, і Аляксандр Майніч адправіўся пакараць цаліну (вельмі ж ужо хацелася працаваць на трактары і паказаць сябе ў справе). Адтуль хлопец прызываўся ў армію на тэрміновую службу. Пасля яе заканчэння вярнуўся сюды ж на працу. І невядома як злажыўся б лёс у Аляксандра, калі б бацькі не пачалі клікаць яго вярнуцца дадому. У сям’і Майніч было пяць сыноў. Яны раз’ехаліся з роднай хаты і ўсе, акрамя Аляксандра, жылі ў горадзе. Менавіта яго бацькі вырашылі зрабіць сваім наследнікам. Маўляў, Саша самы здольны і ахвотны да сельскай працы, няма сумнення, што ён не толькі захавае, але адновіць сядзібу, прымножыць гаспадарку.

Так яно і сталася. Аляксандр Аляксандравіч вярнуўся на Лідчыну. Ён уладкаваўся на працу ў калгас, дзе ставіў працоўныя рэкорды на мясцовых палетках: на трактары – падчас выканання работ па закладцы асноў і догляду будучага ўраджаю, на камбайне – у час жніва. Шчыраваў і на ўласным падвор’і. У 1968 годзе Аляксандр Аляксандравіч ажаніўся. Пазнаёміўся ён з дзяўчынай з Дзятлаўскага раёна па перапісцы, калі служыў у арміі, і, як прызнаецца, ніколі не пашкадаваў ад сваім выбары. Галіна Фёдараўна – добрая жонка, маці, гаспадыня. Працавала яна паляводам у мясцовым калгасе, затым была назначала звенявой. Мае медаль “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва”.

 

Працавітасць бацькоў перадалася іх дзецям. Больш таго, сын Аляксандр пайшоў па шляху бацькі і ўжо 35 гадоў працуе трактарыстам. Аляксандр Майніч-старэйшы вельмі станоўча ўспрымае той факт, што было каму пераняць яго працоўную эстафету.

У гутарцы з журналістам Аляксандр Аляксандравіч згадаў, што на пенсіі, калі з’явілася больш свабоднага часу, адзін з яго заняткаў – чытаць кнігі. “Шкада, што перасоўная бібліятэка з Ліды прыязджае толькі ў вёску Збляны, а да нас на хутар Збляны не наведваецца. Хочацца, каб вырашылася гэтае пытанне”, – выказаў пажаданне суразмоўца.

 

Журналіст звязалася з намеснікам дырэктара Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы Аленай Быстрыцкай і пераказала сутнасць просьбы. “Мы далучаемся да віншаванняў юбіляра! – апавядала на гэта Алена Адамаўна. – Хутар Збляны ахвотна ўключым у маршрут нашага бібліёбуса, і ўжо ў пачатку мая завітаем да Аляксандра Аляксандравіча”.

 

По материалам «Лідскай газеты»

Текст Людмила Петрулевич

Читайте также: